Скрипач и сапёр из Липово Миорского района

"Еду з Мёраў праз Даўгінава, яшчэ ацалелыя Кіслякі, Латышы, Пуцінава ў абмялелае на людзей былое мястэчка Лявонпаль і паглядаю з дарогі на высахлыя ліпы Бабышак, дзе нарадзіўся ў 1942 годзе, на курганок ад былога котлішча бацькоў, каля якога яшчэ ўсё жыве клён. З яго лісцяў і чуюцца мне то валачобныя, то пятроўскія, то жніўныя песні..." — так піша Сяргей Панізьнік пра сваю радзіму ў артыкуле "Там, дзе нараджаюцца вершы". 

 

Ён жа зямляк і аўтар здымкаў удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Аркадзя Рудзёнка з суседняй вёскі Ліпава, якія прадставіў нам для публікацыі. Зроблены яны 17 і 18 ліпеня 1969 года, на вяселлі ў Лявонпалі, а на першым плане — скрыпач Аркадзь Рудзёнак з мясцовым ансамблем з Ліпава. Вёска ж тая сцерлася з карты Міёршчыны, як і многія іншыя, жыве толькі памяць пра яе жыхароў у думках знаёмых і сваякоў.

 

Аркадзь-музыка
Каб зразумець тонкую чалавечую душу, трэба шмат перажыць. Менавіта такі лёс выпаў Аркадзю Рудзёнку. Нарадзіўся ён 26 студзеня 1915 года ў вёсцы Ліпава ў шматдзетнай сям'і. Было ў яго чатыры браты — Валодзя, Васіль, Аляксей, Вячаслаў, і дзве сястры — Надзея і Марыля. У той няпросты час скончыў толькі два класы польскай школы ў Даўгінаве.


Яшчэ малога Аркадзя цікавіла, адкуль бярэцца музыка. Туга нацягнуўшы на драўляную аснову вобразную струну, магчыма, з конскага воласа, перабіраў пальцамі і спрабаваў выдаць мелодыю. Тата Пётр аднойчы застаў сына за творчай забавай. Сціснулася яго сэрца, вырашыў пазычыць скрыпку ў мясцовага яўрэя, каб дзіця магло вучыцца іграць. За інструмент разлічваўся працай.


Малы Аркадзь музыку лавіў з навакольных гукаў прыроды, а сэрца прагла ствараць мелодыі самастойна. Мара збылася: добра граў на скрыпцы ўжо ў 15 год!


Калі падрос, працаваў у брыгадзе — валіў лес у пана Лапацінскага. Пасля забралі ў армію ў Вільнюс у конную кавалерыю Войска Польскага. Якраз Заходняя Беларусь знаходзілася ў скла-дзе Польшы. Вярнуўшыся, жаніўся з Крысцінай Тамашэвіч з суседняй вёскі Ясёва. Яна таксама са шматдзетнай сям'і.


Таямнічы свет музыкі захапіў скрыпача-самавучку назаўсёды. Яшчэ да вайны ў Ліпаве разам з аднавяскоўцамі-музыкамі стварылі гурт. Марк Рагоўскі граў на барабане, Аркадзь Рудзёнак — на скрыпцы, Дмітрый Рагоўскі на кларнеце, а на баяне выводзіў полькі і вальсы Міхаіл Рагоўскі. Іх запрашалі граць вяселлі не толькі ў суседніх вёсках, а і ў ваколіцах сучаснага Верхнядзвінска, раней — Дрысы.

 

На вайне з братам плячо ў плячо
У кнізе "Памяць" згадваюцца два прозвішчы ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны з Ліпава. Адзін з іх "Рудзёнак Аркадзь Пятровіч, нарадзіўся ў 1915 годзе, радавы, ваяваў 7.1944-5.1945, мінёр". У райваенкамаце знаходзім у спісе, па якім выдавалася пасведчанне ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны, што Аркадзь Пятровіч Рудзёнак ваяваў у 176-м армейскім запасным стралковым палку, але на месяц раней — з чэрвеня 1944-га. З аповядаў сына Сяргея Аркадзьевіча даведваемся, што на фронт забралі тады многіх мужчын з вёскі, у тым ліку і роднага брата Уладзіміра, яны прайшлі плячо ў плячо ўсе баі. Ваявалі на тэрыторыі сучасных Літвы і Калінінградскай вобласці РФ. На жаль, у кнізе "Памяць" не поўныя спісы ветэранаў. Уладзіміра Рудзёнка чамусьці ў іх няма.


