Авторизация
 

Адказнасць, давер і канфідэнцыяльнасць

 Перапіс насельніцтва – найважнейшая крыніца інфармацыі, неабходная для распрацоўкі палітыкі эканамічнага і дзяржаўнага жыцця краіны. Ён дае адказы на пытанні аб узроўні адукацыі, сацыяльным статусе, жыллёвых умовах. Дазваляе вызначыць дэфіцыт ці лішак працоўных рэсурсаў, паказвае прасторавую мабільнасць. Напярэдадні важнай дзяржаўнай кампаніі гутарым з начальнікам аддзела статыстыкі Міёрскага раёна Наталляй НОВІК.

Хто адказвае за правядзенне перапісу ў Беларусі?
– Нацыянальны статыстычны камітэт. Органы статыстыкі займаюцца падрыхтоўчымі мерапрыемствамі, уключаючы распрацоўку праграм перапісу, вядуць растлумачальную работу, вучаць перапісны персанал.


Можна замяніць перапіс насельніцтва дадзенымі, якія маюць дзяржаўныя органы?
– Не. Звесткі пра колькасць насельніцтва і яго склад амаль заўсёды і ёсць вынік перапісу ці разлікаў, якія грунтуюцца на ім.
Галоўная прычына неабходнасці перапісу насельніцтва ў тым, што для аналізу эканамічнай сітуацыі ў краіне і яго прагназавання патрэбны звесткі пра размеркаванне ўсіх жыхароў горада, вобласці ці рэспублікі не па асобных прыкметах, а па іх спалучэнні. Напрыклад, не проста колькасць людзей, а колькі сярод іх мужчын і жанчын, маладых і сталых, узровень іх адукацыі.


Як і калі будзе праходзіць перапіс?
– З 4 па 30 кастрычніка. Момант падліку насельніцтва ўстанаўліваецца па стане на 0 гадзін 4 кастрычніка. Запоўніць перапісныя лісты можна па месцы жыхарства, праз інтэрнэт ці на стацыянарным участку. Інтэрнэт-апытанне пройдзе з 4 па 18 кастрычніка. Запоўніць лісты можна ў любы зручны час. Персанальныя дадзеныя рэспандэнта ніхто не будзе ведаць, акрамя яго. Да таго ж сэканоміце час.
Стацыянарныя ўчасткі працуюць з 4 па 30 кастрычніка без выхадных. З 4 па 6 – з 9.00 да 21.00, з 7 па 30 – з 9.00 да 20.00. У Міёрах звяртайцеся ў кабінет аддзела статыстыкі (вул. Камуністычная, 8, 2-і паверх, правае крыло). У Дзісне запоўніць анкеты можна ў гарвыканкаме па адрасе вул. Тэльмана, 1, 1-ы паверх, зала пасяджэнняў.
З 21 па 30 кастрычніка перапісчыкі наведаюць кожны адрас, дзе яшчэ не прайшлі перапіс.


Удзельнічаць абавязкова?
– Закон «Аб перапісе насельніцтва» абавязвае рэспандэнтаў не перашкаджаць перапісу і прадастаўляць сапраўдныя персанальныя дадзеныя. Разам з тым, хтосьці не захоча адказваць на пэўныя пытанні. Канфідэнцыяльнасць інфармацыі гарантуецца.


Якія неабходны дакументы?
– Звесткі ўносяцца ў лісты выключна са слоў рэспандэнта і не патрабуюць дакументальнага пацвярджэння.


Якія пытанні зададуць? Што змянілася ў параўнанні з перапісам 2009 года?
– Адказы на 49 найважнейшых пытанняў дадуць дэмаграфічную, нацыянальную, культурную і сацыяльна-эканамічную характарыстыку насельніцтва. Спытаюць пра ўзрост, шлюб, месца нараджэння, адукацыю, грамадзянства, нацыянальнасць, веданне моў, занятасць, крыніцы сродкаў існавання, жыллёвыя ўмовы, узровень добраўпарадкавання і інш.
Дабавіліся пытанні наконт міграцыі, дадатковай адукацыі, планавання нараджэння дзяцей, сельскагаспадарчай дзейнасці.


