80-летие великого пожара в Миорах

 Сёлета сумны юбілей — 80-годдзе вялікага пажару ў Міёрах. Нядаўна краязнаўца з Параф'янава Кастусь Шыталь адшукаў у ваяводскай газеце "Кур'ер Віленьскі" два артыкулы на гэту тэму. У першым з іх апавядаецца непасрэдна пра здарэнне: загаранне пачалося 15 мая 1937 года ў 13 гадзін у аптэцы. 

Унучка тагачаснага міёрскага аптэкара Вішнеўскага расказвала, што прычынай пажару стала звычайная бытавая сітуацыя: служанка яшчэ не навучылася карыстацца толькі што набытым гаспадаром прымусам. Калі адбыўся выбух, яна кінулася ўцякаць. Стаяла вельмі спякотнае і сухое надвор'е, моцны вецер з паўднёвага боку перакінуў полымя на суседнія драўляныя дамы, многія з якіх стаялі пад саламянымі стрэхамі. Аптэка размяшчалася ў Віленскім завулку ля сучаснай плошчы Памяці загінуўшых барацьбітоў, тады Рыначнай, а таму вогненная зона павялічвалася імгненна. Згарэла 35 дамоў па сучаснай вуліцы Леніна, у тым ліку, акрамя аптэкі, кааператыўная крама "Рольнік", некалькі сціртаў лёну.


Ураганны вецер перакінуў агонь за 700 метраў ад Міёр у вёску Малыя Русачкі (цяпер вуліца імя М. Фрунзе), і там згарэла яшчэ 15 дамоў.
На дапамогу ў тушэнні пажару выехалі добраахвотная пажарная дружына і ваенная ахова з Браслава, добраахвотная пажарная дружына са Слабодкі, ваенная ахова і добраахвотная пажарная дружына з Друі. Апошнія прыбылі на спецыяльным цягніку, які накіравалі з дазволу Дырэкцыі чыгунак у Вільні. Агульнымі намаганнямі пад вечар пажар удалося лакалізаваць. Ахвяр агню сярод людзей і жывёлы не было, але кошт знішчанай маёмасці паводле папярэдніх падлікаў склаў 150 тысяч злотых, вялікую па тых часах суму. Як пісала газета, віленскі ваявода Бацянскі адразу выдзеліў дапамогу ў дзве тысячы злотых для пагарэльцаў.


З наступных артыкулаў вядома, што ў хуткім часе ў Міёры прыязджае з Вільні інжынер-будаўнік Менард Лукашэвіч. У чатырохгадзінным дакладзе ён асвятляе пытанні аб складанні плана забудовы мястэчка, узвядзенні пабудоў з вогнетрывалых матэрыялаў: цэглы, цэментавых пустакоў, напоўненых пяском, нават глінабітных. Спецыяліст пераканаўча даказаў перавагу вогнетрывалых матэрыялаў перад драўнінай, у тым ліку і па кошце. Цікавасць людзей да гэтых праблем была вялікай. Таму рада Мёрскай гміны звярнулася да ваяводскіх улад у Вільні з просьбай хутчэй прыслаць у Міёры архітэктара для распрацоўкі праекта адраджэння мястэчка. Справа хутка зрушылася з месца, ужо ў ліпені "Кур'ер Віленьскі" паведамляў, што Браслаўскі павятовы аддзел прыступіў да складання рэгулярнага плана забудовы Міёр. Ён ахопліваў як участкі, што размяшчаліся на месцы нядаўняга пажару, так і ўсю тэрыторыю паселішча, новыя вуліцы, вёску Русачкі, фальварак Мёркі. Праект мусіў быць абмеркаваны грамадскасцю з 13 да 19 ліпеня 1937 года, а прыняты ў тэрмін ад 20 да 26 ліпеня. Газета сцвярджае, што для Міёр, якія пасля пабудовы чыгункі Варапаева — Друя пачалі значна разбудоўвацца і сталі сапраўдным цэнтрам па продажы лёну ў Браслаўскім павеце, складанне рэгулярнага плана мястэчка будзе мець важнае значэнне. Сапраўды, у 1938 годзе практычна забудавалі сучасную вуліцу Леніна, тады Вялікую, у тым ліку і будынкі з цэглы, якія захаваліся да сённяшняга часу—двухпавярховы будынак былой пошты, дзе зараз месціцца не толькі магазін "Алімп", сучасны ваенкамат (палова дабудавана пасля вайны), былы банк (зараз крама "Гарант"), драўляны двухпавярховы гатэль (разабраны нядаўна) і інш. Захаваліся склады, якія і зараз выкарыстоўваюцца райспажыўсаюзам па вуліцы Школьнай, паўшэхная школа, зараз крама "Мядзведзь" і іншыя. З'явіліся вуліцы Новая і Агародная. Поўнасцю закончыць будаўніцтва перашкодзіла вайна, якая пачалася ў 1939 годзе.

Фота для ілюстрацыі.
Вітольд ЕРМАЛЁНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.