Авторизация
 

Погляд у будучыню: Пераброддзе праз 10 гадоў

 Вы часта задумваліся над тым, якімі будуць ваш родны горад, вёска, вуліца праз 5, 10 гадоў? Усе мы зрэдку ідэалізуем будучыню. Паспрабаваў і я.

Наш раён, на мой погляд, мае высокі турыстычны патэнцыял. Але ён, на жаль, не раскрыты і напалову.
Многія ведаюць пра нашы мясцовыя брэнды: фестывалі «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю», «Перабродская зорка». Дзісна – самы маленькі горад Беларусі – вабіць турыстаў на свае ціхія брукаваныя вулачкі.


Аднойчы ўдзельнічаў у семінары-трэнінгу па распрацоўцы Стратэгіі ўстойлівага развіцця раёна. Зразумеў, што ў нас нямала жыхароў зацікаўлена, каб Міёршчына развівалася дынамічней, у тым ліку ў турыстычнай сферы.


Аднак людзі не заўсёды могуць граматна данесці да грамадскасці і ўлады свае ідэі, напрацоўкі, прапановы. Давайце памарым і накіруемся ў недалёкую будучыню. Праз 10 гадоў на прыкладзе вёскі Пераброддзе.


Пераброддзе славутае самабытным каларытам, традыцыямі і святамі. У яго свой герб, дарэчы, адзіны сярод вёсак Віцебшчыны. «Перабродская зорка» – брэнд, пазнавальны далёка за межамі раёна. Вёска ператварылася ў малады дружны калектыў. Адкуль моладзь? – спытаеце вы. Тут жывуць тыя, хто стаміўся ад буйнога горада і прыехаў за цішынёй і спакоем. Прайшлі гады, перш чым з'явіліся новыя асфальтаваныя вуліцы з прыгожымі дамамі, дагледжанымі падворкамі. Паўсюль чысціня, а смецце сартуецца па каляровых кантэйнерах. Роўныя акуратныя агароджы сустракаюць яркімі фарбамі.


Людзей здаўна вабіла вада. Яны сяліліся бліжэй да рэк, азёр. Усіх здзіўляе возера Абстэрна. Гэта перліна рэгіёну і галоўны рэкрэацыйны цэнтр раёна. Магчыма, да суседняй Браслаўшчыны з яе незлічонай колькасцю азёр, турыстычнай інфраструктурай нам яшчэ далёка, але мы імкнёмся не адставаць, а часам і дзелімся вопытам.


Мясцовыя жыхары актыўна занятыя на сваіх аграсядзібах – іх колькасць вырасла ў разы. Ад турыстаў няма адбою. Вялікай папулярнасцю карыстаецца культурна-адпачынкавы цэнтр «Абстэрна» з невялікім гатэлем, кафэ, дзіцячай забаўляльнай зонай, спартпляцоўкай для гульні ў валейбол і футбол. Тут ёсць пракат веласіпедаў, прылад для рыбнай лоўлі, палатак і іншага турыстычнага інвентару. Мясцовыя экскурсаводы прайшлі спецыяльныя курсы і захоплена расказваюць прыезджым пра славутасці. Адолеўшы некалькі кіламетраў на веласіпедзе, у вёсцы Ніўнікі можна паглядзець на Малельны дом старавераў 1906 года пабудовы, у Асада-Дзедзіне – на адрэстаўраваную сядзібу Рудніцкіх. Недалёка ад Пераброддзя і да вядомай сядзібы Мілашаў у Ідолце і касцёла Дзевы Марыі Шпаклернай у Мілашове.


А якая тут прырода! Возера Абстэрна з яго іскрыстай вадой вабіць адпачывальнікаў усё лета. На добраўпарадкаваным пляжы з чыстым пяском шмат дарослых і дзяцей. Шэзлонгі занятыя, а на стаянцы аўтамабілі з нумарамі розных рэгіёнаў і краін.
Вечарам маладыя пары выходзяць на набярэжную возера, асвечаную ліхтарамі. Тут можна прысесці на лавачкі, палюбавацца заходам над бяскрайнім возерам.


Крыху далей аблюбавалі месца рыбакі. Ад берага ў бок возера цягнецца невялікі, зручны для стаянкі лодак пірс. Ніхто не скардзіцца на дрэнны ўлоў. Ад другога пірсу, што непадалёк, толькі што адплыў двухмесны катамаран. Тут арганізаваны пракат – шэрынг.
За вёскай унікальнае балота Мох, багатае на ягады. Мясцовыя жыхары ведаюць тут усе сцежкі і могуць прайсці па іх з заплюшчанымі вачыма.


Летам і ў пачатку восені – сезон чарніц, буякоў і журавін. Сабраныя ягады прадаюць на міні-рынку ў цэнтры вёскі. Рэклама экалагічна чыстаму прадукту не патрэбна.


Калі хаця б частка з летуценнага збылася, прыносіла карысць і асалоду, моладзь не з’язджала б у пошуках лепшай долі. Усё гэта пакуль фантастыка. Патрэбны зацікаўленыя людзі, фінансы і час. Але няма таго, што немагчыма ажыццявіць. Разам у нас усё атрымаецца! Як дэвіз на наступнае дзесяцігоддзе: «Адважвайся, мар, увасабляй!»

Фота для ілюстрацыі.
Дзмітрый ВАСІЛЕНКА.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 18 мая 2021
Адриан, Ирина, Яков

Именины 17 мая 2021
Иван, Исаакий, Кирилл, Климент, Леонтий, Никита, Николай, Мария, Пелагея

Госці краін

free counters
Партнеры сайта