Авторизация
 

Знойдзены старыя дакументы на зямлю. Захоўваюцца ў музеі Міёрскай СШ №3

 Шмат таямніц хаваюць гарышчы старых хат. Вось Аляксандр Даргель — рабочы Міёрскага дзіцячага садка №3 — разбіраў са сваімі сябрамі будыніну на хутары ля вёскі Якубаўшчына. У кастры заўважыў бляшаны цыліндр, у якім аказаліся старыя карты і дакументы. Вырашыў, што лепшае месца для іх — у гістарычным музеі СШ №3. 

Самай вялікай каштоўнасцю для беларускага селяніна была зямля, таму ў схованцы невыпадкова змясцілі дакументы на яе. Самы старэйшы з планаў адносіцца да 1884 года. Выкананы на парафінаванай тканіне тушшу, каб падчас дажджу не сапсаваўся. Надпісы сцвярджаюць: угоддзі належалі селяніну Адаму Пугаўку, які жыў у засценку Падрэчкі Дзісенскага павета, што знаходзіўся ў сучасным Шаркаўшчынскім раёне. Усяго ён меў 80 дзесяцін зямлі, што сведчыла аб заможнасці. Звычайна сяляне валодалі надзелам плошчай ад 8 да 15 дзесяцін, а тут у аднаго гаспадара было 33,05 дзесяціны лесу, 16,75 —  ворыва, 10,82 — сенакосу, 15,04 — высечанага лесу. Акрамя таго, на сядзібныя і гаспадарчыя пабудовы адводзілася дзве дзесяціны, хмызнякі і балота займалі 1,25, дарога і рэчка — 1,03.


Угоддзі Адама Пугаўкі межавалі з сенакосамі і лесам маёнтка Юндзялова, урочышчам Барсучына, абшарамі маёнтка Мікалаева памешчыка Клёта і дзяржаўнай вёскі Рэчкі. На плане бачны на поўдні ўскраек возера Глухога, у якое ўпадае рэчка Маціца, адсюль і назва засценка — Падрэчкі. Дарога, што пралягала па ўгоддзях Пугаўкі, вяла ў Стары Пагост. Гэтыя землі раней хутчэй за ўсё належалі Францішку Канаплянскаму, якога за ўдзел у паўстанні 1863 года прыгаварылі да катаржных работ у Сібіры. Ён не паспеў туды даехаць, памёр па дарозе. Яго ўладанні канфіскавалі і прадалі на публічных таргах у Вільні ў 1876-м. Пакупнікамі ў такіх выпадках станавіліся ў першую чаргу расійскія ваенныя. Таму і набыў амаль тысячу дзесяцін адстаўны штабс-капітан Пётр Маслоў. Ён спачатку высек і прадаў рыжскім яўрэям лес, потым пачаў у 1881 годзе кавалкамі распрадаваць зямлю сялянам. Па 55 дзесяцін купілі тры браты Шэўчыкі і Аляксандр Ляскоўскі, 65 — Франц Рынкевіч. Адам Пугаўка, якому належаў план, набыў больш за ўсіх — 80 дзесяцін. Па тых часах кошт складаў каля 3000 рублёў срэбрам. Гэта вялікая сума, бо карова каштавала 10-15 рублёў. Адкуль у селяніна ўсяго праз 20 год пасля адмены прыгону з’явіліся значныя сродкі, невядома. Напэўна, асноўную суму пазычыў, бо сярод дакументаў захаваўся квіток за 1909 год Віленскага пазямельнага банка, які сведчыць, што заёмшчык Пугаўка ўнёс апошні плацёж у 298 рублёў 65 капеек і поўнасцю разлічыўся з пазыкай.


