Авторизация
 

Сведкам перамен стаў брыгадзір з "Парыжскай камуны" Васіль Граноўскі

 Самы вялікі сад сярод вёсак усёй ваколіцы калісь быў у Юнцах. Адных яблынь Васіль ГРАНОЎСКІ меў 120, а яшчэ вішні, слівы, пладовыя кусты, копанку з карасямі. Любіў і ўмеў займацца гэтай справай, перапісваўся з такімі ж апантанымі садаводамі. Меў вялікую і гасцінную сям’ю. Пакуль паблізу не было клубаў, у яго хату на вечарыны нярэдка збіралася моладзь з наваколля, танцавала да світання. Гаспадар пад настрой мог нагадаць пра мінулае: служыў у польскай арміі ў 20-х гадах, потым стаў палітвязнем – вёў с вяскоўцамі размовы пра нібыта добрае жыццё ў Саветах. За гэта трапіў у знакамітыя Лукішкі ў Вільні, там пазнаёміўся з самім Прытыцкім. Добра, што варшаўскія аграномы, якія вялі агравучобу сялян на базе дагледжанай сядзібы Цітовічаў у Крыштулях, потым пацвердзілі: юнцаўскі Граноўскі найперш старанны гаспадар. Толькі аднаго старання, каб у складаны час вялікіх перамен выбіцца з беднасці, было недастаткова. Жыў, як і большасць суседзяў, толькі вылучаўся сярод іх грамадскай актыўнасцю. Таму яго абралі старшынёй першага невялікага калгаса з сялян дзвюх вёсак.

Пра той і больш позні час, пра сябе расказаў сын – 82-гадовы Георгій Васільевіч Граноўскі, цяпер старажыл Блажкаў.

– У нашай мясцовасці калектывізацыя пачалася яшчэ ў даваенны час, у суседніх Свярдлах быў утвораны калгас «Парыжская камуна». Адрадзіўся ён у канцы 40-х. Лета 1949-га стала неспакойным для іншых вёсак – масавая калектывізацыя разгортвалася з агітацыі, сходаў пры ўдзеле прадстаўнікоў раёна і нават міліцыі. Пад такім націскам сяляне Падгайцаў і Юнцаў неўзабаве аб’ядналіся ў калгас «Герой працы». Першым старшынёй абралі майго бацьку. Канахі тады – вялікі і бедны населены пункт, там нават на агароды не хапала зямлі. Аднак станавіцца калгаснікамі людзі не жадалі. Толькі позняй восенню Канахі, Картавы і Марозькі аб’ядналі ў сельгасарцель «Слава».


Наша сям’я была незаможнай, на ўсіх не хапала абутку і адзення. Зведаў, што такое хадзіць у дзеравянніках, памятаю, што мне і сястры пазней пашылі паліто з бацькавага шыняля. – Таму я пайшоў у Дворнасельскую школу толькі ў дзевяць гадоў, скончыў усяго пяць класаў. Потым пачаў працаваць. У калгасе хадзіў за плугам і бараной, касіў і вазіў, звеннявым вырошчваў кукурузу, выконваў іншыя работы. Быў ударнікам працы, прымаў удзел у раённай справаздачна-выбарчай камсамольскай канферэнцыі, ездзіў на абласную ў Маладзечна. Там упершыню на ўласныя вочы пабачыў знакамітага ўдзельніка нацыянальна-вызваленчага руху Прытыцкага, пра якога нямала расказваў бацька.


6 чэрвеня 1956 года мяне прызвалі на ваенную службу. Пачыналася яна ў лагеры ўнутраных войск на Украіне. Але неўзабаве туды наведаліся вайскоўцы з зялёнымі пагонамі. Пасля доўгага шляху па чыгунцы і на старэнькім параходзе мы апынуліся на Сахаліне ў якасці пагранічнікаў. Служыць пачаў на заставе, што месцілася ў даўніх японскіх зборна-шчытавых будынках без ацяплення. У першы дазор па беразе мора выйшаў па Пакровы, 14 кастрычніка.


 Сахалін запомніўся прыгожымі гарыстымі мясцінамі, рачулкамі і ручаямі, поўнымі рыбы. Гасцінныя вартаўнікі-карэйцы на недалёкім рыбзаводзе заўсёды частавалі салдат вэнджанымі ці салёнымі ласосямі або селядцамі.


