О создании памятника Святой Анне и Деве Марии в Миорах на кладбище

 Пабачыў свет №11 штомесячніка “Міёрская даўніна” за 2018 год — выдання савета музеяў сярэдняй школы №3 імя Я. Томкі. У ім настаўнік гісторыі Вітольд Ермалёнак апавядае пра стварэнне помніка Святой Ганне і Дзеве Марыі на “старых” могілках у Міёрах. Прапануем скарочаны варыянт публікацыі.

Больш за год таму Тамара Іванаўна Ляхава, разбіраючы дакументы пасля смерці сваёй роднай цёці Ляхавай (Лазарэнка) Раісы Сцяпанаўны, заўважыла маленькі абразок з выявай Святой Ганны і маленькай Дзевы Марыі, будучай зямной Маці Хрыста. На адваротным баку размяшчалася малітва на італьянскай мове. Ёй адразу ўзгадаўся аповед цёці пра гэтую памятную рэч.


Раісе Ляхавай было 14 год, калі яе, як і іншых маладых людзей, схапілі фашысты і пагналі для адпраўкі ў Германію на чыгуначны вакзал у Оршы. Там да яе падышла незнаёмая жанчына і працягнула абразок са словамі: “Беражы яго — і Багародзіца ўратуе цябе”. І сапраўды, шмат адначасова вывезеных у Нямеччыну сябровак загінулі ад нечалавечых умоў, а Раіса ўцалела і вярнулася дадому. Таму нават у гады пануючага атэізму настаўніца захоўвала рэліквію. Вось Тамара Іванаўна і вырашыла на асабістыя сродкі ўзвесці велічны помнік, падобны на выяву з абразка, побач з магілай Раісы Іванаўны. За кансультацыяй звярнулася да мяне. Адшукаў некалькі выяў помнікаў падобнага сюжэту. Адна скульптура з белага мармуру Святой Ганны і маленькай Дзевы Марыі знаходзіцца на Святой зямлі ля варот францысканскага манастыра, другая — у Італіі ля храма. Рэалізаваць на мёрскай зямлі задуму Тамары Іванаўны згадзіліся скульптар Ганна Інькова і архітэктар Валерый Рыбакоў.


Ганна Інькова вядома бюстамі Герояў Савецкага Саюза В.А. Судзілоўскага, В.П. Скуратовіча ў Касцюковічах, памятнымі шыльдамі ў гонар Мельхісадэка, ігуменні Яўгеніі ў Полацку. Работнікі ЖКГ пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мяцеліцы добраўпарадкавалі бераг возера, спілавалі старыя дрэвы, ачысцілі ад смецця і праклалі дарогу. Калі помнік даставілі і ўстанавілі, ля яго зрабілі агароджу, прыступкі, выклалі пляцоўку пліткай. У адрозненне ад папярэднікаў, скульптура ў Мёрах выканана з сілуміну, пафарбавана залацістай фарбай, прыгожа глядзіцца ў люстэрку возера на фоне блакітнага неба. Надпіс на цокалі паведамляе, што яна створана на сродкі Тамары Іванаўны Ляхавай і прысвечана памяці яе маці Кушняровай Ганны Карпаўны, цётак Марыі Сцяпанаўны і Раісы Сцяпанаўны Ляхавых.


Такім чынам, нашы Мёры атрымалі новы аб’ект для турыстаў. На жаль, заўчасная смерць Тамары Іванаўны не дазволіла правесці ўрачыстае асвячэнне скульптуры, але кожны наведвальнік могілак можа памаліцца за спачын душы мецэнаткі, папрасіць заступніцтва ў Багародзіцы за сваіх і чужых памерлых. Месца вельмі пасуе для малітвы, каб задумацца пра вечны супакой і хуткаплыннасць зямнога жыцця.

Фота з архіва рэдакцыі.
Падрыхтаваў
Леанід МАТЭЛЕНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.