Авторизация
 

Шлях нашага земляка Мікалая Даргеля да храма быў няпростым

 Я, Мікалай Мікалаевіч ДАРГЕЛЬ, нарадзіўся 14 студзеня 1941 года ў вёсцы Дварышча Новапагосцкага сельсавета Міёрскага раёна, Вілейскай на той час вобласці ў сялянскай сям’і.

Вёска
і радавод

Населены пункт, што стаў маёй маленькай радзімай, хутчэй за ўсё, заснаваны ў 17-м стагоддзі, калі не раней. Верагоднае паходжанне назвы: непадалёку – у Біруках – знаходзіўся панскі двор, тут жылі парабкі, што яго абслугоўвалі. Адсюль удакладняючае двайное імя, якім працяглы час карысталіся – Дварышча-Біруцкае. Дарэчы, апошнім уладальнікам маёнтка быў Міраслаў Задора-Цішэўскі, які ў 1938 годзе ўзнагароджаны залатым Крыжам Заслугі за ўклад у грамадскія справы.

Чуў, што пасля адмены прыгонніцтва тутэйшыя сялянскія сем’і атрымалі значныя зямельныя надзелы, каля 25 дзесяцін кожная. Але такія ўгоддзі многія не маглі самастойна апрацоўваць, таму перадавалі іх у арэнду пану, а самі ішлі ў парабкі па заробкі. Іншыя зусім прадавалі зямельку і з’язджалі ў гарады.

Мілае майму сэрцу Дварышча размяшчалася на двух пагорках у зеляніне садоў і старых разгалістых дрэў за вярсту ад старадаўняга бальшака, старажытнага бору і панскай сядзібы, якой хутка не стала. У пасляваенны час у вёсцы налічваліся 33 хаты і 123 жыхары, надзвычай далікатныя і тактоўныя. Працавала пачатковая школа для малышні з усяго наваколля. Кожныя суботу і нядзелю ладзіліся вечарыны для моладзі, дзе спявалі, танцавалі і ігралі спектаклі. Шкада, што ўсё засталося толькі ва ўспамінах.

Пра сябе

У тры гады я стаў галоўным памочнікам маці, бо бацька быў на вайне. Даглядаў курэй і парася. Потым маёй асноўнай задачай стала прывесці раніцай каня з поля, а вечарам адвесці яго да табуна, які пасвілі старэйшыя хлопцы. Маці ўвесь час займалася апрацоўкай нашай зямлі, бо з гэтага жылі. Хапала ёй клопатаў і дома.


Працягвалася вайна, пра жорсткія баі ведалі нават мы, малыя. Дарослыя маліліся, каб ён наблізіў мір і захаваў жыццё нашым родным. Але то ў адну, то ў другую вёску ці хату прыходзілі пахаронкі, пра іх сведчыў разрываючы сэрцы лямант. І я кожны вечар перад сном падыходзіў да абразоў і прасіў Божаньку прынесці майго татку. Гэтаму навучыла мяне бабуля Мартуся. Бацька, калі вярнуўся ў кастрычніку 1945-га, казаў, што ў душы заўсёды быў упэўнены, што не загіне. Яго нават не параніла. Хаця як артылерыст у складзе Першага Украінскага фронту браў Сандамірскі плацдарм, фарсіраваў Одар і Нейсе, граміў нямецкія войскі ля Опельна, штурмаваў Брэслау, Дрэздэн і Берлін, вызваляў Прагу. За гэта чырвонаармеец Мікалай Мікалаевіч Даргель адзначаны Падзякай і Граматай Галоўнакамандуючага, узнагароджаны медалямі «За адвагу», «За ўзяцце Берліна», «За вызваленне Прагі», «За перамогу над Германіяй…», а потым – ордэнам Айчыннай вайны другой ступені і мноствам юбілейных медалёў.

