Авторизация
 

Сноп расце дзякуючы старанням работнікаў Міёршчыны

 Уборачная ў сяльчан – працяглы і напружаны перыяд, які падводзіць вынікі ўсёй працы на зямлі. Да завяршэння работ далекавата, але яны перайшлі за экватар. Таму сёлета абласныя «Дажынкі» ў Браславе вянчаюць толькі чарговы этап, напэўна, самы адказны і прыгожы. Напярэдадні свята хлебаробаў першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віктар ГАГАЛІНСКІ, які адказвае за дзейнасць раслінаводчай галіны, расказаў пра дасягненні і ўрокі 2019-га.

– Земляробы заўсёды працуюць пад адкрытым небам, таму вымушаны супрацьстаяць капрызам надвор’я. Сёлета нас выпрабоўвала засуха, хапала і іншых негатыўных фактараў, з іх улікам вынікі атрыманы нядрэнныя, – папярэднюю ацэнку даў працы аграрыяў Міёршчыны Віктар Уладзіміравіч. – Забяспечаны намалот зерня ў 45 444 тоны ў першапачаткова апрыходаванай вазе, гэта 131,2 % да леташняга. Нагадаю, што ў мінулым годзе мы мелі 34 626 т збожжа.


Прыбаўку ўраджаю забяспечылі ўсе гаспадаркі, акрамя нядаўна рэфармаваных ААТ «Пад’ельцы» і «Узмёнскі край», ім яшчэ трэба папрацаваць над рэалізацыяй новых магчымасцей. Хаця і ў іншых вынікі істотна адрозніваюцца. Найбольш эфектыўна сёлета спрацавала агранамічная служба пры падтрымцы механізатараў у СУП «Цітова». Тут забяспечылі валавы намалот у 5 485 тон збожжа пры ўраджайнасці 36,8 цэнтнера з гектара, што на 4 ц/га больш за мінулагоднюю. Параўнайце: сярэдняя ўраджайнасць па раёне 28,6 цэнтнера на круг, а прыбаўка да леташняга 3,2 ц.


Добрых вынікаў у вырошчванні зерневых дабіліся таксама філіял «Павяцце» з ураджаем 34,9 ц/га, СУП «Чэрасы», дзе намалот з гектара дасягнуў 30 цэнтнераў.


За гэтымі паказчыкамі стаіць старанная праца кіраўнікоў, спецыялістаў, механізатараў на сяўбе, у час догляду пасеваў, пры абмалоце. Між тым умовы на гэтых найважнейшых этапах вырошчвання каласавых істотна адрозніваліся. Калі на сяўбе іх можна назваць ідэальнымі, што дазволіла справіцца з работамі ў аптымальныя тэрміны, то потым пачаліся выпрабаванні засухай: на працягу 40 дзён не было дажджу. І ўсё ж выстаялі. Яшчэ дэталёва разбяром дзеянні агранамічных служб, а пакуль самы наглядны вынік – дзяржзаказ па рэалізацыі зерня раён выканаў у поўным аб’ёме, засыпана неабходная колькасць насення збожжавых, у тым ліку ў страхавы фонд.

Якая сітуацыя з рапсам?
– Гэтая культура выгадная эканамічна, у агранамічным плане добры папярэднік. Аднак патрабуе асаблівай увагі пры падборы плошчаў, доглядзе. Найбольш адчувальная да негатыўных праяўленняў надвор’я. Сёлета рапс вельмі пацярпеў ад засухі, асабліва яравы. Давялося праводзіць дадатковыя апрацоўкі пасеваў супраць шкоднікаў. На многіх участках расліны аднавілі вегетацыю пасля дажджоў, і цяпер яшчэ нямала няспелых плошчаў, іх абмалот наперадзе.


Увогуле мелі 3 061 гектар рапсу, у тым ліку 1 584 га азімага і 1 477 – яравога. На пачатак верасня намалацілі 2 743 тоны алейнага насення, з гэтай колькасці 1 743 т азімага. Агульны вынік сёлета больш сціплы за леташні. Важна ў наступным улічыць вопыт вырошчвання гэтай крыжакветкавай культуры ў СУП «Цітова». Там было крыху больш дажджоў, але асаблівы эфект дало ўдалае размяшчэнне яравых пасеваў на Падзвінні, дзе больш вільгаці ў глебе. Таму атрыманы самы вялікі ў раёне намалот – па 21 цэнтнеры з гектара.