Да службы, як і да працы, ставіўся сур’ёзна, таму стаў яфрэйтарам, а пасля кулямётных курсаў – малодшым сяржантам. Быў прыняты кандыдатам у члены партыі. Як вярнуўся на радзіму, пры пастаноўцы на ўлік у райкаме КПБ прапаноўвалі розныя пасады. Нейкім не адпавядаў я па ўзроўні адукацыі, іншыя не задавальнялі мяне. Пайшоў працаваць ва ўзбуйнены калгас «Парыжская камуна», дзе бацька на той час быў брыгадзірам, а старшынёй – Пётр Ісакавіч Гушчын. Кантора размяшчалася ў хаце Глашы Вайсковіч у Свярдлах. Мне даверылі пост фуражыра – кантраляваў забеспячэнне ферм усіх чатырох брыгад сенам, саломай і іншымі кармамі. Потым дабавіліся кладавыя з зернем у Свярдлах і Канахах.


1959 год можна назваць пераломным. Па-першае, мяне прызначылі брыгадзірам у родных Юнцах і Падгайцах напярэдадні пасяўной. Клопатаў хапала, бо арганізоўваў палявыя работы з удзелам 120 паляводаў, догляд 60 цялят на ферме і выкарыстанне 40 коней. Па-другое, гаспадарку ўзначаліў новы кіраўнік – Іосіф Зіноўевіч Майдзін. Па-трэцяе, пасля візіту першага сакратара РК КПБ Васіля Анісімавіча Агеева прадоўжылася ўзбуйненне падраздзяленняў: Падгайцы і Юнцы далучылі да Свярдлоў, а начальнікам новай брыгады стаў Ула-дзімір Васільевіч Сцепулёнак.


Як член рэвізійнай камісіі я нейкі час перамяраў агароды калгаснікаў (новы кіраўнік патрабаваў, каб ва ўсіх было па 50 сотак разам са сцежкамі-дарожкамі і не больш). Потым вярнуўся да брыгадзірства, цяпер у вёсках Блажкі, Дзянісава, Русачкі. У 1960 – 1961 гадах арганізоўваў ворыва і сяўбу на палях там, дзе цяпер знаходзіцца мясакамбінат.


Да гэтага часу адносяцца вялікія перамены ў асабістым жыцці: ажаніўся на настаўніцы пачатковай школы ў Загор’і, ра-зам набылі хату ў Мальцах, пры падтрымцы калгаса перавезлі яе ў Блажкі, завялі карову.

Вы звязалі свой лёс з «Парыжскай камунай». У будучым гэты калгас стаў буйной, эканамічна моцнай гаспадаркай. З чаго пачынаўся яго ўздым?

– «Парыжскай» пашанцавала на кіраўніка. Іосіф Майдзін быў выдатным фінансістам, добрым гаспадарнікам і арганізатарам. Пачынаў з умацавання дысцыпліны і навядзення парадку. Штодзённа наведваў фермы. Актыў і спецыялісты ўдзельнічалі ў начных дзяжурствах, з цёмным ездзілі па ўсёй гаспадарцы. Асабліва клапаціўся пра захаванне і выкарыстанне кармоў, на першым часе самастойна распрацоўваў рацыёны для статка. Ад падвозчыкаў патрабаваў, каб кожны абавязкова меў не толькі вілы, але і граблі: на дарозе не заставалася нават шматка сена ці саломы. Дарэчы, салому выкарыстоўвалі таксама на корм, на подсціл завозілі торф. Усюды, дзе толькі мог, набываў камбікармы.


Летам не толькі лугі і балацявіны, усе канаўкі абкашвалі. Бульбянішчы пераворвалі, каб ні клубянька ў зямлі не заставалася. За станам сцірт з сенам і саломай сачыў: як заўважаў, што яны пачыналі «гарэць», неадкладна перасушвалі. Па-максімуме фураж захоўвалі пад дахам і на замку. Усё трэба было выкарыстаць з карысцю. Затое кармоў для статка хапала. Іх патрабавалася шмат: на 100 гектараў угоддзяў мелі па 113 галоў буйной рагатай жывёлы – колькасць і для цяперашняга часу недасягальная.
У кожнай брыгадзе трымалі па гурту быкоў на адкорме, іх забяспечвалі не толькі зялёнкай ці сенам, а таксама бульбай, буракамі, мукой. Прывагі атрымлівалі вялікія, на мясакамбінат кормнікаў адпраўлялі вагой ад 400 да 600 кілаграмаў. За гэта прадугледжваліся істотныя надбаўкі.


