Авторизация
 

Векавы здымак - люстэрка гісторыі

 Гэтае фота зроблена ў фотаатэлье «Кабінетны партрэт» Петраграда і яшчэ захавала на кардонным паспарту раней заваяваныя ўзнагароды з царскай сімволікай за якаснае адлюстраванне. Час пакінуў на ім не толькі выявы маладой сямейнай пары. Па сцвярджэнні яе цяперашніх нашчадкаў, фатаграфаваліся неўзабаве пасля вяселля, якое адбылося ў 1917-м. Ва ўсялякім выпадку бясспрэчна, што перад намі выява нашых землякоў з рэвалюцыйнай расійскай сталіцы.

На здымку Вікенцій Цярэшка з вёскі Марцінаўцы і яго маладая жонка Алена з Ашмягаў у Пячонках. Гэтыя на той час даволі вялікія населеныя пункты суседнічалі непадалёку ад Міёр, іх назвы захаваліся на карце і цяпер. Самае дзіўнае, што маладыя людзі пазнаёміліся ў Петраградзе. Некалькі дзесяцігоддзяў таму сустракаўся з Аленай Усцінаўнай, яна тады жыла ў дачкі ў райцэнтры.


– Вікенцій Антонавіч нарадзіўся ў 1890 годзе, паходзіў з беднай сялянскай сям’і. Калі меў тры гады – памерла маці, – апавядала яна пра мужа. – Жыццё прыгатавала яму шмат горачы, цяжкіх выпрабаванняў. У школу амаль не хадзіў, бо даводзілася з маленства працаваць. Таму застаўся бадай што зусім непісьменным. Пры гэтым трывала засвоіў сялянскую навуку, непаседлівы і актыўны, смела браўся за любую справу. Напачатку быў падпаскам, як падрос – хадзіў на заробкі ў Латвію. Пасля перабраўся ў сталіцу, там памяняў нямала рабочых месц.


Маладыя людзі пазнаёміліся ў Петраградзе. Ён, 27-гадовы санітар, працаваў у бальніцы, дзе яна ў свае 17 ужо была аперацыйнай сястрой. Працоўнае жыццё тады ўсе пачыналі рана, а Алена Усцінаўна мела высокую для таго часу адукацыю – сем класаў, свабодна валодала польскай мовай і размаўляла на французскай, скончыла курсы медсясцёр. Сталічнае жыццё віравала, пры імклівых грамадскіх змяненнях хутка стварылі сям’ю. Апавядалі, што былі сведкамі, а ў нейкай меры і ўдзельнікамі рэвалюцыйных падзей. Узгадвалі і пра Леніна на браневіку на вакзальнай плошчы.


Сямейнае жыццё пачыналася няпроста: не выжыла першае дзіця. Вікенція Антонавіча падводзіла здароўе, нават вымушаны быў паехаць на папраўку на радзіму. І гэта пры цяжарнай жонцы ў час савецка-польскай вайны.


Сын Вітольд нарадзіўся ў Петраградзе ў 1921 годзе, калі па Рыжскім дагаворы нашы мясціны адгарадзіла савецка-польская граніца. Сям’я ўз’ядналася ў Марцінаўцах.


– Грошай хапіла толькі каб купіць хатку ў вёсцы Дворышча, якую мы цяпер ведаем як Міёркі-2, – прыгадвала Алена Усцінаўна. – Зямлі не мелі, жылі заробкамі. Вікенцій Антонавіч капаў канавы, асушаючы землі ў памешчыкаў, трапаў лён у міёрскіх гандляроў-яўрэяў.


Радасна сустрэў Вікенцій Антонавіч верасень 1939 года. 15 студзеня 1940-га ўтвораны Міёрскі раён, у яго складзе былі 19 сельсаветаў. Пасля субяседавання ў Мінску Вікенція Цярэшку вылучылі на пасаду старшыні Жукаўскага сельскага Савета.


– Няпросты быў час, – сведчыла Алена Усцінаўна. – Мы часта ездзілі на вясковыя сходы, выступалі, расказвалі пра новае жыццё. Я звычайна выконвала абавязкі сакратара, бо ў мужа адукацыі не хапала. Агітавалі за калгасы. Пасля аднаго такога сходу ноччу запалаў наш хлеў, полымя перакінулася на суседскія пабудовы, канюшню, але жыллё адстаялі. У мужа нават стралялі.


Дарэчы, у 1940 годзе ў раёне ўжо дзейнічалі партыйная і камсамольская арганізацыі, дзясяткі агіткалектываў, да верасня была ўтворана 21 сельгасарцель. Восенню прайшлі выбары ў раённы Савет. Першую арганізацыйную сесію 28 снежня па традыцыі адкрыў старэйшы дэпутат, якім аказаўся Вікенцій Цярэшка. Яго потым абралі членам пастаяннай камісіі па сельскай гаспадарцы. Перад ёй стаялі задачы па разгортванні спаборніцтва і стаханаўскага руху на вёсцы, выкарыстанні тэхнікі МТС, арганізацыі агравучобы, павышэнні ўрадлівасці палёў на аснове комплексных агратэхнічных мерапрыемстваў.


