ПАМЯТНЫЕ даты и события для Миорщины в 2019 году

 505 гадоў таму — у 1514-м — Міёры ўпершыню згадваюцца ў пісьмовых крыніцах.
490 гадоў першаму пісьмоваму напаміну пра Чэрасы — у 1529-м.
460 гадоў, як пісьмовыя крыніцы засведчылі пра Дзісну як замак і цэнтр воласці, пра існаванне вёскі Крычава (1559-ы).

455 гадоў, як у дакументах за 1564-ы адзначана існаванне вёсак Чурылава і Чурылавічы, што пазней сталі Лявонпалем.
450 гадоў спаўняецца з часу, калі ў 1569-м Дзісне нададзена Магдэбургскае права і новы герб — “Ладдзя”.


440 гадоў мінула, як у 1579-м кароль Стэфан Баторый праводзіў агляд войск у Дзісне.
390 гадоў таму, у 1629-м, нарадзіўся Сімяон Полацкі (Самуіл Пятроўскі-Сітніяновіч) — беларускі і рускі царкоўны і грамадскі дзеяч, пісьменнік, публіцыст і педагог. Завяшчаў значныя сумы праваслаўным манастырам у Дзісне і Міёрах.


375 гадоў спаўняецца, як 25 мая 1644-га суддзя земскі браслаўскі Севасціян Святаполк-Мірскі заснаваў праваслаўны манастыр у Міёрах.
370-годдзе магло б адзначаць праваслаўнае брацтва, утворанае ў 1679-м пры Уваскрэсенскім манастыры ў Дзісне.
245 гадоў таму, у 1774-м, узведзена драўляная Траецкая царква ў Лявонпалі.


225 гадоў прайшло з часу, калі ў 1794-м да нашых мясцін дакацілася рэха паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі.
155 гадоў звесткам пра існаванне ў 1864-м народных вучылішчаў у Галомыслі і Новым Пагосце; распачата ўзвядзенне Крыжаўздзвіжанскай царквы ў Цвеціне.


115 гадоў таму, у 1904-м, Дзісна мела 9113 жыхароў і 841 жылы дом. У павятовым цэнтры дзейнічалі разлікова-ашчадная каса, натарыяльная кантора, бальніца, аптэка, некалькі школ і каля дзясятка культавых устаноў розных канфесій. 56 вуліц і завулкаў агульнай даўжынёй 22,4 вярсты (забрукавана 2,9 вярсты) асвятлялі 110 газавых ліхтароў.
110 гадоў, як у 1909-м у Дзісне закончана ўзвядзенне металічнага маста праз раку Дзісна; у вёсцы Сушкі дзявятага лістапада нарадзіўся будучы самабытны паэт і партызан Павел Сушко.


85 гадоў мінула з заканчэння будаўніцтва чыгункі праз Міёры; як Отан Гедэман выдаў кнігу “Дзісна і Друя — магдэбургскія гарады”.
80 гадоў спаўняецца 17 верасня, як у 1939-м пачаўся паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь; у кастрычніку была ўтворана Вілейская вобласць, у якую ў ліку сямі раёнаў уключаны Дзісенскі; у Беластоку адбыўся Народны сход, у ім прымала ўдзел дэлегацыя з Міёршчыны, а настаўнік Флор Манцэвіч выступіў з дакладам; утварыўся Перабродскі хор, якому ў 1975-м прысвоена званне народнага.


75 гадоў спаўняецца ў ліпені 1944-га, калі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў вызвалены Міёрскі і Дзісенскі раёны; пачалося аднаўленне даваенных калгасаў; пятага снежня адноўлена выданне раённых газет “Новае жыццё” ў Дзісне і “Бальшавіцкая трыбуна” ў Міёрах.
70 гадоў таму, у 1949-м, утворана 2-я Міёрская МТС у Клётавым Двары.


60 гадоў, як у 1959-м на брацкіх магілах у Дзісне і Міёрах замест абеліскаў устаноўлены помнікі.
55 гадоў споўніцца 20 мая, як у 1964-м нарадзіўся будучы воін-інтэрнацыяналіст Сяргей Станкевіч, загінуў у Афганістане, пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

Фота з архіва рэдакцыі.
Падрыхтаваў
Леанід МАТЭЛЕНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.