Вышла в свет книга "Охотники за тайнами" об аргонавтах Миорской СШ №3

 Кіраўнік рады музеяў СШ №3 Вітольд Ермалёнак прывёз са сталічнага выдавецтва "Капітал Прынт" уласную кнігу "Паляўнічыя за таямніцамі. Аб дзейнасці археолага-краязнаўчага гуртка "Арганаўты мінулага". Гэта саліднае выданне на 318 старонках у мяккай вокладцы са мноствам здымкаў. 

Прадмову напісаў кандыдат гістарычных навук, дацэнт Мікалай Півавар. Ён адзначае, што рознабаковых краязнаўцаў, якія адначасова вядуць актыўную пошукавую работу, пішуць артыкулы для СМІ і кнігі, ствараюць музеі, збіраюць калекцыі, актыўнічаюць у грамадскай дзейнасці, няшмат. Таму яркай зоркай ззяе на небасхіле беларускага краязнаўства імя Вітольда Ермалёнка. Навуковец лічыць асноўнай заслугай Вітольда Антонавіча стварэнне на Міёршчыне своеасаблівай краязнаўчай школы. З 1976 года ён кіруе гісторыка-краязнаўчым гуртком, які з часам атрымаў рамантычную назву "Арганаўты мінулага". Не адно пакаленне цікаўных школьнікаў разам са сваім выкладчыкам удзельнічала ў археалагічных раскопках з вучонымі, праводзіла разведкі, вандроўкі, займалася этнаграфіяй, генеалогіяй, нумізматыкай, філуменіяй, архітэктурай роднага краю.


У кнізе — вынікі 40 гадоў пошукаў і знаходак. Раённая газета таксама не абыходзіла іх увагай. Аднак цяпер здабыткі, вопыт, аповеды пра творцаў поспеху, летапіс дзейнасці "пад адной вокладкай". За кожным годам адзначаецца зробленае. Чытачы могуць прасачыць дзейнасць юных шукальнікаў, даведацца, як назапашваліся звесткі пра мінулае роднага краю, як нараджаліся "пярсцёнкі" турыстычных маршрутаў, паўставалі з цемры стагоддзяў помнікі, падзеі і постаці мінулага. У гэтым плане гісторыя дзейнасці "арганаўтаў" — своеасаблівы летапіс родных мясцін, аднаўленне памяці пра продкаў, землякоў, калісь вядомых людзей. Невыпадкова ў анатацыі адзначаецца, што выданне будзе карысным для настаўнікаў-краязнаўцаў, арганізатараў турыстычных мерапрыемстваў і аматараў вывучэння мінулага.


Кніга апавядае пра падрабязнасці раскопак курганоў ля Махіроўкі, Пруднікаў, Чурылава, Чамяроў, Снегаў. Сапраўднай сенсацыяй сталі вынікі даследаванняў у Казлоўцах. "Арганаўты" дапамагалі вяртаць памяць пра "фартэцыю" Вята, Дрысенскі ўмацаваны лагер і наогул пра падзеі Айчыннай вайны 1812 года, паўстанца і скульптара Генрыка Дмахоўскага, помнікі Лявонпаля, Язна, Новага Пагоста, Пераброддзя, Дзедзіна, Дзісны, Чэрасаў. Назваць усе немагчыма. Шукалі калісь славутыя крыніцы і авеяныя легендамі камяні, даследавалі сядзібы і месцы баёў Вялікай Айчыннай. Запісвалі ўспаміны, легенды і паданні. Збіралі экспанаты для музеяў і дапамагалі афармляць экспазіцыі.
Гэта толькі асобныя моманты, падрабязна апісаныя ў кнізе. Яшчэ ў ёй грунтоўныя спасылкі на выкарыстаныя пісьмовыя і друкаваныя крыніцы, планы гуртковых заняткаў, рэкамендацыі па рэалізацыі праграм, узоры тэматычнага планавання — усё тое, што будзе карысным для настаўнікаў-паслядоўнікаў і арганізатараў турыстычна-краязнаўчага руху.


Не лішнім будзе нагадаць, што падагульненыя матэрыялы значнага этапа краязнаўчай работы пад кіраўніцтвам Вітольда Антонавіча выкарыстаны ў раённай кнізе "Памяць".


Асабліва цікавае выданне "Паляўнічыя за таямніцамі" для ўдзельнікаў гуртка і нават дзяцей першых пакаленняў "арганаўтаў". Па кнігу, а яна надрукавана накладам у 500 асобнікаў, звяртайцеся да аўтара. Яго можна знайсці ў музеях СШ №3. Толькі прашу ўлічваць: "Паляўнічыя за таямніцамі" надрукаваны за асабістыя сродкі Вітольда Антонавіча, у якога гэта не апошні выдавецкі праект. Каб быў працяг, яму патрэбна наша фінансавая падтрымка. 

Леанід МАТЭЛЕНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.