18 мая — Міжнародны дзень музеяў
Італьянскім Сталінградам тое месца завуць,
Дзе цяпер крыжы белыя ўздоўж гары.
Памяць Монтэ-Касіна макі там берагуць,
Дзе ляжаць нашы прадзеды-змагары…
Заўтра ў Міёрскім гісторыка-этнаграфічным музеі адкрыецца выстава “Па шляхах арміі Андэрса”. 18 мая – знакавая дата ў гісторыі Другой сусветнай вайны. 75 гадоў таму пад кіраўніцтвам генерала Уладзіслава Андэрса ІІ Польскім корпусам, у складзе якога ваявалі і нашы землякі, дзяды і прадзеды, у Італіі ў барацьбе супраць фашысцкіх захопнікаў быў ўзяты рубеж Сан Анджэла. Вызваленчыя войскі канчаткова занялі манастыр-крэпасць пад горадам Монтэ-Касіна і вывешалі там польскі сцяг. Аднак у жорсткіх баях не абышлося без ахвяр.
За некалькі дзён да адкрыцця выставы нашы карэспандэнты завіталі ў музей для знаёмства з экспазіцыяй. Супрацоўнік установы Аляксандр Рынкевіч правёў экскурсію.
Гістарычная даведка
Пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора ў 1921 годзе тэрыторыя Міёршчыны знаходзілася ў складзе Рэчы Паспалітай. На пачатак Другой сусветнай вайны ў складзе Войска Польскага служыла каля 70 тысяч беларусаў. Падчас вераснёўскай кампаніі 1939-га года яны гераічна змагаліся з гітлераўцамі. У выніку паходу савецкіх войск у Заходнюю Беларусь 17 верасня 1939 года вялікая колькасць салдат і афіцэраў польскага войска апынулася ў палоне. Пасля нападу Германіі на СССР быў заключаны савецка-польскі дагавор, у адпаведнасці з якім для ўсіх польскіх грамадзян, якія знаходзіліся ў лагерах, абвясцілі амністыю. У Савецкім Саюзе пачалося стварэнне польскай арміі пад камандаваннем генерала Уладзіслава Андэрса. Па падліках беларускага гісторыка Ігара Мельнікава, у ёй налічвалася 113 тысяч салдат, сярод іх каля 20 тысяч беларусаў. Ваявалі ў тых радах ураджэнцы нашага краю: С. Матэленак, Ф. Лагун, А. Шокель, Я. Мацюк, П. Грэцкі, І. Лутохін, С. Ерамееў і іншыя.
У экспазіцыі
Экспанаты быццам размясціліся ў пакоі звычайнай вясковай хаткі. На стале – кнігі пра герояў, на сценах – групавыя і партрэтныя здымкі, на этажэрцы – кубкі і падшкляннікі…
Выдаюць выставу стэлажы, на якіх біяграфіі легендарных салдат, узнагароды, арыгіналы і копіі дакументаў на польскай мове, што пацвярджаюць службу ў ІІ Польскім корпусе, удзел у баях пад Монтэ-Касіна, ваенныя білеты савецкага часу і пасляваенныя афіцыйныя адозвы па-руску, лісты…
Акрамя інфармацыі пра салдат з Міёршчыны, выстаўлены дакументы і рэчы жаўнераў арміі Андэрса, што паходзілі з іншых мясцін нашай краіны.
Іх рэчы памятаюць многае
Нялёгкі лёс напаткаў нашых землякоў-салдат. Адны склалі жыццё пад Монтэ-Касіна, іншыя вярнуліся пераможцамі, але па выкліках савецкага часу былі накіраваны ў лагеры, іх высылалі цэлымі сем’ямі. У экспазіцыях прадстаўлены рэчы наступных жаўнераў.
Сямён Макаравіч Ерамееў. Нарадзіўся 8 студзеня 1911 года ў Мілейках. Ваяваў у арміі Андэрса ў Італіі, горад Афагола. Адзначаны крыжом Монтэ-Касіна, бронзавым крыжом за заслугі з мячамі, памятным знакам ІІ Польскага корпусу, братанскімі зоркамі 1939 – 1945 гг., зоркай Італіі, знакам 5-й крэсавай дэвізіі. Памёр 5 красавіка 1991 года. Пахаваны на малой радзіме ў Мілейках.
Сцяпан Антонавіч Матэленак. Нарадзіўся ў 1901 годзе ў Папоўшчыне. Напярэдадні Другой сусветнай мабілізаваны ў Войска Польскае. У час Вераснёўскай кампаніі трапіў у савецкі палон. Пасля “амністыі” восенню 1941-га залічаны ў склад 5-ай Віленскай пяхотнай дэвізіі арміі Андэрса. Удзельнічаў у бітве пад Монтэ-Касіна. За мужнасць узнагароджаны Італьянскай зоркай і польскім Крыжом мужных. У ліпені 1944-га ў баі пад Анконай загінуў. Пахаваны на могілках італьянскага горада Ларэта.
