Авторизация
 

Бібліятэчная сістэма Міёршчыны: шлях да кнігі ніколі не будзе бязлюдным

 Кнігі, напачатку рукапісныя, у нашай мясцовасці з’явіліся даўно. Самая вядомая – «Евангелле» 16 стагоддзя з вёскі Мікалаёва. Большасць старадрукаў – рэлігійная літаратура, якую выкарыстоўвалі пры богаслужэннях і напачатку захоўвалі ў храмах і манастырах.

З пашырэннем адукацыі кніга стала звычайнай у шляхецкіх маёнтках: вялікія і разнастайныя зборы стваралі ўладальнікі Лявонпаля, Камянполля, Дзедзіна, Міжрэчча, Забалацця. Не толькі падручнікі былі ў школах, а першая згадка пра вучэльню ў Дзісне адносіцца да 1775 года. Вядома, што ў 1870-х гадах згарэла бібліятэка Дзісенскага немаўляцкага брацтва, а на пачатку 20 стагоддзя гэты павятовы цэнтр меў ужо дзве публічныя бібліятэкі. Адна з іх – на другім паверсе народнага Дома цвярозасці – праіснавала да 1939 года, загадвала ёй Л. Ігнатовіч. Дзейнічала некалькі невялікіх бібліятэк у сельскай мясцовасці.


З прыходам Саветаў адчыніліся бібліятэкі ў Волкаўшчыне, Лявонпалі, Чэрасах, Свярдлах і іншых населеных пунктах. Толькі ў межах былога Міёрскага раёна ў перадваенны час дзейнічала 12 хат-чытальняў, асабліва актыўна – у Пераброддзі, дзе арганізоўвалі лекцыі і даклады, ставілі п’есы, давалі канцэрты, штомесяц выпускалі насценгазету.


Да канца 1944-га, праз паўгода пасля вызвалення, у Міёрскім раёне ўжо працавала 16 хат-чытальняў і раённая бібліятэка. Па звестках Глыбоцкага архіва, у студзені 1945-га ў ёй памянялася загадчыца, хаця афіцыйна часам стварэння лічыўся лістапад пераможнага года. Бібліятэка займала невялікі пакой у будынку пракуратуры на вуліцы Кастрычніцкай, мела каля 200 кніг і прыкладна 60 чытачоў. З абсталявання – два стэлажы, шэсць крэслаў і стол. Загадчыцай працавала Станіслава Валеўка, бібліятэкарам – Вольга Крыштапёнак.


Дзісенская раённая бібліятэка арганізавана ў 1946 годзе ў будынку райкама партыі, загадваў ёй Віктар Ганчароў. У адной шафе захоўвалася 800 кніг, якія трапілі сюды з Полацкай абласной бібліятэкі, з горада Баку і паўднёвых рэспублік СССР, частку падарылі чытачы. У 1948-м тры аднабаковыя стэлажы размясцілі ў невялікім халодным памяшканні ў восем квадратных метраў у будынку райвыканкама. У такіх умовах да 1950 года працавала Марыя Лабасава. Пазней загадвала гарадской бібліятэкай у больш зручным памяшканні Ірына Пугачэўская. У 1956-м гэтыя бібліятэкі аб’ядналі, агульны фонд склаў 30 680 кніг і часопісаў. У 1962-м далучылі дзіцячы аддзел, які ў 1966-м стаў самастойнай Дзісенскай дзіцячай бібліятэкай.


У 1947-м Міёрскую раённую бібліятэку ўзначаліла Марыя Данілава, былая першая загадчыца аддзела культуры. Кніжны фонд папаўняўся з Полацкага бібкалектара, куды работнікі ездзілі самі, і за кошт падарункаў чытачоў. Тады ж была адноўлена бібліятэка ў Павяцці, у 1949-м – Дворнасельская, Новапагосцкая, Завуццеўская, Астраўская, Істаўская, Слабадская. У 50-я гады ўтвораны Наўгародская, Сіцькоўская, Папшулёўская, Даўгінаўская, Узмёнская, Крукаўская, Чэраская, Мікалаёўская, Карэнікаўская, Дрыгуцкая, Фурсянская, Любіноўская і Міёрская дзіцячая. У 60-я – Цвецінская, Шарагоўская, Камянполлеўская.


 У 1959-м Міёрская раённая бібліятэка заняла цэлы будынак (не захаваўся) на вуліцы Новай, цяпер гэта Камуністычная. Там былі пакой для абанементу з адкрытым доступам да кніжных паліц і чытальная зала. Да 1962-га створана 16 перасовак. Тады ж пачалі карыстацца міжбібліятэчным абанементам. Шмат сіл працы з кнігамі і наведвальнікамі аддалі метадыст Мая Шчалканава, загадчык аддзела абслугоўвання Галіна Путрукевіч, гаспадыня чытальнай залы Анфіса Цімафеева.


11 мая 1978 года раённы Савет народных дэпутатаў прыняў рашэнне № 121 «Аб цэнтралізацыі сеткі дзяржаўных масавых бібліятэк раёна». 15 снежня яе закончылі, кніжны фонд абагулілі, штат аб’ядналі, адміністрацыйна-гаспадарчае кіраўніцтва размясцілася на базе раённай бібліятэкі. Сістэма ўключала Міёрскія цэнтральную і дзіцячую бібліятэкі, Дзісенскія гарадскую і дзіцячую, 56 сельскіх філіялаў. Гэтую гаспадарку дзесяць гадоў узначальвала Зінаіда Альхоўка, якая да таго загадвала бібліятэкай пры парткабінеце райкама партыі.


Цэнтралізацыя мела пазітыўныя моманты. Найперш, утварыліся новыя аддзелы (абслугоўвання і інфармацыі, камплектавання і апрацоўкі кніжнага фонду, метадычны), потым стабільна павялічваліся кніжныя фонды, яны сталі больш эфектыўна выкарыстоўвацца, палепшылася абсталяванне мэбляй, умацавалася метадычнае кіраўніцтва.

Чытайце цалкам у № 4 раённай газеты.

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА і з архіва раённай бібліятэкі.

Леанід МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 24 июня 2021
Мария, Ефрем

Именины 23 июня 2021
Александр, Алексей, Андрей, Василий, Герасим, Иван, Игнатий, Илья, Иннокентий, Кузьма, Макар, Николай, Павел, Тимофей, Анна, Антонина, Семен

Госці краін

free counters
Партнеры сайта