Авторизация
 

Браслаў радаваў і здзіўляў

 Прыхарошаны і памаладзелы Браслаў 29 верасня прымаў гасцей абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2019». Яшчэ ў перадсвітальным прыцемку мясцовыя вуліцы ператварыліся ў вялікі гасцінны двор. Са сваімі сюрпрызамі і прадукцыяй сюды з’ехаліся дэлегацыі ўсіх раёнаў, прадстаўнікі прамысловых прадпрыемстваў, гандлёвых арганізацый. Падворкі, дзясяткі тэматычных пляцовак, выставы-прэзентацыі, рамесныя вырабы, паказальныя выступленні ваенных і спартсменаў – вочы разбягаліся ад разнастайнасці. Наведаць усё было вельмі складана. Да позняга весяліліся, спявалі і віншавалі аграрыяў.

Свята ў Браславе пачалося з адкрыцця Галерэі гонару. Тут імёны і фотаздымкі найлепшых у сваёй справе. Побач ганаровыя грамадзяне раёна: прадстаўнікі сельгасвытворчасці, прамысловасці, адукацыі, аховы здароўя, на якіх варта раўняцца. Паважаных людзей на браслаўскай зямлі нямала, таму экспазіцыя ў галерэі будзе пастаянна папаўняцца.


 Для пачэсных гасцей арганізавалі эскурсію па аб’ектах, якія рыхтавалі да свята. Галоўны з іх – СШ № 2. Яе адчынілі пасля глабальнай мадэрнізацыі. Перадавыя тэхналогіі, сучаснае абсталяванне, вопытныя педагогі. Установу называюць «школай будучыні». Кіраўніцтву вобласці прадэманстравалі мультымедыйныя праектары, мульціборды, электронныя мікраскопы, новыя спартпляцоўкі і гарадок для вывучэння правіл дарожнага руху. Акрамя гэтага, абноўлены дзіцячы садок, стадыён з новым футбольным полем. Да дажынак у Браславе пабудавалі і адрамантавалі больш за 100 аб’ектаў, палепшыўся стан звыш 10 тысяч метраў дарог. Ацанілі браслаўчане і дарожкі, выкладзеныя пліткай. У цэлым усё выглядае гарманічна і ярка.


Маляўнічае шэсце – добрая традыцыя на абласным фестывалі-кірмашы. Дэлегацыі раёнаў, адметныя самабытным стылем, крочылі пад маршы духавых аркестраў і барабанны дроб. Галоўныя героі – сяляне, дзякуючы працы і настойлівасці якіх нават у няпросты па ўмовах надвор’я год будзем з хлебам. Камбайнеры, механізатары, вадзіцелі, аграномы, а таксама кіраўнікі гаспадарак вобласці, чый уклад у агульны каравай у 980 тысяч тон прызнаны найбольш значным, ішлі па цэнтральнай вуліцы Браслава да лесапарка «Леснічоўка», дзе на галоўнай сцэне свята атрымалі ўзнагароды.

 Па заслугах
і пашана

Самым паспяховым раёнам на ўборачнай прызнаны Віцебскі. На другім месцы Верхнядзвінскі. Замыкае тройку лідараў Гарадоцкі. А сярод інтэграцыйных структур перамог Полацкі камбінат хлебапрадуктаў. Дарэчы, інтэграцыйныя структуры, а іх чатыры ў вобласці, сёлета сабралі амаль палову ўсяго ўраджаю Віцебшчыны. У ліку ўзнагароджаных і гаспадарка «Мазалавагаз» Віцебскага раёна. На ўборцы рапсу найлепшыя паказчыкі ў Аршаншчыны, лідзіруе па іх і Віцебская бройлерная птушкафабрыка. Пераможцам конкурсу сярод сельскагаспадарчых арганізацый стаў СВК «Маяк Браслаўскі», узнагарода – дыплом і грашовая прэмія ў памеры кошту трактара.


 На дажынках гучалі дзясяткі імёнаў тых, хто вырошчваў хлеб і агародніну, атрымліваў малако і мяса, усяляк клапаціўся пра тое, каб не бяднеў наш з вамі стол. Сваю хвіліну славы атрымала і малады спецыяліст з прадпрыемства «Камсамольская праўда» Талачынскага раёна Марына Грушэцкая. Адна з нешматлікіх дзяўчат-трактарыстаў у вобласці. Баявітая, з тэхнікай на «ты», нават у дэталях і вузлах разбіраецца. Ёй уручылі персанальны трактар.


Пераможцы абласнога спаборніцтва атрымлівалі грашовыя прэміі, ноўтбукі і іншыя сюрпрызы. Трактарысты, якія добра працавалі на «Кіраўцах», будуць катацца на электравеласіпедах ад Пецярбургскага трактарнага завода. Дарэчы, іх выпускаюць на віцебскім «Віцязі». Расіяне цесна супрацоўнічаюць з беларускімі прамыслоўцамі, набываюць шэраг матэрыялаў, сыравіну, камплектуючыя, абменьваюцца інжынернымі набыткамі, што немалаважна для супрацоўніцтва і двухбаковага развіцця. Як заўважыў кіраўнік Пецярбургскага завода Сяргей Серабракоў, дзякуючы вопыту віцебскіх аграрыяў, якія ўмела эксплуатуюць тэхніку, расійскія інжынеры набылі неацэнны вопыт агрэгатавання машын.