Якія вывады зрабілі для сябе?
– Разумею, што ідэальныя плошчы для кожнай культуры падабраць нерэальна, але агульная выснова для гаспадарак Міёршчыны: трэба сеяць больш азімых культур, яны ўстойлівыя да негатыўных праяўленняў надвор’я. Як вынік, азімы рапс ужо сёлета заняў 2 067 гектараў, што больш за мінулагодняе. Разлічваем пасеяць запланаваныя плошчы азімых зерневых.


Трэба ўлічваць і змяненні клімату. Пацяпленне дазволіла летась упершыню пачаць абмалот кукурузы на зерне, яго атрымалі больш за 800 тон. Сёлета на гэтыя мэты адведзены 325 гектараў пасеваў «каралевы палёў». У цэлым надвор’е спрыяе наліву і паспяванню пачаткаў, для ўборкі ёсць тэхніка. Гэта імпартныя камбайны NEW HOLLAND. Толькі сушыць кукурузнае зерне непасрэдна ў гаспадарках немэтазгодна, яно адразу будзе накіроўвацца на камбікормавы завод і выкарыстана для вытворчасці спецыяльных збалансаваных камбікармоў для цялят. У будучым магчыма выкарыстанне новых тэхналогій у абыходжанні з кукурузным зернем – кансерваванне ў рукавах.

Абласныя «Дажынкі» сёння сабралі ў Браславе перадавікоў жніва з усёй Віцебшчыны. Хто на свяце з гаспадарак нашага раёна?
– «Дажынкі» – гэта магчымасць выказаць словы падзякі за старанную працу на зямлі ўсім аграрыям, ушанаваць найлепшых. У суседнім райцэнтры афіцыйная дэлегацыя з Міёршчыны прадстаўнічая. У яе складзе кіраўнікі раёна і перадавых гаспадарак, найперш дырэктар СУП «Цітова» Франц Вершалоўскі. Пра дасягненні гэтага сельгаспрадпрыемства дастаткова сведчаць ужо названыя паказчыкі. Яно не сыходзіла з Дошкі гонару ў раённай газеце на працягу ўсяго перыяду ўборкі зерневых.


Дырэктар райаграсэрвісу Іван Сушко прадстаўляе калектыў, які дабіўся высокіх вытворчых паказчыкаў і аказаў вялікую падтрымку іншым сельгаспрадпрыемствам нашага і суседніх раёнаў на жніве і пры выкананні розных работ.


Камбайнер ВУПКУ «Міёрскі» Аляксандр Баршчэўскі ў ліку найлепшых сярод працуючых на айчынных уборачных агрэгатах, Ігар Гаўрыловіч з УП «Чэрасы» вызначыўся сярод маладых удзельнікаў жніва.


Падзяка за старанную працу іншым удзельнікам жніва. У першую чаргу гэта камбайнер СУП «Цітова» Анатоль Сачыўка – адзіны на Міёршчыне, хто намалаціў больш за 2 тысячы тон зерня. У лік тысячнікаў Валерый Кадушка з «Цітова», Уладзімір Глебка і Іван Шляпецец з «Мікалаёўскага», Юрый Мутар і Аляксей Мароз з «Павяцця», Сяргей Баслак з «Папшулёў», Ігар Станкевіч з «Туркова», Віктар Шыман з «Язна».


Сярод найлепшых вадзіцеляў на адвозцы зерня Вячаслаў Парадня з «Цітова» і Андрэй Маляўка з «Узмёнскага краю», сушыльшчыкі з «Павяцця», якіх прадстаўляў Аляксей Урублеўскі.


Сотні шчырых работнікаў засталіся не названымі, але і іх працай множыўся агульны набытак. Дзякую ўсім за адданасць хлебаробскай справе.

Фота з архіва рэдакцыі.
Гутарыў Леанід МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках

  • да 2018
  • 2019
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 98 370
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 88 983
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 88 726
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 42 541
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 42 375
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 36 592
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 25 724
  • 2
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 9 августа 2020
Герман, Иван, Кирилл, Климент, Константин, Наум, Николай, Платон, Анфиса

Именины 8 августа 2020
Игнатий, Моисей, Сергей, Федор, Прасковья

Госці краін

free counters
Партнеры сайта