Авторизация
 

"Пасля вызвалення Беларусі дзядулю прызначылі старшынёй Міёрскага райвыканкама"

 У нумары за 27 студзеня "Сельская газета" прысвяціла вялікі артыкул Герою Сацыялістычнай Працы М.А. Клімянку. Гэтае высокае званне Максіму Аляксандравічу як старшыні калгаса імя Чапаева на Глыбоччыне прысвоена 30.04.1966 за павелічэнне вытворчасці і нарыхтовак лёну. Літаральна адным сказам сказана, што ён "стаў актыўным барацьбітом з фашыстамі, прымаючы ўдзел у баявых аперацыях на Віцебшчыне". Яшчэ адзін напамін унучкі Тамары Лаўрыновіч: "Пасля вызвалення Беларусі дзядулю прызначылі старшынёй Міёрскага райвыканкама".  Гэтыя два моманты больш шырока раскрывае раённая кніга "Памяць". Да названых дзвюх крыніц звестак  дадаў факты з энцыклапедычных выданняў і інтэрнэту. Атрымалася наступная публікацыя.

Максім Клімянок нарадзіўся 2(15) мая (так сцвярджаюць "Сельская газета" і інтэрнэт, а па "Беларускай савецкай энцыклапедыі" — 15 (28) мая) 1902 года ў вёсцы Ніжнія Жары Брагінскага (па БСЭ — Рэчыцкага) раёна ў сям'і малазямельных сялян. Атрымаў толькі пачатковую адукацыю, бо разам з сёстрамі з ранняга дзяцінства пасвіў жывёлу ў аднавяскоўцаў, дапамагаў бацькам адпрацоўваць падзёншчыну ў агародзе і на полі ў памешчыка Рыбакова. Той быў умелым, эканомным і патрабавальным гаспадаром. Гэтыя якасці Максім пераняў і эфектыўна выкарыстоўваў у наступным.


Пасля ўстанаўлення Савецкай улады ў 1918 годзе Максім Клімянок быў паставым на Дняпры, потым — памочнікам бакеншчыка ў роднага дзядзі. Прымаў удзел у забеспячэнні праходу Дняпроўскай флатыліі Чырвонай Арміі, якая скіроўвалася на барацьбу з Дзянікіным, нёс службу ў перыяд савецка-польскай вайны. У 1924-ым яго прызвалі на тэрміновую службу ў армію, там вучыўся палітграмаце, уступіў у камсамол. Як вярнуўся ў родныя мясціны, стаў актыўным удзельнікам калектывізацыі сельскай гаспадаркі. У Ніжніх Жарах вясной 1928-га арганізаваў калгас імя Пятроўскага (пазней перайменаваны ў "Новадняпровец"), дзе адначасова з'яўляўся старшынёй, бухгалтарам і брыгадзірам, а яшчэ побач з усімі працаваў у полі. Пачынаць цяжка, перашкаджалі недавер сялян (са ста двароў у калгас уступілі 53) і пясчаныя буры. Але адваявалі 26 гектараў для сяўбы ў лесу, пасадзілі сад, пабудавалі клуб і жыллё. Дзякуючы добраму ўраджаю ў 1930-м купілі першыя сельгасмашыны.


Праз год Максіма Клімянка накіравалі старшынёй у калгас імя Калініна ў вёсцы Власы. За паўтара гады вывеў гаспадарку з адстаючых у перадавыя дзякуючы ўмацаванню дысцыпліны, належнай арганізацыі працы, укараненню ворыва зябліва, сяўбы радковымі сеялкамі, баранавання азімых, травапольных севаабаротаў. Там уступіў у партыю.


Потым паспяхова кіраваў калгасамі "Чырвоны барацьбіт" і "Рухавік рэвалюцыі", Камарынскай МТС. З пачаткам Вялікай Айчыннай эвакуіраваў тэхніку машына-трактарнай станцыі ў Пензу, а самога яго накіравалі старшынёй калгаса "Адраджэнне" ў Карагандзінскай вобласці. Там адпрацаваў толькі год. Пасля чарговага звароту накіраваць на фронт трапіў у школу падрыхтоўкі партызанскіх кадраў пры Беларускім штабе партызанскага руху. Там на двухмесячных курсах вучылі партыйна-камсамольскіх работнікаў — арганізатараў партызанскіх атрадаў.