Грошы за мяса, малако, зерне пускалі на развіццё вытворчасці, хаця і раней старшыня імкнуўся банкаўскія крэдыты не браць. Хапала і на добрыя заробкі людзям, асабліва жывёлаводам. Напачатку я, брыгадзір, атрымліваў толькі 25 рублёў за месяц, калі мая жонка-настаўніца – 60. Потым ужо стаў зарабляць больш за яе, бо з’явіліся даплаты, прэміі, 13-я зарплата. І узнагароды. Адзначаны ленінскім юбілейным медалём «За доблесную працу», ордэнам Працоўнай славы трэцяй ступені.


Сродкі выдаткоўваліся і на будаўніцтва вытворчых аб’ектаў – ферм, складаў, майстэрняў, гаражоў. Новы мехток з зернесушылкай на цэнтральнай сядзібе ў Пад’ельцах стаў месцам маёй пастаяннай працы на наступныя тры дзесяцігоддзі. Клопатаў хапала, бо ўраджаі дзякуючы намаганням галоўнага агранома Надзеі Данілаўны Цвіценка і яе памочнікаў-механізатараў пастаянна раслі, да таго ж калгас быў насенняводчай гаспадаркай. Нямала сіл патрабавала механізацыя пагрузачна-разгрузачных работ, падтрымка сушыльнага абсталявання, асаблівы клопат – падрыхтоўка вялікага аб’ёму насеннага матэрыялу зерневых для сябе і на продаж. Пры гэтым пачынала падводзіць здароўе, папрасіўся на менш адказны ўчастак з большым заробкам – простым слесарам. Ім працаваў да самай пенсіі.

Як з пазіцыі радавога работніка і кіраўніка сярэдняга звяна цяпер ацэньваеце вясковыя перамены?

– Наглядна бачу, як шмат залежыць ад асобы кіраўніка і ўмоў гаспадарання. У цэлым станоўча ацэньваю дзейнасць у якасці старшыні Іосіфа Майдзіна. Так, дысцыпліна і парадак павінны быць на вытворчасці і ў жыцці. Але не любымі метадамі: у першую чаргу маю на ўвазе тагачаснае абразанне агародаў, прымусовае высяленне з хутароў і іншыя неабгрунтаваныя абмежаванні. З-за іх колькі вяскоўцаў перасялілася ў гарады, выехалі ў Латвію і Расію. Лічаныя хаты засталіся ў маіх Юнцах.


Такі ж эфект дае непрадуманае ўзбуйненне брыгад, гаспадарак – знікаюць ранейшыя цэнтральныя сядзібы разам з фарміруючымі іх вытворчымі і грамадскімі аб’ектамі і… людзьмі. Той жа Майдзін у рэшце рэшт вымушаны быў больш мэтанакіравана займацца замацаваннем і стымуляваннем работнікаў, будаўніцтвам жылля, аплатай працы.

Маеце за плячыма 82 гады, у такім узросце здароўем ужо не хваляцца. Але ж выстаялі!

– Падтрымлівалі санаторыі, лячыўся ў бальніцы. Не так даўно перанёс сур’ёзную аперацыю, якая абмежавала рухальныя здольнасці. Маю букет хвароб, таму пад рукой заўсёды самыя патрэбныя лекі. Пільна сачу за рэкамендацыямі тэлеперадачы «Жить здорово!». Алена Малышава, Сяргей Агапкін, Леанід Мяснікоў і іншыя знакамітыя медыкі даюць добрыя парады. Хаця прыгадваю даўні няўдалы для мяне рэцэпт папулярнага на той час Генадзя Малахава лячыць падагру адварам лаўровых лістоў, што катэгарычна нельга рабіць.
Трымаюся сам, падтрымліваюць сын і дачка, якая жыве непадалёку. Дзялю адзіноту ў хаце з тэлевізарам і катом Шэркай, падтрымліваю сувязі са знешнім светам па тэлефоне.

Фотаматэрыял аўтара.

Леанід МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 6 мая 2021
Анатолий, Валерий, Георгий, Иван, Александра, Валерия, Афанасий

Именины 5 мая 2021
Виталий, Всеволод, Гавриил, Дмитрий, Климент, Платон, Федор

Госці краін

free counters
Партнеры сайта