Вяртанне Аркадзя з вайны паўстае перад вачыма сына Сяргея: "Мы малыя гулялі на вуліцы. Прыйшоў дзядзя Валодзя і кажа мне: "Ідзі, там твой тата прыйшоў". На вачах наварочваюцца слёзы…


Уладзімір Рудзёнак у баях быў паранены, так і жыў з аскепкамі ў нагах, якія час ад часу турбавалі. Аркадзя пашкоджанні не зачапілі. Яго дачка Зоя Аркадзьеўна прыгадала: "Маці расказвала, што перад адпраўкай на вайну дала тату малітву ад розных нягод, пакуль ваяваў, захоўваў яе ў вопратцы, напэўна, і чытаў. Вось так уратаваўся."


З вайны Аркадзь вярнуўся з трафейнай скрыпкай, якую знайшоў у Берліне. З таго часу яна стала яго вернай спадарожніцай на ўсіх мерапрыемствах і вяселлях.


Аркадзь Пятровіч узнагароджаны медалямі за ўзяцце Кёнігсберга (Калінінграда), за перамогу над Германіяй, ордэнам ІІ ступені, захаваліся пасведчанні ад юбілейных медалёў, пачынаючы з 20 год Перамогі і што ўручаліся да канца яго жыцця.

 

Радзіма патрабавала аднаўлення
Пра свайго тату расказвае сын Сяргей:
— Я нарадзіўся ў 1939-ым годзе, а сястра Зоя ўжо пасля вайны ў 1947-ым. На жаль, некалькі дзяцей памерла ў бацькоў, яны пахаваныя побач з імі на могілках ва Узмёнах. Тады ўмовы былі вельмі складаныя, пасляваенная разруха, нараджалі дома…


Вярнуўшыся з фронту, тата працаваў спачатку паляводам у калгасе, пазней разам з братам Уладзімірам у будаўнічай брыгадзе. Жылі наша і яго сем'і праз дарогу ў Ліпаве. У той час усе калгасныя пабудовы ўзводзілі з бярвенняў. Памятаю, як насіў тату абед у вёску Буралом, дзе ўзводзілі кароўнік. Пра вайну тады стараліся не пытацца. Разумелі, што ўспаміны пра тыя жудасныя дні бацьку здароўя не дадуць. Слухалі толькі, што сам прыгадваў, аднак многае забылася.


Тата на вайне займеў сухоты лёгкіх. Спачатку маці лячыла самастойна: давала мёд з кіпнем-малаком, лой (авечы тлушч), народныя лекі. Пазней стаў наведвацца да ўрачоў, паставілі на ўлік. Перыядычна накіроўвалі лячыцца ў Друю і Дзісну ў тубдыспансеры. Не абміналі яго ўзнагароды і падарункі на Дзень Перамогі, на які запрашалі ў Міёры ці сельсавет. Памёр тата на Купалле 6 ліпеня на 74-м годзе жыцця.

 

Успомнілі з павагай
Аляксандр Рудзёнак, унук:
— Дзядуля расказваў, што пра вайну аб'явілі па гучнагаварыцелях. Адразу пачалася мабілізацыя. Людзі тады яшчэ не ўсведамлялі, што будзе адбывацца. Спраўлялі адпраўкі, праводзілі на вайну сыноў. Захопнікі наступалі хутка. Прыйшлі і на нашы землі. У вёсцы Слабада немцы пабудавалі драўляны мост крыху больш чым за два тыдні. Доўгія калоны тэхнікі пацягнуліся праз яго і па шашы. Вораг спяшаўся да Масквы.


Не раз з удзячнасцю прыгадваў дзед Аркадзь і чатырохлапага памочніка: сабака дапамагаў размініраваць заводы, дарогі, палі... Адзін крок мог каштаваць жыцця. Сабакі ж добра на нюх адчувалі тол — выбухное рэчыва, якое тады ўваходзіла ў склад мін-супрацьтанкавых і пяхотных. Размініраваў дзед Аркадзь розныя аб'екты ў Кёнігсбергу. Шмат было заводаў і падземных аб'ектаў на тэрыторыі былой Усходняй Прусіі, дзе выраблялі зброю, хавалі падводныя судны. Немцы, адступаючы, стараліся ўвесь баявы "скарб" замініраваць, нашым жа прыходзілася абясшкоджваць тэрыторыю. Там праходзілі вельмі цяжкія баі. Першымі ішлі па фронце атрады разведкі і сапёраў, а потым толькі рэгулярная армія. Перамогу дзядуля сустрэў у Берліне. Лікаванню і радасці не было мяжы.