Значна пазней камандзір брыгады імя М.І. Калініна Ф.Н. Гаўрыленка сведчыў: па загадзе Беларускага штаба партызанскага руху ў ліпені 1943 года нам трэба было з байцоў брыгады Уткіна стварыць свой партызанскі атрад. Хутка 50 чалавек накіраваліся ў доўгі і цяжкі шлях. Ля станцыі Зябкі непрыкметна перайшлі чыгунку Маладзечна-Полацк, фарсіравалі раку Дзісну і размясціліся на граніцы Міёрскага і Дзісенскага раёнаў. Хутка прыбыў створаны такім жа чынам другі атрад, дзе камандзірам быў К.З. Карабкоў, а камісарам — М.А. Клімянок. Так утварылася ядро будучай брыгады імя М.І. Калініна. У жніўні на базе гэтага фарміравання быў арганізаваны Міёрскі падпольны райкам КП(б)Б пад кіраўніцтвам Ф.Н. Гаўрыленкі і райкам камсамола, дзе першым сакратаром стаў Міхаіл Крашэўскі, а потым — Ананій Міхасёнак. Максім Клімянок спачатку з'яўляўся камісарам атрада, потым — камісарам брыгады і членам райкама партыі.


Брыгада разграміла бліжэйшыя варожыя гарнізоны, вяла растлумачальную работу сярод насельніцтва, наладзіла выпуск газеты і лістовак, стварала антыфашысцкае і камсамольска-маладзёжнае падполле. На возеры Ельня дзейнічаў аэрадром. Множыліся рады партызан, іх баявая актыўнасць. Неспакойна адчувалі сябе гарнізоны ў Міёрах, Дзісне, Шаркаўшчыне, Лужках. Вясной 1944-га сюды прыбылі 4-я Беларуская партызанская брыгада і Смаленскі партызанскі полк. Баявыя дзеянні супраць захопнікаў яшчэ больш актывізаваліся. Тады фашысты накіравалі карную экспедыцыю. Брыгада імя М.І. Калініна цаной вялікіх страт прабілася з акружэння і 2 ліпеня 1944 года ўдарыла ў тыл немцам, якія супрацьстаялі наступаючым байцам Савецкай Арміі ў Новым Пагосце.


Пратаколы падпольнага райкама партыі і партыйных сходаў брыгады сведчаць пра справы, якімі напярэдадні вызвалення даводзілася займацца ў тым ліку М.А. Клімянку. Гэта найперш мацаванне баявой дысцыпліны партызанскіх радоў, агітацыйная работа сярод насельніцтва і сельскагаспадарчыя справы.


Пасля вызвалення раёна 10 ліпеня 1944 года адбылося першае пасяджэнне ўжо не падпольнага Міёрскага райкама партыі, на ім зацверджаны склад райсавета дэпутатаў працоўных. Гэты дзень і трэба лічыць першым рабочым днём Максіма Клімянка на новай пасадзе старшыні раённага выканаўчага камітэта. Пачаўся цяжкі перыяд аднаўлення народнай гаспадаркі, колішніх калгасаў, школ, медыцынскіх і іншых устаноў, пошты і сувязі, мабілізацыі ваеннаабавязаных, уліку пасяўных плошчаў, укамплектавання нарыхтоўчых арганізацый, разгортвання лясных распрацовак, накіравання рабочай сілы на будаўніцтва чыгункі… Пачынаюць дзейнічаць МТС (рыхтуе жняяркі да ўборкі), тры цагельныя і столькі ж вапнавых заводаў, лесапілка, воўначасалка, млыны, электрастанцыя, адкрыта 10 хат-чытальняў, перанесена ў райцэнтр з Друі сярэдняя школа. Да канца 1944 года ў раёне налічвалася 20 сельскіх Саветаў, 57 школ, тры бальніцы, чатыры ФАПы, ветлячэбніца і тры ветпункты, тры калгасы, хат-чытальняў паболела да 16. Дзейнічалі Дом культуры, раённая бібліятэка, тэлефонна-тэлеграфная сувязь, сістэма спажыўкааперацыі, лесазавод, пачала выходзіць газета "Бальшавіцкая трыбуна". Крыху пазней створаны дзіцячыя дамы, курсы па падрыхтоўцы трактарыстаў…