Як вырашыць пытанне бяспекі падчас перапісу?
– Перапісны персанал лёгка пазнаць па пасведчанні за подпісам начальніка Галоўнага статыстычнага ўпраўлення вобласці, партфелі з лагатыпам перапісу і планшэце. Калі ўзнікнуць пытанні, у тым ліку наконт бяспекі рэспандэнтаў, тэлефануйце на адзіны нумар кол-цэнтра ў Нацыянальным статыстычным камітэце 8 801 100 31 31. Званок бясплатны. Час працы: з 27 верасня па 2 кастрычніка – 9.00 – 18.00, з 3 кастрычніка па 6 лістапада – 9.00 – 21.00.


Як улічаць інтарэсы тых, хто знаходзіцца за мяжой, у камандзіроўцы, на адпачынку?
– Рэспандэнты, якіх няма ў краіне больш за год, разглядаюцца як працяглыя мігранты. У пастаянную коль- касць насельніцтва краіны іх не ўключаюць. Калі выехалі з Беларусі на тэрмін да года, вас перапішуць з адзнакай аб часовай адсутнасці. Персанальныя дадзеныя паведамяць іншыя паўналетнія члены сям’і.


Калі абнародуюць першыя вынікі?
– Папярэднія вынікі стануць вядомыя ў лютым 2020 года.


Хто належыць перапісу? Ці ёсць катэгорыі, якія не будуць удзельнічаць?
– Перапіс пройдзе ўсё насельніцтва, якое пастаянна пражывае ў краіне, незалежна ад грамадзянства. Акрамя таго, перапішуць і асоб, якія знаходзяцца ў іншай дзяржаве ці прыехалі ў Беларусь на работу або вучобу на тэрмін менш за год.
Не належаць перапісу замежныя грамадзяне – кіраўнікі і супрацоўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў, консульскіх устаноў і іншых прадстаўніцтваў замежных дзяржаў і міжнародных арганізацый у Рэспубліцы Беларусь, члены іх сем’яў, а таксама асобы, якія выехалі за мяжу ў камандзіроўку, на вучобу, работу тэрмінам на год і больш.


Калі рэспандэнт рэдка бывае дома, як яго застане перапісчык?
– Перапісчык пакіне паведамленне, дзе ўкажа свой нумар тэлефона, каб узгадніць дату і час апытання.


Кожны член сям’і павінен асабіста адказаць на пытанні?
– Дадзеныя збіраюць шляхам апытання кожнага паўналетняга рэспандэнта. Калі яго няма, дазваляецца запоўніць перапісны ліст са слоў іншага паўналетняга члена сям’і. Апытанне аднаго чалавека займае каля пяці хвілін.


Рэспандэнт жыве адзін, едзе ў камандзіроўку і вернецца толькі ў лістападзе. Як прайсці перапіс?
– Праз інтэрнэт. Або наведаць стацыянарны ўчастак з 4 па 30 кастрычніка ў населеным пункце па месцы знаходжання.
Удзел у перапісе – грамадзянскі абавязак кожнага. Гэтая інфармацыя неабходна для ўстойлівага і стабільнага развіцця краіны, грамадства.

Фота для ілюстрацыі
Падрыхтавала Алена ВАРОНІНА.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 24 сентября 2021
Виктор, Герман, Дмитрий, Лев, Николай, Петр, Роман, Сергей, Евдокия, Ия, Карп

Именины 23 сентября 2021
Андрей, Василий, Гавриил, Глеб, Евгений, Иван, Климент, Константин, Николай, Павел, Петр, Татьяна, Семен

Госці краін

free counters
Партнеры сайта