Я вельмі ўдзячны бацьку і маці Любові Пятроўне за сямейнае цяпло ў маленстве. І потым імкнуўся прыехаць да іх хоць на колькі дзён, каб набрацца душэўнай моцы. Як яны аслабелі, забраў іх да сябе, акружыў увагай і цяплом.
Пачатковую школу скончыў у роднай вёсцы ў 1952 годзе, затым была сямігодка ў Волкаўшчыне. Чатыры кіламетры да яе летам адольвалі на роварах, а зімой – напрасткі на лыжах. Як здараліся завеі ці адлігі, ішлі праз гурбы пешшу. Прыходзілі змучаныя і ўзмакрэлыя, але імпэту хапала на ўсё.


У сямігодцы я вучыўся добра і меў намер атрымаць сярэднюю адукацыю, а потым набыць добрую рабочую спецыяльнасць – стаць токарам. Сярэдняя школа ў Новым Пагосце была за сем вёрст ад роднай вёскі. А дырэктар і завуч нашай сямігодкі настойліва рэкамендавалі пайсці вучыцца ў Друйскі будаўнічы тэхнікум, які за 36 вёрст. Супраць гэтага паўстала ўся мая істота. Сабраў дакументы ў сярэднюю школу, а ў галаве пачала круціцца неадчэпная думка: вязі іх у Друю. Не спаў ноч, другую, трэцюю. І здаўся незразумеламу націску, паехаў у тэхнікум, здаў уступныя экзамены. Вярнуўся дадому і стаў чакаць далейшых падзей. Неўзабаве прыйшло паведамленне, што я залічаны, на заняткі трэба з’явіцца 1 верасня, аднак не ў Друйскі тэхнікум, яго ліквідавалі, а ў Віцебскі будаўнічы. Зноў разгубленасць і перажыванні ў мяне і бацькоў – трэба ехаць у незнаёмую далячынь недасведчанаму вясковаму падлетку.
Пасля доўгіх ваганняў і маміных слёз бацькі цвёрда сказалі: трэба ехаць, што мяне не надта абрадавала.


 Пасляваенны Віцебск, у якім заставаліся неадноўленыя ваенныя руіны, сустрэў грукатам трамвая і аўтамашын, людской мітуснёй і вялізнымі чэргамі ў крамах за хлебам і іншымі простымі харчамі. Да ўсяго гэтага давялося прывыкаць, як і да насычанай вучэбнай праграмы. Пашанцавала толькі ў тым, што ўсіх прыезджых пасялілі ў інтэрнат. Пачаліся студэнцкія дні, месяцы і гады. Паступова мы ўваходзілі ў рытм, пачалі падзарабляць на практыках – з’явілася невялікая фінансавая ўпэўненасць. Пасля трох гадоў вучобы нашу групу перавялі ў Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум, які мы скончылі ў 1959 годзе, калі мне было ўжо 18.


На працу накіраваны ў Маладзечанскі будаўнічы трэст № 14 абласнога падпарадкавання. Адсюль быў прызваны на ваенную службу. Трапіў у інжынерныя войскі ў Краснаярскі край. Усходняя Сібір, вакол тайга, Саянскія сопкі і маляўнічая рака Кан. Калі зімой мароз быў за 40, займаліся ў казарме, у астатні час будавалі. Калі летам спёка перавышала 40, праца не спынялася. Узводзілі важныя дзяржаўныя аб’екты, дысцыпліна, тэхнічная і ваенная, была строгая. Таму за тры гады службы хлопцы мужнелі не толькі фізічна, але і маральна, станавіліся спецыялістамі. Мне даводзілася кіраваць будаўнічымі працэсамі, вучыць салдат справе, такім чынам і сам набіраўся жыццёвага вопыту у няпростых умовах. Мы знаходзіліся далёка ад населеных пунктаў, акрамя казармы і ўзводзімых аб’ектаў нічога не бачылі. Суцяшалі сябе тым, што першым палітвязням з вялікімі тэрмінамі зняволення адразу пасля вайны пачынаць тут было яшчэ горш, а яны забяспечылі размяшчэнне цэлай дывізіі!