Падчас Першай сусветнай вайны, калі руская армія ў 1915 годзе спешна адступала, складаліся спісы маёмасці патэнцыяльных бежанцаў. Сям’я Пугаўкі таксама ацаніла кошт усяго, чым валодала. Што мелі заможныя сяляне ў пачатку 20 стагоддзя? Адказ дае дакумент, які таксама быў у бляшанцы. Напісаны ён на рускай мове: “Спіс рухомай і нерухомай маёмасці ўладальнікаў фальварка Рэчкі Адольфа, Купрыяна і Усціна Пугаўкі”, гэта сыны Адама Пугаўкі. Яны мелі дзве жылыя хаты коштам 120 і 100 рублёў, 10 хлявоў за 400, два свірны (400 руб.), адну восець і пяць хлявоў (600 р.). Для захоўвання панарадаў і фурманак была вазоўня (ацэнена ў 50 рублёў), мыліся ў лазні (40 руб.). Гаспадары мелі зжатага жыта 400 коп (капа — 60 снапоў), пасеянага жыта 180 пудоў (пуд — 16 кг), сена 100 беркаўцаў, аўса 600 пудоў, гароху чатыры, ячменю 450, бульбы 800, лёну 600, каноплі 50, буракоў 90 пудоў. Яшчэ былі капуста і канюшына. Пералік вырошчваемай сялянамі Пугаўкамі прадукцыі дае падставы зрабіць вывад пра спецыялізацыю ў раслінаводстве перш за ўсё на вытворчасці і продажы лёну.


Далей ідзе пералік жыўнасці. Першымі ў спісе названы пчолы — 18 вулляў коштам 329 рублёў, потым азначана сем коней (980 руб.), 36 кароў (380 руб.), 52 авечкі (260), 30 свіней (100), 51 гусь (15), 13 курэй (13 руб.). Такім чынам, другі напрамак спецыялізацыі гаспадаркі — мяса-малочны. Аб гэтым сведчыць вялікая колькасць кароў і свіней, іх зашмат для патрэб нават трох сем’яў.


Сярод сельгасінвентару, якім валодалі Пугаўкі, самая дарагая машына — малатарня коштам 420 рублёў і конны прывад для яе (яшчэ 130). Наступная рэч — сячкарня для рэзкі саломы (30 руб.), дзве веялкі або арфы па 20 рублёў, пушарка за 20, механічная льнамялка за 30, пяць ручных мялак — за ўсе пяць рублёў.


Гаспадары мелі шмат розных фурманак. Першымі названы калёсы з жалезнай воссю коштам 40 рублёў, тры панарады з драўлянымі восямі; трое караў для перавозкі сена ці саломы, ацэнены кожныя па 20 рублёў. Асобна названы колы для фурманак — тры пад драўляную і адно пад жалезную вось. Для парадных выездаў у Пугавак была лінейка за 30 рублёў і брычка за 80. Яшчэ названы лёгкія зімовыя сані за 15 рублёў, трое саней для перавозкі грузаў за дзевяць. Пералічана і ўся неабходная вупраж: 12 хамутоў, каб запрагаць калёсы (за ўсе — 82 рублі), сем аромых хамутоў за 80 руб., сем падсядзёлкаў за 16, шэсць дуг за шэсць рублёў. У спіс уключаны чатыры пары раменных гужоў для аромых хамутоў, дзве пары раменных лейцаў, чатыры аброці за два рублі, адны цуглі для аброці за рубель. Сем плугоў каштавалі 60 рублёў, пяць баронаў — 10. Сярод вупражы былі сядло і пакрывала, каб накрываць каня зімою.


У пералічаную маёмасць уключаны інструменты: пяць сякер па рублю, тры аднаручныя пілы і адна двуручная, тры далоты, шэсць гэбляў па такой жа цане, затое корба за 120, чатыры “крывыя” сякеры за тры рублі, тры малаткі — за два. У гаспадарцы была адна матыка за рубль, адны вілы для гною, двое — для сена, пяць сярпоў, чатыры касы, адзін разак для ворыва пусташы, адзін вох (?), тры нажы для апрацоўкі лёну, адзін жалезны шуфель.