Ісай Акімавіч Лутохін. Нарадзіўся ў вёсцы Пукі Дзісенскага павета ў 1914 годзе. У 1936-ым прызваны на службу ў польскае войска. У Другую сусветную трапіў у савецкі палон. Увосень 1941-га яго разам з іншымі зняволенымі накіравалі ў распараджэнне арміі Андэрса. У складзе 5-й крэсавай дэвізіі прайшоў усю Італьянскую кампанію, у тым ліку бітву пад Монтэ-Касіна.
Уладзімір Іванавіч Міклушонак. Нарадзіўся ў 1904 годзе ў Стэфанове. У жніўні 1939-га мабілізаваны ў польскае войска. У пачатку Другой сусветнай, калі вяртаўся з арміі дадому, быў затрыманы супрацоўнікамі НКУС і вывезены ў лагер пад Ноўгарад. Пасля пэўных гістарычных падзей трапіў у армію Андэрса. Удзельнічаў у баях у Лівійскай пустыні, вызваляў Італію. Узнагароджаны медалямі “За баявыя дзеянні ў Афрыцы”, “За ўзяцце Монтэ-Касіна”, у 1989 польскі консул уручыў яму ў Глыбокім медаль у гонар 50-годдзя абарончай вайны.
Францішак Лагун. Нарадзіўся ў 1912 годзе ў Белеўцах. Ваяваў у Італіі. Быў высланы пасля вайны ў лагер. Вярнуўся на радзіму. На жаль, больш дакладных звестак пра яго не захавалася.
Павел Дзмітрыевіч Грэцкі. Нарадзіўся ў 1910 годзе ў Якубаўшчыне. Удзельнічаў у баях пад Монтэ-Касіна. Паводле Варшаўскага гістарычнага архіву ўзнагароджаны Крыжом Монтэ-Касіна і некаторымі іншымі (заўвага аўт. – запіс неразборлівы). Загінуў у баях. Пахаваны на могілках у Ларэта ў Італіі.
Са спісам прозвішчаў салдат арміі Андэрса, ураджэнцамі Беларускага Паа- зер’я, што ўстаноўлены да гэтага часу, можна азнаёміцца ў асобнай папцы (у музеі).
У заключэнне
У Мінску выстава, прысвечаная салдатам арміі Андэрса, праходзіла тры гады таму. Удзельнічалі ў ёй нашчадкі былых жаўнераў міярчанін Аляксандр Рынкевіч, віцябчанін Павел Лутохін і мінчанін Арцём Сухойда. Справаздачныя матэрыялы той памятнай сустрэчы таксама можна ўбачыць на стэндах.
Чарговай пляцоўкай для экспазіцыі “па шляхах арміі Андэрса” стаў наш райцэнтр. Выстава дзейнічае да 1 чэрвеня.
P.S.
Дошка памяці салдатам арміі Андэрса выраблена мясцовым скульптарам Аляксандрам Чарняўскім. Пакуль дакументы на атрыманне дазволу на яе ўстаноўку знаходзяцца на разглядзе ў Міністэрстве культуры.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Вольга ВІШНЕЎСКАЯ.
Чырвоныя макі пад Монтэ-Касіна
Алена БАСІКІРСКАЯ
Каб пракласці шлях да Рыма,
Польскі мужны афіцэр
Выбраў штурм Монтэ-Касіна
Ды ажыццявіў намер.
“Італьянскім Сталінградам”
Мы завём той горны ўздым,
Дзе паляк пачаў блакаду,
Беларус таксама з ім.
Так, Касінскае ўзвышша
Мела незайздросны лёс.
Вышыня пакутнай нішай
Паслужыла для нябёс.
Грозныя авіябомбы
Разграмілі манастыр.
Шлях да Рыма, да свабоды
Пралягаў праз гэты вір.
Бітва пад Монтэ-Касіна
Стала буйнай у вайне.
Немец штабялямі гінуў,
А паляк ішоў смялей.
Наша Армія Краёва
Пад эгідай англічан
Пратрымала сваё слова,
Разбурыла чужы план
І скарыла эверэсты
Шматмятровай вышыні,
Заняла той “прывід” – месца,
Не здалася і ў агні.
А чырвоны мак на полі
І квітнеў, і буйна рос.
Рукапашны бой ад болю
Працінаў зямлю да слёз.
Ды чырвоны водбліск макаў
Разгараўся ад крыві
І прасіў: “Далоў атакі!
Прагнем міру на зямлі!”