Авторизация
 

15 жніўня 1918 года створана Віцебская губернская міліцыя. Зазірнём у Міёры

 15 жніўня 1918 года створана Віцебская губернская міліцыя. Асобнымі главамі ў аповяд пра міліцыю Віцебшчыны ўпісваюцца гісторыі раённых падраздзяленняў. Якім дзясяткі год таму быў Міёрскі РАУС, як змяняўся і развіваўся, з чым мелі справу праваахоўнікі мінулага? Размаўляем пра гэта з ветэранам міліцэйскай службы, падпалкоўнікам у адстаўцы Раманам Браніслававічам ФУРСАМ. 

У МІЁРСКІМ РАУС Раман Браніслававіч прайшоў прыступкі службовага росту ад участковага інспектара да начальніка аддзела. Міліцэйскі прафесійны старт дэмбелю-дэсантніку далі летам 1969 года.


 — Аддзел унутраных спраў у райцэнтры знаходзіўся па вуліцы Леніна. Гэты белы аднапавярховы будынак і цяпер побач з поштай стаіць. Узначальваў міліцыю Міёршчыны Міхаіл Рыгоравіч Столпер, удзельнік вайны. Увогуле большасць тагачасных праваахоўнікаў прайшлі ваеннымі дарогамі, — расказвае субяседнік. — Штат невялікі. Разам з начальнікам сорак чатыры атэставаныя супрацоўнікі. Служба ДАІ складалася са старшага дзярж- аўтаінспектара і двух інспектараў дарожнага нагляду. З васьмі ўчастковых я быў самы малады.


 НАВАБРАНЦУ даверылі тры сельсаветы — Узмёнскі, Даўгінаўскі і Павяцкі. Выдалі форму. Як і цяпер, прадугледжваліся летні і зімовы варыянты. У халодную пару ўчастковыя насілі валёнкі, кажух, ватныя штаны, шапку-вушанку. Мелі ў гардэробе кальсоны і кашулі, парцянкі, шкарпэткі, туфлі, чаравікі, хромавыя і ялавыя боты, парадны касцюм. Вырабленая з якасных матэрыялаў амуніцыя служыла доўга.
Перш чым самастойна прыступіць да службовых абавязкаў, Раман Фурс чатыры месяцы знаёміўся з асноўнымі накірункамі работы пад кіраўніцтвам намесніка начальніка РАУС Івана Аляксандравіча Адамовіча. Успамінае яго як вопытнага і дасведчанага супрацоўніка.
Затым маладога міліцыянера накіравалі ў рэспубліканскую школу падрыхтоўкі малодшага і сярэдняга кіраўнічага саставу МУС. У сакавіку 1970 года вярнуўся на свой участак у званні малодшага лейтэнанта.


УЧАСТКОВЫЯ інспектары міліцыі трымалі на кантролі сямейных скандалістаў, дармаедаў, ажыццяўлялі пажарны нагляд, выяўлялі самагоншчыкаў. За хатнюю вытворчасць спіртнога каралі строга — 200-300 рублёў штрафу. Для параўнання, заробак участковага складаў 120 рублёў.


Кожную раніцу Раман Фурс пачынаў з тэлефонных званкоў. У доме ў Слабадзе, які прадаставілі як службовае жыллё, апарат ужо меўся. Звязваўся з кіраўнікамі гаспадарак і сельсаветаў, цікавіўся абстаноўкай, каб спланаваць рабочы дзень. На здарэнні ехаў на кані. Жывым транспартам у пачатку 70-х карысталіся ўсе ўчастковыя інспектары міліцыі ў раёне.


 — Чые ўчасткі недалёка знаходзіліся, на нарады ў Міёры на конях прыязджалі, — успамінае Раман Браніслававіч. — У аўтапарку аддзела — тры адзінкі тэхнікі. ГАЗ-69, яго яшчэ “казялком” называлі. ГАЗ-51, вядомы ў народзе як “варанок”, а мы жартам празвалі яго “блакітнай стралой” з-за колеру. І грузавая машына, на якой вазілі авёс для коней. Служба ДАІ мела адзін матацыкл. Напрыканцы 70-х атрымалі першы “Масквіч”, затым “Жыгулі”. Сувязь, у параўнанні з сучаснай, таксама была сціплай. Радыёстанцыя з’явілася ў дзяжурнага ў 1971 годзе. Яшчэ двума абсталявалі службовыя машыны. Але звязваліся толькі на блізкай адлегласці.


СЛУЖБОВЫ матацыкл М-72 Раман Фурс атрымаў у 1973-м. Кажа, гэта стала вялікім шчасцем. Праўда, ненадоўга. У хуткім часе маладога перспектыўнага супрацоўніка прызначылі старшым інспектарам наружнай службы (цяпер гэта пасада начальніка аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі). Матацыкл пакінуў пераемніку, сам застаўся без калёс. На новай пасадзе асобны транспарт не прадугледжваўся. А пакалясіць давялося. Ездзіў на Каўказскія мінеральныя воды шукаць злодзея, што ўчыніў крадзеж на яго былым участку. Злачынцу даставілі ў Міёры. На балоце Ельня ўначы вартаваў труп забітай жанчыны, які не атрымлівалася вывезці адразу. У Мінску шукаў студэнтаў педінстытута. Яны забралі іконы, кнігі і іншыя рэчы з царквы.


