Авторизация
 

Вяскоўцы на Міёршчыне чакаюць перапісчыкаў

 Два тыдні ў краіне ідзе перапіс насельніцтва. Пакуль у рэспандэнтаў было два варыянты: перапісацца праз інтэрнэт (апошні дзень 18 кастрычніка) ці завітаць на ўчастак. Які з іх выбіралі жыхары сельскай мясцовасці? Раскажам на прыкладзе Міёрскага сельсавета.

Улік жыхароў Міёрскага сельсавета вядуць два перапісчыкі: бібліятэкар з Дворнага Сяла Зінаіда Бунта і яе калега з Чэраскай бібліятэкі Валянціна Пальчэўская. За кожнай замацаваны без малога па 20 населеных пунктаў. У некаторых засталося па 2 – 5 жыхароў. Перапісаць трэба кожнага.

Плошчу жылля
і зямельнага ўчастка трэба ўспомніць

З Зінаідай Бунта сустрэліся 15 кастрычніка ў Дворнасельскай школе. Апытвала настаўніцу Ніну Закрэўскую. Пацікавіліся ўражаннямі.
– Перапіс у інтэрнэце не праходзіла, пабаялася памылкі дапусціць. Лепш даверыцца перапісчыку, – заўважае Ніна Пятроўна. – Пашпарты ўзяла, каб сэканоміць час. Перапісала сябе, мужа, сына і дачку. Яшчэ адзін сын у горадзе прайшоў перапіс. Усе пытанні зразумелыя. Памер зямельнага ўчастка і плошчу таго, што там расце, трэба было ўспамінаць. Для сябе такі ўлік не вядзём.


Пытанні пра наяўнасць зямлі, садавіны, агародніны і хатніх гадаванцаў ідуць апошнімі. Назваць трэба як памер сваіх уладанняў у метрах квадратных, так і колькасць яблынь, груш, вішань, сліў, чарнаплоднай рабіны і іншых пладова-ягадных дрэў і кустарнікаў. Нават персікі ў пераліку ёсць. Але іх у Дворным Сяле наўрад ці хто вырошчвае. Кароў, коней, свіней і іншых гадаванцаў, а таксама птушку лічаць пагалоўна. А вось катамі і сабакамі не цікавяцца.


Чакае чаргі перапісацца пенсіянерка Валянціна Плюто. Апытанне доўжыцца хвілін дзесяць. Рэспандэнт задумваецца наконт плошчы свайго жылля. І ўсміхаецца, калі пытаюць, ці знаходзіліся ў яе доме ў ноч з 3 на 4 кастрычніка іншаземцы.
– З усім згодны? Адпраўляем анкету на сервер ці трэба штосьці адрэдагаваць? – удакладняе перапісчык, калі пытанні закончаны.
– Усё правільна.


Падзякаваўшы за ўдзел у перапісе, Зінаіда Васільеўна развітваецца з рэспандэнтам.
– Пакуль ідзе анлайн-перапіс, мы не маем права наведвацца на дом. Працуе мабільны ўчастак. Гэта значыць, можна перапісваць сяльчан ва ўстановах і арганізацыях, на прадпрыемствах, – тлумачыць перапісчык. – Напрыклад, учора дваіх чалавек перапісала на Дворнасельскім ФАПе і яшчэ чатырох на мехдвары. Заўтра планую наведацца ў магазін «Вясковы» ў Пад’ельцы. У мінулы раз там 11 чалавек перапіс прайшлі. У школу сёння завітала ў другі раз. Пасля абеду чакаю рэспандэнтаў у бібліятэцы.


Сёлетняя перапісная кампанія для Зінаіды Бунта трэцяя. Істотна аблягчае работу планшэт. Між тым з сабой некалькі экземпляраў перапісных бланкаў. Тэхніка можа падвесці, а рукапісы, як сцвярджаў класік, не гараць. Аднак пасля ўсё роўна давядзецца перанесці дадзеныя ў планшэт.


Работа знаёмая, але некаторыя моманты выклікаюць непаразуменне.
– На ўчастку шмат пенсіянераў. Многім да аўталаўкі дайсці цяжка, не тое што на перапісны ўчастак. Прайсці перапіс у інтэрнэце змогуць далёка не ўсе. Адны ім не карыстаюцца, іншых сістэма не распазнае. Напрыклад, я хацела сваю маці перапі- саць. Аднак яна не мае банкаўскай карткі, не афармляла крэдытаў – з анлайн-перапісам нічога не атрымалася, – расказвае Зінаіда Васільеўна. – Таму ўзнікае пытанне: чаму нельга ўжо цяпер накіравацца ў дамы тых рэспандэнтаў, якія дакладна не будуць перапісвацца ў інтэрнэце? Такіх адрасоў у мяне шмат.

На ўчастак
не спяшаюцца

Бібліятэкар Чэраскай бібліятэкі Валянціна Пальчэўская таксама ў трэці раз удзельнічае ў перапісе. І яе непакоіць, як паспець з 21 па 30 кастрычніка абысці рэспандэнтаў. На ўчастак яны не спяшаюцца. Ды і не так проста дабрацца ў Чэрасы, напрыклад, з Сухавержжа ці Пацеенкаў.


– Чакаю вяскоўцаў у бібліятэцы, была ў мясцовай гаспадарцы, – расказвае па тэлефоне перапісчык. – На ўчастак ідуць не актыўна. Відаць, прывыклі, што перапісчыкі апытваюць на даму. Ведаю, што мясцовыя пенсіянеры мяне ўжо чакаюць.

***
З расповядаў бачна, што жыхары сяла, асабліва пенсіённага ўзросту, аддаюць перавагу перапісу на даму. Яго пачнуць весці з 21 кастрычніка.

ВАЖНА
З 21 па 30 кастрычніка рэспандэнтаў, якія не змаглі перапісацца праз сетку Інтэрнэт ці на стацыянарным участку, апытаюць на даму. Просьба карэктна, з павагай аднесціся да работы перапісчыка, засцерагчы яго ад небяспекі: сабакі ў вашым двары павінны знаходзіцца на ланцугу.
Памятайце, перапісаць неабходна ўсіх пастаянна пражываючых па ўказаным адрасе (незалежна ад месца рэгістрацыі, полу, узросту і грама- дзянства). Калі кагосьці з членаў сям’і не ўдалося перапісаць праз Інтэрнэт, звяртайцеся па тэлефоне 5 14 50, каб накіравалі перапісчыка. Ці наведайце стацыянарныя ўчасткі, якія будуць працаваць без выхадных з 9.00 да 20.00 па 30 кастрычніка ўключна. У Міёрах – на вул. Камуністычнай, 8 (другі паверх, правае крыло, кабінет аддзела статыстыкі). У Дзісне – па Тэльмана, 1, (першы паверх, зала пасяджэнняў гарвыканкама).
Па пытаннях звяртайцеся на адзіны даведачны нумар Колл-цэнтра Белстата 8 801 100 31 31 (званок бясплатны) з 9.00 да 21.00 (3 кастрычніка – 6 лістапада).

Фота аўтара.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 16 апреля 2021
Никита

Именины 15 апреля 2021
Георгий, Григорий, Ефим

Госці краін

free counters
Партнеры сайта