Авторизация
 

Фальварак Галянішчава ў 1757 годзе

 Прапаную пазнаёміцца, як у 18-ым стагоддзі жылі нашы продкі. Матэрыял будзе цікавым і для тых, хто імкнецца скласці свой радавод. Поўнасцю ён надрукаваны ў №2 “Міёрскай даўніны”, штомесячніку музейнай рады СШ №3.

Сярод матэрыялаў Віцебскага земскага суда захаваўся дакумент №81/129 на польскай мове з назвай “Інвентар фальварка Галянішчава Браслаўскага павета з вёскамі Сураўцы, Астраўляны, Вазаўнікі, Наўгароды, Чахоўшчына”. Яго напісаў браслаўскі пісар Белліковіч 27 студзеня 1757 года. Дарэчы, Белліковічы з’яўляліся ўладальнікамі маёнтка Мёры, цяпер гэта Дубашынскі Двор.


На той час фальварак Галянішчава быў у заняпадзе, яго будынкі, акрамя гумна і бровара, патрабавалі рамонту. Пры ім разам з сенажацямі налічвалася шэсць валок (валока — 21,36 га) зямлі. Частку ўгоддзяў займала жыта, яго пасеяна 13 бочак віленскіх (гэтая бочка ўмяшчала 406,5 літра або 18 пудоў зерня). Да фальварка адносіўся засценак Курганоўшчына, дзе адна валока не апрацоўвалася — пустоша. Другі засценак Жарсцянка (пазней — Жвіранка) меў толькі карчму і адну прыдатную для арэнды валоку. Трэці засценак трымалі гаспадары Сураўцы.


Вёска Сураўцы
У ёй жылі зямяне. Так у Вялікім княстве Літоўскім называлі насельніцтва, якое несла ваенную службу. Частка яго была заможнымі сялянамі або дробнай шляхтай.
У вёсцы налічваліся чатыры дымы — гаспадаркі асобных сем’яў з землямі, сенажацямі, жыллём і гаспадарчымі пабудовамі, якія абкладваліся адзіным — падымным падаткам. У дадзеным выпадку кожны з гаспадароў плаціў пану па 30 злотых грашыма (для параўнання: бочка жыта каштавала 12 злотых, баран — два злотыя, гусак — 20 грошаў), аддаваў трох курыц і паўтары талькі нітак. Талькай называлі маток прадзіва, які атрымліваўся з 1 фунта (450 г) лёну.


Гаспадарамі ў вёсцы былі Юзаф Суравец (нежанаты, жыў разам з маці і трыма незамужнімі сёстрамі); Сямён Прышчэп або Міклашэвіч (жанаты, меў трох сыноў і дачку); Андрэй Суравец (жанаты, меў сына і дачку, жыў разам з нежанатым братам) і Андрусь Суравец (у сям’і чатыры сыны і тры дачкі). Усе разам яны плацілі пану Бужынскаму 120 злотых, аддавалі 12 курэй і шэсць талек нітак.
У засценку памерлага Пятроўскага былі дзве валокі зямлі.


Вёска Астраўляны
Яе яшчэ называлі Астроўна, мы яе ведаем як Вострава. Там налічвалася сем гаспадарак і 12 валок зямлі. Кожная сям’я плаціла падымных 14 злотых, дзякла было тры курыцы і паўтары талькі нітак.


Гаспадарамі з’яўляліся Асташка Суравец (меў сына і дачку), Паўлюк Чарневіч (меў сына, разам жыў зяць Герасім Катловец з сынам), Балтрук Чарневіч (у сям’і адзін жанаты і два халастыя сыны), Сцяпан Шэнда (разам жылі дачка і чатыры сыны, з іх два са сваімі дзецьмі), Нікіпар Міхайлёнак гадаваў дваіх сыноў, Антон Язёнак — траіх і дачку з зяцем, Мацей Манкевіч утрымліваў двух дзяцей.


Да вёскі належала пустоша, на якой засталіся толькі будынкі памерлага Кузьмы Язёнка.


Агулам Астраўляны плацілі 98 злотых чыншу, у якасці дзякла — 21 курыцу і 10,5 талькі прадзіва.