— У 70-80-я гады крадзяжы з цэркваў былі даволі распаўсюджанымі. Здараліся і ў нас, — Раман Браніслававіч. — Аднойчы паступіла паведамленне, што прапала маёмасць з зачыненай царквы ў вёсцы Сцефанполле. Гэта на мяжы Міёрскага і Шаркаўшчынскага раёнаў. На момант здарэння ў калгасе дапамагалі капаць бульбу студэнты сталічнай ВНУ. Падазравалі іх. Паехаў у Мінск. Правёў там тыдзень, пакуль высветліў абставіны. Аказалася, чацвёра хлопцаў забралі царкоўную маёмасць не дзеля карыслівай нажывы. Цікавіліся рэлігійнай тэмай і такім чынам хацелі вывучыць яе глыбей. Шкада стала студэнтаў. Узбудзіць крымінальную справу — значыць, паставіць крыж на іх будучыні. Дамовіліся так: яны аддаюць украдзенае і на гэтым кропка. Рэчы прывёз назад у трох рукзаках. Пасля перадаў іх святару.


НОВЫ змест у міліцэйскія зводкі ўнеслі 90-я гады. Міёрскія праваахоўнікі затрымлівалі машыны, якія з Чалябінска незаконна перавозілі ў Латвію медзь. Крадзяжы каляровых металаў набылі асаблівую “папулярнасць”. Зладзеі здымалі лініі электраперадач, пакідаючы без электрычнасці вёскі. Злівалі трансфарматарнае масла з падстанцый, каб пасля выгадна прадаць.


У гэты час Раман Браніслававіч узначальваў раённы аддзел унутраных спраў. Калектыў павялічыўся да 57 супрацоўнікаў. Дзейнічала падраздзяленне ў Дзісне. Менавіта дзісенскія міліцыянеры сядзелі ў засадзе, чакаючы тых, хто краў паліва з прадуктапровада ЛВДС у вёсцы Цвеціна. Затрымалі злачынцаў, калі тыя напаўнялі бензавозы з манаметрычнага калодзежа. Дзейнічала група, у змове з якой быў колішні супрацоўнік лінейнай станцыі.


— Праблемным участкам пасля распаду Савецкага Саюза стала тэрыторыя, што межавала з Латвія, — расказвае Раман Браніслававіч. — Яшчэ не наладзіла дзейнасць пагранічная служба, латышы ўначы на лодках пераплывалі да нас і кралі жывёлу ў сяльчан. Такія злачынствы здараліся ў вёсцы Чурылава Павяцкага сельсавета. Мы трымалі сувязь з калегамі ў Латвіі, сумеснымі намаганнямі стараліся выявіць злачынцаў.


 З БЫЛЫМ начальнікам міліцыі ў Даўгаўпілсе Віктарам Серафімавічам Каратковым звязваюцца і цяпер. Толькі не па тэлефоне, а праз скайп. Ёсць што прыгадаць і абмеркаваць. У мабільным Рамана Браніслававіча запісаны нумары колішніх і цяперашніх калег. Падпалкоўнік у адстаўцы ўзначальвае раённую пярвічку Беларускай грамадскай арганізацыі ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войск. Часты госць у аддзеле. У пачатку жніўня прымаў віншаванні з нагоды свайго юбілею.


Міліцэйскай службе Раман Фурс прысвяціў трыццаць тры гады. Пачынаў на кані, завяршыў за камп’ютарам. Заслужаны адпачынак праводзіць на дачы побач з райцэнтрам. Займаецца агародам і пчальніком, рыбачыць на ваколічных вадаёмах, вырошчвае таматы. Вядзе спакойны і размераны лад жыцця. А ў снах часта прымае трывожныя званкі і спяшаецца на месца здарэння. 

ГІСТАРЫЧНАЯ ДАВЕДКА:

Міліцыя на Міёршчыне створана 4 снежня 1939 года пасля далучэння Заходняй Беларусі да Беларускай СССР. На той час тэрыторыя цяперашняга Міёрскага раёна была часткай Дзісенскага ўезду, што ўвайшоў у склад Вілейскай вобласці.

На фота:  Раман Браніслававіч Фурс у службовым кабінеце. 

Былы будынак Міёрскага РАУС па вуліцы Леніна.

Урачыстая нарада з нагоды Дня Савецкай міліцыі. 10 лістапада 1981 года.

Начальнік РАУС Арсеній Макаравіч Філіпаў праводзіць інструктаж. 80-я гады.

Супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў на парадзе.

Здымкі з архіва Міёрскага РАУС.

Кацярына РЫНКЕВІЧ. 

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 96 297
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 76 906
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 48 396
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 39 209
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 37 940
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 35 155
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 24 128
  • 2
Курс валют НБРБ
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 20 апреля 2019
Аркадий, Георгий, Даниил, Петр, Акулина, Евдокия

Именины 19 апреля 2019
Григорий, Иван, Павел, Петр, Севастьян, Яков

Госці краін
free counters
Партнеры сайта