О заметке "Сокровище монет из-под Дисны"
gazeta 17-01-2019, 14:30 1 051 Гісторыя краю
Краязнаўца Кастусь Шыталь, праглядаючы ў Інтэрнэце газету Віленскага ваяводства “Слова” на польскай мове, знайшоў некалькі цікавых артыкулаў, якія маюць дачыненне да нашага краю. Так, у нумары 212 за 1939 год надрукавана нататка “Скарб манет з-пад Дзісны”. У ёй апавядалася пра цікавую знаходку 16-17 стагоддзяў, якая паступіла ў “Музей Дзісенскай зямлі” ў Глыбокім (у міжваенны перыяд хоць і заставалася назва Дзісенскі павет, але ўсе адміністрацыйныя павятовыя ўстановы месціліся ў гэтым горадзе). Яе вывучылі віленскія вучоныя-даследчыкі, і зараз мы ведаем падрабязнасці.
Скарб налічваў 600 манет, у асноўным адчаканеных са срэбра. Найбольшую колькасць — 325 — складалі капейкі Маскоўскай дзяржавы, так званыя “шкарлупкі”, або як іх завуць на рускай мове — ”чашуйкі”. Яны адносяцца да перыядаў праўлення цароў Івана Грознага, яго сына Фёдара Іванавіча, Барыса Гадунова, Васіля Шуйскага і нават вельмі рэдкія 10 манет Ілжэдзмітрыя I, які быў царом усяго дзевяць месяцаў. Акрамя таго, у гэтым скарбе знаходзілася 17 манет 1614-1620 гадоў чаканкі Міхаіла Раманава. Таксама рэдкімі з’яўляліся пяць рускіх манет цара Уладзіслава, будучага караля Рэчы Паспалітай, які насіў тытул рускага цара з 1610 па 1634 год.
Другая па велічыні колькасць манет была з Рэчы Паспалітай караля Сігізмунда 3 Вазы, усяго 157 чаканкі 1596-1629 гадоў. Хутчэй за ўсё, гэта “траякі”, трохграшовыя наміналы.
Вялікая колькасць манет са Свяшчэннай Рымскай імперыі — 72 штукі, 1594-1622 гадоў вырабу. Частка скарбу — металічныя грошы асобных нямецкіх зямель: 10 манет з Саксоніі 1615-1618 гг., восем асобнікаў Брандэнбурга 1613-1619 гг., чатыры з Баварыі 1609-1618 гг., дзве 1621 і 1622 гадоў—з Прусіі, тады ленніка Рэчы Паспалітай. Яшчэ дзве былі з Чэхіі часоў караля Мацея ІІ і адна са Швейцарыі 1608 года.
Каму мог належаць гэты скарб? Па маіх меркаваннях, шляхцічу, удзельніку паходаў на Маскву падчас “смутнага часу” ў Маскоўскай дзяржаве ў 1604-1618 гадах. Самая позняя манета адносіцца да 1629 года. Значыць, скарб мог схаваць гаспадар перад паходам яго з войскамі Рэчы Паспалітай пад Смаленск у час вайны з Маскоўскай дзяржавай (1633-1634 гг.), адкуль ён, хутчэй за ўсё, не вярнуўся, таму грошы засталіся незапатрабаванымі.
Наогул, “Музей Дзісенскай зямлі” быў вельмі багаты на шматлікія археалагічныя знаходкі, упрыгожванні з курганоў. У ім узгадваюцца гадзіннік 18 ст. з Чэнстахова, партрэт маршалка шляхты Вілейскага павету Аляксандра Дамейкі і шмат іншага. У газеце “Слова” №55 за 1938 год знаходзяцца звесткі аб паступленнях меднага збана і формы для цеста з гэтага ж металу 18 стагоддзя. Яны былі выраблены ў мясцовай катлярні маёнтка Сарокі. На жаль, багацейшыя музейныя зборы падчас ваеннага ліхалецця 1939-1945 гадоў зніклі без следу.
Фота для ілюстрацыі з інтэрнэта.
Вітольд ЕРМАЛЁНАК.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.