Пасля
службы

З 1964 па 1982 год жыў і працаваў у горадзе Ліда на Гродзеншчыне. У трэсце № 19 прайшоў шлях майстра, прараба, галоўнага тэхнолага трэста, начальніка будаўнічага ўпраўлення. Прымаў удзел ва ўзвядзенні самага буйнога ў СССР Лідскага лакафарбавага завода, розных прамысловых і грамадскіх аб’ектаў. Узначальваў прафкам трэста, быў абраны членам Гродзенскага абласнога і Беларускага рэспубліканскага прафсаюза работнікаў будаўнічай галіны. Калі скончыў Беларускі політэхнічны інстытут у 1974-м, працаваў інжынерам аддзела капітальнага будаўніцтва, а затым намеснікам дырэктара па капітальным будаўніцтве завода «Оптык», які падпарадкаваўся саюзнаму міністэрству.


У 1982-м з сям’ёй перабраўся ў Маладзечна. Працаваць пачаў у сістэме «Маладзечнасельбуда», былым трэсце № 14, які аб’ядноўваў 15 будаўнічых арганізацый і вёў работы ў шасці раёнах. Акрамя гэтага потым узводзіў пасёлкі і прамысловыя аб’екты ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях для перасяленцаў з Чарнобыльскай зоны. На яго рахунку нямала піянерскіх лагераў і санаторыяў у Нарачанскай, Радашковіцкай, Ракаўскай і Мінскай зонах. Вось гэтымі і іншымі аб’ектамі займаўся ў якасці галоўнага інжынера, начальніка СПМК, а з 1986-га – галоўнага інжынера трэста. Ужо на пенсіі вярнуўся да кіраўніцтва Маладзечанскай СПМК, але небяспечная хвароба прымусіла з 2005-га больш сур’ёзна заняцца ўласным здароўем.


Пэўны час прыстасоўваўся да новага, інвалідскага жыцця. Але потым па закліку душы і сэрца на грамадскіх пачатках узначаліў будаўніцтва Свята-Успенскага сабора. Будаўніцтва храма таксама вялося ініцыятыўна, сіламі вернікаў. Зноў арганізоўваў справы, вучыў людзей, тут спатрэбіўся ўвесь мой будаўнічы і жыццёвы вопыт. Цяпер прыемна прайсці міма гэтага майго апошняга аб’екта – храм ззяе веліччу і хараством.

 Вершы нараджаюцца
нечакана

Мая праца была далёкая ад лірыкі, дапамагаў людзям рабіць жыццё лепшым. Ніколі не думаў, што стану пісаць вершы. Але ў другой палавіне 80-х надоўга трапіў у шпіталь. А чалавеку, які ўсё жыццё напружана працаваў, няма нічога страшнейшага, чым застацца без занятку. Вось тут пачаў нешта «майстраваць». Потым паважаныя мной людзі ўзялі з мяне слова, што вершы надрукую. Першы зборнік – «Тебе поклон, мой дом родимый» – пабачыў свет у 2001 годзе. Наступны «Грустинка в тишине» нарадзіўся ў 2004-м, «О, Русь ты Белая моя!» з’явіўся праз два гады. «Душы стамлёнае парывы» пазначаны 2010-м, «Но мы пока ещё «гусары» – 2016-м. І цяпер поўняцца белыя аркушы новымі рыфмаванымі радкамі.

Полную версию читайте в № 2 районной газеты, электронный вариант тут.

Фотаматэрыял з уласнага архіва аўтара.
З павагай Мікалай ДАРГЕЛЬ.
Маладзечна, лістапад 2019-га.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 16 апреля 2021
Никита

Именины 15 апреля 2021
Георгий, Григорий, Ефим

Госці краін

free counters
Партнеры сайта