Калі гавораць пра Вялікую Айчынную вайну, перш-наперш узгадваюцца кнігі і фільмы пра баі і герояў, даты ў школьных падручніках, расповяды сведкаў. Гісторыю ракавых саракавых захоўваюць медалі на грудзях ветэранаў, салдацкі посуд на музейных паліцах, снарады, ад якіх дагэтуль вызваляецца зямля. Вайна засталася ў рэчах, з ёй звязаных. Медаль"За оборону Сталинграда". Заснаваны Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 снежня 1942 года. Ім узнагароджана 760 000 чалавек.
Узнагароду атрымлівалі ўсе ўдзельнікі абароны горада. Ваеннаслужачыя Чырвонай арміі, Ваенна-марскога флоту, войскі НКУС, грамадзяне. Па дадзеных райваенкамата, медалём "За оборону Сталинграда" былі ўзнагароджаны Іван Афанасьевіч НАДЗЕЖКА і Мікалай Маісеевіч СЛЮСАР з Міёр, Мікалай Ціханавіч ХАХЛОЎ з Дзісны.
Медаль дыяметрам у 32 мм зроблены з латуні. На вонкавым боку выява групы байцоў з вінтоўкамі. Справа над імі — знамя, злева — два танкі і чатыры самалёты. Уверсе зорачка і надпіс "За оборону Сталинграда". На вонкавым боку — серп і молат, надпіс "За нашу Советскую Родину". Прышпільваецца медаль на грудзях злева.
*** Сталінградская бітва працягвалася з 17 ліпеня 1942 года да 2 лютага 1943-га. У ёй загінулі больш за два мільёны чалавек. Для Савецкага Саюза перамога ў бітве стала пачаткам выгнання ворага.
Падрыхтаваў Аляксандр РЫНКЕВІЧ, навуковы супрацоўнік музея.