Пералік можна працягваць, ён найбольш яскрава сведчыць пра стваральнае напружанне аднаўленчага перыяду, калі яшчэ стралялі з-за вугла былыя нямецкія прыхвасні і проста бандыты. Значная частка гэтага цяжару ляжала на плячах старшыні райвыканкама Максіма Клімянка. Улічваючы ранейшы сельскагаспадарчы вопыт, праз два гады напружанай працы яго накіравалі на вучобу ў школу аграномаў пры Беларускім сельскагаспадарчым інстытуце ў Горках, які неўзабаве стаў акадэміяй.


На Міёршчыну Максім Аляксандравіч не вярнуўся. Узначаліў упраўленне сельскай гаспадаркі Глыбоцкага райвыканкама. У 1953-м па партыйным закліку перайшоў старшынёй калгаса імя Чапаева з цэнтрам у вёсцы Верхняе. З гэтай гаспадаркай звязана ўсё яго далейшае працоўнае жыццё. Пачынаў з ураджаю сем-восем цэнтнераў зерня з гектара, павышэння ўрадлівасці ўгоддзяў і пра-вільнай арганізацыі працы, спецыялізацыі па вырошчванні лёну. Дзякуючы арганізатарскім здольнасцям дабіўся асушэння забалочаных палёў, што спачатку здавалася нерэальным. Яны сталі даваць высокі ўраджай — да 20 ц/га на пачатак 60-х. На рахунку гаспадаркі з'явіліся грошы, пачалі купляць сучасную тэхніку, матэрыяльна стымуляваць добрасумленную працу.


Калгаснікам запомніўся тым, што, як і ўсе вяскоўцы, спачатку атрымліваў працадні. Калі купілі першую легкавую машыну, на старшынёўскай "Волзе" хворыя ездзілі ў бальніцу, цяжарныя жанчыны — у раддом, маладыя пары — на рэгістрацыю шлюбу. Перад прысваеннем высокага звання кіраўніку калгас намалочваў па 35 цэнтнераў збожжа з гектара, накопваў 250 ц бульбы, прадаваў 7 ц ільновалакна, меў высокія паказчыкі ў жывёлагадоўлі і ледзь не мільённы прыбытак.


На цэнтральнай сядзібе з'явіліся Палац культуры і бібліятэка, магазін, сталовая, лазня, ФАП, швейная майстэрня, дзве пачатковыя і двухпавярховая васьмігадовая школы, пасаджаны пладовы сад, каштанавая і бярозавая алеі, рукатворнае возера для падсобнай рыбнай гаспадаркі і адпачынку калгаснікаў. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР і мясцовых Саветаў, узнагароджаны ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны І і ІІ ступеняў, медалямі, шматлікімі ганаровымі граматамі.
Калі амаль праз 20 гадоў пераязджаў у Глыбокае, настаяў, каб яго жыллё перадалі сям'і шматдзетнага механізатара.
Максім Клімянок памёр 4 лістапада 1992 года, пахаваны ў Глыбокім побач з жонкай і сынам.


Падрыхтаваў Леанід МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Наведвальнікі, змешчаныя ў групе Гости, не могуць пакідаць каментары да дадзенай публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
  • Вконтакте
  • Facebook
  • OK
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 83 518
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 49 423
  • 1

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 21 829
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 21 141
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 20 018
  • 0

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 18 835
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 11 644
  • 2
Курс валют НБРБ
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 19 февраля 2018
Александр, Анатолий, Арсений, Василий, Дмитрий, Иван, Максим, Севастьян, Юлиан, Кристина, Мария, Марфа

Именины 18 февраля 2018
Антон, Макар, Михаил, Александра, Василиса

Госці краін
free counters
Партнеры сайта