Сярод маёмасці пералічаны разнастайныя скуры: сырамятая, мяккая, ласіная, сырая па 10-20 рублёў, тры аўчыны па тры рублі. З мэблі названы два сталы за тры рублі, тры шафы па 10, пяць куфраў па 20, дзве канапы за шэсць, пяць крэслаў за 10 рублёў, чатыры ложкі за такую ж суму. У сям’і знаходзілася нават панская рэч — грамафон коштам 80 рублёў. З хатніх рэчаў названы дзевяць карабоў за 18 рублёў, сем дзежак з дошак за 21, тры самавары за 27, два гадзіннікі за 25, чатыры абразы за пяць, дзве лямпы за пяць рублёў. Вельмі дорага ацэнены чамусьці хатні посуд: тры міскі коштам 80 рублёў, два чайнікі за 60 і малочнік за такія ж грошы, калі сем катлоў па рублю. Хутчэй за ўсё гэта фірменныя вырабы з парцаляны, бо далей пералічаны іншыя сталовыя прылады без пазначэння іх кошту: 12 талерак, па восем відэльцаў і сталовых нажоў, адна цукарніца. Для вады было два вядры і дзве даёнкі для малака. На ложках знаходзілася 13 падушак па 10 рублёў кожная, адна пярына і дзевяць коўдраў за 40.


У спісе пералічваецца верхняе адзенне. Чатыры футры за 200 рублёў, чатыры паўшубкі за 40, два восеньскія паліто за 45, два армякі за 10, адзін пінжак за шэсць, тры касцюмы за 75, два летнія паліто за 30, адно футра жаночае за 36 рублёў, столькі ж каштавалі два летнія жаночыя паліто, тры сакі жаночыя ацэнены ў 15 рублёў. У гардэробе яшчэ знаходзілася 12 жаночых сукенак за 106 рублёў. З абутку пералічаны трое жаночых ботаў за 15 рублёў, тры пары галёшаў за 12, тры пары мужчынскіх ботаў за 20 руб. Названы нават гіра і бязмен коштам за дзве рэчы тры рублі. У гаспадароў былі дзве стрэльбы, два брэдні для лоўлі рыбы. У пералік уключаны 105 дошак, скрынка для мукі і штаба з жалеза, каб зачыняць дзверы.


Як маёмасць названа 25 дзесяцін лесу коштам 1000 рублёў, а таксама садовыя дрэвы: шэсць груш, 46 яблынь, 50 вішняў і сліў. Як бачым, за трыццаць год колькасць лесу скарацілася на восем дзесяцін.


У схованцы яшчэ знаходзіліся тры планы з міжваеннага часу. Усе яны адносяцца да 1935 года , калі фальварак раздзелены на парцэлы (асобныя ўчасткі) для сем’яў нашчадкаў. Самы вялікі быў у 22,6 гектара, з іх ворыва займала 12,24 га, лес — 6,5, сенажаці — 2,3. Два іншыя планы складзены на плошчы 3,8 і 4 га. Выканаў чарцяжы інжынер-землямер Казімер Блажэвіч. На жаль, на дакументах няма прозвішча, каму былі выдзелены парцэлы. Але праз 15 год у пастанове ваеннага трыбунала войскаў МУС па Полацкай вобласці сярод асуджаных уладальнікаў кулацкіх гаспадарак знаходзіцца прозвішча Пугаўкі Ювеналія Адольфавіча. Яшчэ адзін нашчадак з гэтай сям’і — Пугаўка Аркадзь Купрыянавіч—ваяваў супраць фашыстаў на фронце, стаў настаўнікам гісторыі і працаваў на Міёршчыне. Лёс іншых нашчадкаў Адама Пугаўкі трэба высвятляць.

Фота для ілюстрацыі.
В. АНТОНАЎ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 96 376
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 77 128
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 48 779
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 39 344
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 38 085
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 35 229
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 24 201
  • 2
Курс валют НБРБ
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 25 апреля 2019
Василий, Давид, Иван, Сергей, Мария, Марфа

Именины 24 апреля 2019
Ефим, Иван, Николай, Петр, Прохор, Яков

Госці краін
free counters
Партнеры сайта