Вёска Вазаўнікі
У ёй налічвалася восем дымоў і 16 валок зямлі. Першым гаспадаром названы Змітрок Ставалер, у сям’і пяць сыноў, старэйшы жанаты. Разам аддавалі 34 злотыя, трох курыц і паўтары талькі нітак. Нежанаты Сямён Глебка з братам і сястрой меў палёгку — аддаваў чатыры злотыя, дзвюх курыц і адну тальку. Затое сямейныя Пётр Суравец, Аляксандр Вішнеўскі, Францішак Гірэль выдзялялі па 40 злотых, чатыры курыцы і дзве талькі. Меншую суму адлічваў удавец Аляксей Шэдзька. Сямён Маніч і Змітрок Кароль мелі толькі агароды і лічыліся бабылямі. Увогуле Вазаўнікі давалі пану 182 злотыя чыншу, 21 курыцу дзякла і 10,5 талькі прадзіва. Акрамя гэтага, вяскоўцы мусілі ў панскім двары ставіць агароджы, рабіць карыты, збіраць па капе (60 штук) баравікоў, па гарнцы (3,7 літра) арэхаў і ягад. А яшчэ — займацца паншчынай (ворывам, касьбой, жнівом і іншымі работамі), старажоўшчынай.


Вёска Наўгароды
Ужо ў той час гэта быў вялікі населены пункт — налічваў 14 дымоў, якім належала 15,5 валокі зямлі. Сяльчане плацілі пану па 12-24 злотыя чыншу і чатыры-восем злотых падарожчыны. Даводзілася разлічвацца дадаткова за сенажаці — 22 талеры за лугі ў пушчы за Белеўцамі. Карыстанне прыёмнай зямлёй і сенажацямі абыходзілася ў 75 тымфаў (адзін тымф — 18 грошаў). Арэнда карчмы каштавала 32 бітыя талеры.
Усяго з вёскі арандатар меў 246 злотых 23 грошы чыншу, 78 злотых 4 грошы падарожчыны.


Сем’і, як правіла, былі вялікія, нярэдка пад адным дахам жылі са сваімі сем’ямі дзеці або браты ці сёстры гаспадара.
Вось тагачасныя прозвішчы жыхароў Наўгародаў: самае распаўсюджанае — Кукуцёнак (да нашага часу дайшло як Кукуць), Лакотка, Козел, Шэўчык, Тамкавід, Бернардын, Садоўскі, Валынец, Манкевіч, Шудзель, Канашонак.


Вёска Чахоўшчына
У ёй у сямі дымах з васьмю валокамі зямлі лічыліся гаспадарамі Дамінік Тамкавід, Ян Мурзіч, Міхал і Ян Закрэўскія, Прохар Вайцяховіч, Канстант Кот і Стэфан Драздовіч. Усе мелі вялікія сем’і. Плацілі па 10-28 злотых чыншу, два-восем злотых падарожчыны. Шляхціц Стэфан Драздовіч разлічваўся толькі за чынш, не меў падарожчыны, а каб не выконваць іншыя павіннасці — уносіў дадаткова 11 тымфаў.
Такім чынам з вёскі пан меў 117 злотых 29 грошаў чыншу і 33 злотыя 27 грошаў падарожчыны.


***
Акрамя асноўных павіннасцей цяглыя сяляне ўдзельнічалі ў паншчыне — працавалі на палях уладальніка па дні ў тыдзень з кожнай валокі і на шасці “гвалтах” за год. “Гвалт” — гэта работы, выкліканыя надзвычайнымі абставінамі. З пяці валокаў выстаўлялася адна фурманка за год да Вільні ці Рыгі. Але ў такім выпадку не трэба было фурману плаціць падарожчыну.


Яшчэ сяляне аддавалі палову мёду, па чарзе вартавалі панскі двор, зімою тры дні лавілі рыбу. Па даўняй завядзёнцы займаліся малацьбой і будаўніцтвам у пана.


Сяляне-чыншавікі разлічваліся з панам за два тыдні да Каляд, пры патрэбе ездзілі з пісьмамі, у прыпар на тры дні выходзілі на жніво, калі патрабавалася — з канём. Яшчэ кожны дым плаціў чопавае — за выраб гарэлкі або піва.

Вітольд ЕРМАЛЁНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 24 июня 2021
Мария, Ефрем

Именины 23 июня 2021
Александр, Алексей, Андрей, Василий, Герасим, Иван, Игнатий, Илья, Иннокентий, Кузьма, Макар, Николай, Павел, Тимофей, Анна, Антонина, Семен

Госці краін

free counters
Партнеры сайта