Не засталіся без падарункаў нашы землякі. Сярод тых, хто ўнёс асабісты ўклад ва ўсе тэхналагічныя цыклы вытворчасці сельгаспрадукцыі, кіраўнік міёрскага райаграсэрвісу Іван Сушко. Яму ўручылі ключы ад ЛАДЫ 21214. Дырэктар СУП «Цітова» Франц Вершалоўскі адзначаны нагрудным знакам «За заслугі» Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. У спаборніцтвах сярод старшых камбайнераў за другое месца ўзнагароджаны Аляксандр Баршчэўскі з «Міёрскага». Граматай абласнога Савета дэпутатаў адзначылі старанні Ігара Гаўрыловіча з СУП «Чэрасы».

 На перадавых
пазіцыях

Як заўважыў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыла, Віцебская вобласць дынамічна і прадуктыўна развівае аграрны сектар. Намалот зерня ў амаль мільён тон сведчыць пра высокія тэхналогіі вытворчасці. А Віцебскі і Аршанскі раёны лідзіруюць нават у рэспубліцы. Эфектыўная работа вобласці і па нарыхтоўцы травяністых культур. Лабараторныя даследаванні малака пацвярджаюць: на Віцебшчыне яно найлепшае па якасці, што сведчыць пра правільны догляд за жывёлай. Не так даўно вобласць займала шостае месца па надоі на карову. Два гады таму апярэдзіла Магілёўшчыну, сёлета абагнала Гомельшчыну. А СВК «Ларынаўка» Аршанскага раёна пры надоі на карову ў 7 394 кілаграмы лідзіруе ў рэспубліцы. І сёлета плюсуе 221 кг на карову. Па ўсіх паказчыках перадавая і Віцебская птушкафабрыка. Дынамічна развіваецца свінагадоўля, а браслаўскі «Маяк» першы ў краіне па прывагах.


Старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў упэўнены, што залог поспеху культуры земляробства і вытворчасці прадукцыі раслінаводства на Віцебшчыне ў трох складніках: надвор’і, граматнай і згуртаванай рабоце кадраў, аснашчанасці тэхнікай, эфектыўнасці яе выкарыстання. Немалаважная яшчэ адна аграрная дамінанта: зрабіць прэстыжнай аграпрамысловую галіну. Інструментарый для дзеянняў відавочны: сфарміраваць станоўчую матывацыю да прафесіі праз у матэрыяльнае заахвочванне. Сур’ёзны крок у гэтым накірунку зроблены. У вобласці ўкаранілі новую сістэму аплаты працы спецыялістаў жывёлагадоўчай галіны, а таксама механізатараў. Паэтапна перагледзяць заробак іншых катэгорый сельскіх працаўнікоў.

 Свята забаўляла
і захапляла

Разам з цёплымі словамі падзякі за самаадданую працу ўздымалі настрой творчыя калектывы і самадзейныя артысты вобласці. Дарэчы, удзел работнікаў культуры ў свяце хлебаробаў у Браславе асабліва прыкметны. Не пакідае раўнадушным народны тэатр раённага цэнтра культуры, які развівае арыгінальны жанр мастацтва – жывыя скульптуры. Цалкам загрыміраваныя акцёры імітуюць статую, выкананую з мармуру ці метала. Такі від пантамімы – найлепшае дапаўненне да любой культурнай праграмы.


Уразіў зводны хор, які распачынаў урачыстасць і завяршаў разам з народнай артысткай Расійскай Федэрацыі Варварай. Вялізная глядацкая зала адноўленай браслаўскай Леснічоўкі скаланулася пранікнёным гучаннем песні «Хлеб – усяму галава». Да слёз кранальныя словы, спазм у горле, дрыжыкі па целе – артыстам рукапляскалі стоячы.


Не толькі спевакі і музыкі радавалі і здзіўлялі майстэрствам. Браслаўчане і шматлікія госці дажынак ацанілі апошнія вынаходніцтвы айчынных і замежных вытворцаў, якія дапамагаюць вырошчваць ураджай, на выставе сельскагаспадарчай тэхнікі. Тым часам на возеры Дрывяты разгарнуліся паказальныя выступленні і дэманстрацыя тэхнікі авіяцыі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
Самы грузапад’ёмны верталёт у свеце Мі-26, які важыць амаль 30 тон і здольны падняць столькі ж, часта ўтаймоўвае вогненную стыхію ў Грэцыі, Турцыі і Расіі. І перад гледачамі ён скінуў 15 тон вады, імітуючы тушэнне ляснога пажару. Паверхню возера разразалі гідрацыклы. Над вадой пульсаваў флайбардыст, а яшчэ было дэсантаванне з верталёта і ўмелае выратаванне пацярпелых з вады. І агонь тушылі. Пенны струмень накіравалі на пацярпелага ў машыне. Папала і на гледачоў. А ў небе луналі парашутысты, якія даставілі на свята дзяржаўны сцяг.


 Захоплівалі дух паказальныя выступленні воінаў 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады Узброеных сіл, Полацкага пагранатрада. Горад радаваўся, дзівіўся прафесіяналізму і таленту працаўнікоў розных сфер дзейнасці Віцебшчыны. Браслаўскія дажынкі пакінулі незабыўныя эмоцыі. У наступным годзе будзе здзіўляць Віцебск, які прыме абласны фестываль-кірмаш.

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Наталія СТАНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках

  • да 2018
  • 2019
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 98 370
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 88 983
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 88 726
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 42 541
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 42 375
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 36 592
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 25 724
  • 2
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 9 августа 2020
Герман, Иван, Кирилл, Климент, Константин, Наум, Николай, Платон, Анфиса

Именины 8 августа 2020
Игнатий, Моисей, Сергей, Федор, Прасковья

Госці краін

free counters
Партнеры сайта