В Миорской библиотеке состоялась презентация очередной книги краеведа Витольда Ермалёнка
gazeta 20-04-2018, 15:55 1 197 Гісторыя краю
"Родны край: вядомы і невядомы”. Такімі словамі рэкламны шчыт ля раённай бібліятэкі запрашаў 11 красавіка наведаць прэзентацыю кніг краязнаўцы Вітольда Ермалёнка. Ён не перабольшваў, бо з вуснаў чалавека, які ведае мясцовую гісторыю да драбніц, нават вядомыя падзеі і факты, дапоўненыя даўно забытымі падрабязнасцямі, дадатковымі звесткамі і асабістымі ўражаннямі, гучаць па-новаму, захапляльна. Калі дадаць дэталі пошукаў, атрымліваецца сапраўдны дэтэктыў, слухаць які можна бясконца.
Менавіта так атрымалася і на гэты раз. Вітольд Антонавіч працягвае вывучаць мінулае Міёршчыны, напаўняць экспазіцыі музеяў. І ўмее пра ўсё захапляльна расказваць.
Не вычарпаў планы на будучыню. Больш таго, прыйшоў да высновы, што такой дзейнасці мала. Трэба, каб вынікі пошукаў станавіліся агульнавядомымі. Адсюль — шматлікія публікацыі ў раённай газеце і іншых перыядычных выданнях, уклад у стварэнне кнігі “Памяць. Міёрскі раён”, матэрыялы для рэкламных буклетаў. І новы этап — мэтанакіраванае напісанне краязнаўчых кніг.
За апошнія гады пабачылі свет яго творы “Цярністы шлях паўстанца-скульптара”, “Чароўных вандровак пярсцёнкі”, і зусім нядаўна — “Паляўнічыя за таямніцамі”. Пра намаганні стварэння кожнай падрабязна расказаў аўтар. Атрымалася нібы вялікае падарожжа па родным краі. Невыпадкова на тэлеэкране над выявамі кніг размяшчаўся падзагаловак “Шляхамі вандровак Вітольда Ермалёнка”.
На прэзентацыю прыйшлі ветэраны, якія таксама захапляюцца мінулым роднага краю, наогул творчыя людзі, былыя і цяперашнія (у дадзеным выпадку сённяшні актыў — васьмікласнікі СШ №3) удзельнікі гісторыка-краязнаўчага гуртка “Арганаўты мінулага”, які на працягу чатырох дзясяткаў гадоў узначальвае Вітольд Антонавіч. Такое працяглае існаванне аб’яднання па інтарэсах для школьнікаў — ужо сама па сабе з’ява!
Вітольд Антонавіч пачаў рыхтаваць публікацыі для раённай газеты у 1977 годзе пасля пачатку працоўнага шляху на Міёршчыне. Сярод першых нарыс пра паўстанца-скульптара Генрыка Дмахоўскага. Дапоўнены новымі звесткамі і здымкамі, ён лёг у аснову брашуры. Пра яе на прэзентацыі расказаў буктрэйлер — рэкламны відэаролік, падрыхтаваны намаганнямі бібліятэкара СШ №3 Дзіяны Варона.
Вандроўкі па родным краі — абавязкова няспешныя, веласіпедныя — натхнілі Вітольда Антонавіча на стварэнне турыстычных маршрутаў — “пярсцёнкаў”. Па кожным дадзены падрабязныя тлумачэнні, своеасаблівыя напаміны што паглядзець, з кім сустрэцца, якую гістарычную каштоўнасць мае кожны аб’ект.
Апошняя кніга “Паляўнічыя за таямніцамі” нібы канкрэтна пра дзейнасць юных “арганаўтаў”. З такім жа правам яе можна назваць маленькай краязнаўчай энцыклапедыяй Міёршчыны. Яна пра пошукі і шукальнікаў, пра помнікі і гістарычныя падзеі, знакамітых людзей нашай мясцовасці. І нястомную краязнаўчую працу самога Вітольда Антонавіча.
Што патрэбна, каб у чалавека не згасаў творчы агеньчык, адказала зямлячка гісторыка і нядаўні дырэктар СШ №3 Валянціна Атрошка: кіраўнік па меншай меры не павінен перашкаджаць энтузіясту, а лепш за ўсё яго падтрымаць.
— Ганарымся чалавекам, які гарыць сам і запальвае іншых, — казала яшчэ адна зямлячка галоўнага героя падзеі настаўніца Слабодкаўскай школы на Браслаўшчыне Святлана Ракіцкая. Яна ўражана экскурсіяй па “Сялянскай хаце” і ўдзячна Вітольду Антонавічу за кнігу, якую абяцала размясціць у музеі школы, дзе вучыўся аўтар.
Аўтарытэтам у арганізацыі і правядзенні экскурсій заўсёды лічыла Вітольда Ермалёнка дырэктар раённага гісторыка-этнаграфічнага музея Аксана Лагунёнак: “На яго спадчыне вучылася. Ён заўсёды дапаможа, падтрымае, падкажа накірунак пошукаў. Ніколі не мінае выстаў і іншых мерапрыемстваў у раённым музеі, тактоўна выкажа заўвагі”.
Пра тое, што на занятках у гісторыка-археалагічным гуртку было цікава, выказаліся колішнія і цяперашнія “арганаўты”. Асабліва застаюцца ў памяці дзяцей раскопкі, пошукі, выяўленыя артэфакты, пачутыя легенды і паданні. Далёка не ўсе выхаванцы Вітольда Антонавіча звязваюць лёс з гісторыяй, педагогікай, выхаваўчай работай, а вось цікавасць да краязнаўства — гэта назаўсёды.
— Бескарысліва апантаных людзей мала. Нам пашанцавала, што маем Вітольда Антонавіча, — нібы падвёў вынікі сустрэчы наш зямляк з Белеўцаў, а цяпер пісьменнік з Шаркаўшчыны Міледзій Кукуць.
У якасці прыкладу энтузіястаў роднага краю заўсёды прыводжу прыклад Вітольда Антонавіча. Ён не мае афіцыйнага штату, выдзеленага бюджэту, загружаны службовымі і сямейнымі абавязкамі не менш за іншых. Але гэта не перашкаджае яму займацца краязнаўствам, ствараць музеі, праводзіць экскурсіі, выхоўваць юных памочнікаў, удзельнічаць і выступаць на канферэнцыях і чытаннях, а цяпер — і пісаць кнігі.
Вітольд Ермалёнак пераадолеў рубеж пенсіённага ўзросту, аднак творчы патэнцыял далёка не вычарпаў. У планах — ствараць новыя музеі, пісаць кнігі. Сваім абавязкам ён лічыць выпраўленне памылак і недакладнасцей, якія закраліся ў публікацыі пра нашу Міёршчыну.
Фота аўтара.
Леанід МАТЭЛЕНАК.
P.S. Словы шчырай удзячнасці работнікам раённай бібліятэкі і вядучай Святлане Матэленак за змястоўнае і цікавае мерапрыемства.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.