Сяргей Рудзёнак, унук:
— Наш дзядуля меў талент тонка і дакладна выконваць справы: як у музыцы, калі з нот ствараецца гармонія! Гэтая рыса перадалася і нам, яго ўнукам. Адрозніваўся ён і рацыяналізатарскімі здольнасцямі: працаваў некаторы час у меліярацыі, і трэба было зрабіць конную павозку. Справіўся самастойна, без падказак.


Зоя Аркадзьеўна Кальвіш, дачка:
— Талент музыкі мне перадаўся ад таты. Яшчэ да школы хацеў мяне навучыць іграць на скрыпцы: прывязваў мае пальцы да сваіх і так вадзілі па струнах. Мяне вабіў больш баян, які быў у нашых суседзяў Рагоўскіх. Хоць інструмент здаваўся цяжкім, але яго настойліва прыносіла дадому. Задачай нумар адзін лічыла для сябе разабрацца: як гэта можна аб'яднаць правую і левую рукі, каб атрымалася гармонія. Нейкім чынам навуку адужыла. У старэйшых класах тата ўжо браў мяне на вяселлі граць на баяне. Мама яго ўшчувала, каб мне, шчуплай, дапамагаў несці нялёгкі інструмент.


Пасля школы мяне накіравалі ў Браслаў на курсы. Атрымала там спецыяльнасць кіраўніка мастацкай самадзейнасці і баяніста-масавіка. Загадвала Узмёнскім клубам. У складзе ліпаўскага інструментальнага гурта выязджалі ў Міёры. Я з Вадзімам Рагоўскім на пару гралі на баяне, тата на скрыпцы, а яшчэ ён дадаваў імпэту на самаробным нажным барабане. Так у яго рукі і ногі былі занятыя ў час выступлення — граў заўсёды з душой і ад душы.


З цеплынёй у сэрцы прыгадваюцца дні і вечары, калі дома спявалі па галасах, маці — сапрана, тата — альт, а мог і басам зацягнуць. Далучалася і сяброўка сям'і, жонка Мікалая Арла — Вольга.


Здараліся выпадкі, калі інструментальны гурт з аднога вяселля адразу забіралі на наступнае. Нашы музыкі былі нарасхват! Маглі сыграць што заўгодна: цыганачку, польку, вальс, кракавяк, рускія народныя, прыпеўкі. Саліста не мелі. Аднак іх задача была іграць, а спявалі госці.
Пра земляка расказвае ўраджэнец вёскі Ліпава, зараз міярчанін Віктар Маркавіч Рагоўскі:


— Наша і Аркадзя Рудзёнка сем'і жылі на адлегласці за 500 метраў. На вайну мой тата і ён прызываліся адначасова. Разам вучыліся на мінёраў, спецыяльна навучалі сабак. Майму тату не вельмі хацелася ваяваць з чатырохлапымі, таму іх дарогі з Аркадзем разышліся. Тата загінуў на перадавой на Прыбалтыцы.


Яшчэ да вайны ў нашай вёсцы быў створаны гурт музыкаў. Тата мой Марк іграў на барабане, Аркадзь Рудзёнак на скрыпцы, дзядзя Дмітрый на кларнеце, а баян расцягваў таксама сваяк Міхаіл Рагоўскі. Усе яны былі самавучкамі: не ведалі нот, успрымалі на слых, а пасля вывучвалі — так і сыгрываліся.


Пасля вайны склад гурта змяніўся: не стала майго таты-барабаншчыка, Міхаіл Рагоўскі на баяне чаргаваўся з Анатолем Рагоўскім з маладога пакалення. Іграла на інструменце і дачка Аркадзя Зоя. Ветэран вайны і вядомы скрыпач-самавучка Аркадзь Рудзёнак карыстаўся аўтарытэтам у вяскоўцаў, быў "кампанейскім", вясёлым і жартаўлівым. Часта выступаў у ролі вядучага на гулянках.


Калі я ўзначаліў Даўгінаўскі клуб, запрашаў іх на розныя мерапрыемствы, ездзілі гуртам і на агляды мастацкай самадзейнасці. Час ад часу далучаўся яшчэ і Мікалай Арол з гармонікам. Музыкі з Ліпава пастаянна развучвалі новыя мелодыі. Збіраліся на рэпетыцыі ў дзядзькі Дзмітрыя, займаліся па 3-4 гадзіны. Дзмітрый і Аркадзь працавалі ў калгасе, аднак на вяселлі іх заўсёды адпускалі. Распаўся інструментальны гурт вёскі Ліпава пасля 1972-га, калі не стала Дзмітрыя. Нікога яму на замену не ўзялі і дзейнасць спынілі.

 

Вольга ВІШНЕЎСКАЯ.

Фота з сямейнага архіва
Рудзёнкаў, Сяргея ПАНІЗЬНІКА,
Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.