Сельсавецкімі абавязкамі, вырашэннем гэтых пытанняў давялося займацца Вікенцію Антонавічу, але нядоўга, грымнула вайна. І адразу – загад на эвакуацыю. Не марудзячы запрэглі коніка, пагрузілі ў павозку тое, што можна было ўзяць з хаты і агарода. Уселіся самі, а гэта акрамя гаспадара цяжарная жонка і шэсць дзяцей. Скіраваліся ў бок Дрысы. Як аказалася, маршрут выбралі ўдала, у любым іншым напрамку іх чакала б варожае акружэнне.


Эвакуіраваным выплачвалася пэўная сума з банкаўскіх запасаў і выручкі спажыўкааперацыі. Атрымалі такую падтрымку і Цярэшкі. Але што яна азначала для вялікай сям’і, якая знаходзілася ў дарозе тры месяцы. Галадалі, прасілі міласціну. Пабачылі кроў і смерць ад налётаў нямецкіх самалётаў. Як сямейная рэліквія і цяпер захоўваецца прастрэленая фанерная накрыўка ад ручной швейнай машынкі, якую везлі з сабой у возе, – смерць суправаджала і іх саміх. Пакуль была магчымасць, рухаліся днём, пазней – толькі ноччу. Дабраліся да Волгі ў Рыбінску. Далей плылі параходам да горада Энгельса, ехалі поездам. Затрымаліся ў Саратаўскай воласці, сяло Тарлыкаўка Прыволжскага раёна. Там знаходзіўся нямецкі саўгас «Дзінкель», толькі немцаў ужо не было, вывезлі пры набліжэнні фронту.


Старэйшы сын Вітольд паспеў парадавацца нараджэнню малодшага браціка Паўліка і неўзабаве атрымаў позыў у ваенкамат. Так бежанец-беларус стаў чырвонаармейцам 115-й асобнай брыгады, па дакументах – чамусьці Віталём Віктаравічам. Тарлыкаўка была за 150 кіламетраў ад Сталінграда, аднак і ў ёй з канца жніўня 1942 года стала чутна, як за Волгай гудзе зямля, па начах бачылася зарыва. Вось у гэтае пекла трапіў Вітольд. Ад яго прыйшло адзінае пісьмо, дзе паведамляў, што навокал гараць зямля і вада, вяртаў грошы, дадзеныя на дарогу – бачыў, не спатрэбяцца. Наказваў маленькаму Паўліку жыць за яго.


4.10.1942 – дата, якой пазначана выбыццё чырвонаармейца В. В. Цярэшкі з радоў 115-й АСБр як зніклага без вестак. Каб уявіць напал баёў пад Сталінградам, дастаткова сказаць, што з брыгады ў 5 592 штыкі на 31 жніўня да 20 кастрычніка засталося толькі 469 байцоў.


Многія гады лёс Вітольда нягледзячы на шматлікія спробы быў невядомы родным. Толькі ў 2016-м пошукаўцы з Валгаграда высветлілі, у якое пекла ён трапіў параненым на полі бою. Гэта быў Шталаг 301/Z ля горада Славута ў Камянец-Падольскай вобласці Украіны ці інакш – «Грослазарэт Славута 301». Тут за калючым дротам у неацепленых памяшканнях з вокнамі, забітымі дошкамі, ваеннапалонных марылі голадам, заражалі рознымі інфекцыямі, збівалі і забівалі, закапвалі жывымі… Апошняя дата ў жыцці Вітольда – 28 мая 1943 года.


… Услед за сынам быў мабілізаваны, толькі не на фронт, – у так званую працоўную армію, – Вікенцій Антонавіч, які да гэтага працаваў намеснікам дырэктара саўгаса. Яму давялося займацца забеспячэннем баявых падраздзяленняў. Услед за фронтам ён дайшоў да родных мясцін і застаўся тут аднаўляць разбураную вайной гаспадарку. Восенню 1944-га прывёз з-за Волгі сям’ю. Працаваў намеснікам старшыні райвыканкама, зноў узначальваў Жукаўскі сельсавет, быў выбраны старшынёй калгаса. Заставаўся ў гушчы гаспадарчых і грамадскіх спраў такім жа няўрымслівым. На здымках у сямейным альбоме ён амаль заўсёды з усмешкай на вуснах.

Фота для ілюстрацыі.

Леанід МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках

  • да 2018
  • 2019
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 97 727
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 82 363
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 68 311
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 41 215
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 39 786
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 36 246
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 25 329
  • 2
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 22 ноября 2019
Александр, Алексей, Антон, Виктор, Дмитрий, Иван, Илья, Иосиф, Константин, Порфирий, Тимофей, Федор, Семен

Именины 21 ноября 2019
Гавриил, Михаил, Павел, Рафаил

Госці краін

free counters
Партнеры сайта