Галоўная > Афіцыйна / Сельская гаспадарка > «Сельская газета» надрукавала спіс сельгасарганізацый краіны, якія вызначыліся ў сферы жывёлагадоўлі

«Сельская газета» надрукавала спіс сельгасарганізацый краіны, якія вызначыліся ў сферы жывёлагадоўлі


16-02-2021, 13:07. размясціў: gazeta

 «Сельская газета» надрукавала спіс сельгасарганізацый краіны, дзе за 2020 год забяспечылі сярэдні надой ад каровы больш за 6 тысяч кілаграмаў. Пералік вялікі, у ім 356 сельгаспрадпрыемстваў.

 

На першым месцы УП «Моладава-Агра» з Іванаўскага раёна, дзе ад 955 кароў у сярэднім атрымалі па 11 835 кілаграмаў малака пры гадавой прыбаўцы ў 947 кг. Што магчымасці Віцебшчыны не горшыя, сведчыць паказчык СВК «Ларынаўка» Аршанскага раёна з надоем 11 422 кг ад гурта ў 770 галоў, леташняя прыбаўка тут склала 380 кг ці 3,5 %. Гэта трэці паказчык у краіне.

 
Наогул з нашай вобласці ў спіс трапілі 19 гаспадарак з развітай малочнай жывёлагадоўляй з дзевяці раёнаў, па чатыры з Віцебскага і Полацкага, па тры – з Аршанскага і Верхнядзвінскага, па адной – з Браслаўскага, Глыбоцкага, Лепельскага, Міёрскага і Пастаўскага.

 
Міёршчына ганарыцца дасягненнямі СУП «Цітова». Летась у гэтай гаспадарцы пры дойным гурце ў 650 галоў валавая вытворчасць малака склала 4 447 тон, павялічылася да папярэдняга года на 5,1 %. У разліку на кожную карову надоена па 6 890 кілаграмаў з прыбаўкай да 2019-га ў 209 кг.

 
Упраўленне па сельскай гаспадарцы і харчаванні і райкам прафсаюза работнікаў АПК назвалі найлепшых аператараў машыннага даення СУП «Цітова», што забяспечылі поспех. Алена Харобрая мае 15-гадовы працоўны стаж на ферме, яе леташні надой ад кожнай каровы –
8 054 кілаграмы. Аксана Кухальская забяспечыла па 8 053 кг, Алена Савельева – 7 980, Алена Свірко – 7 532, Ала Дзямешка – 7 455.

 
У ААТ «Туркова» найлепшы аператар – Жанна Падкладнёва з надоем 6 459 кг на карову, затым ідуць Валянціна Шчамель і Наталля Паграбенная, у ААТ «Дрыгучы» – Святлана Кашыра. У ліку самых выніковых і адказных даглядчыкаў статка на вырошчванні і адкорме Анатоль Свяцкі з ААТ «Папшулі» з сярэднясутачнымі прывагамі кожнай галавы ў 990 грамаў. Алена Талапіла з СУП «Цітова» забяспечыла прывагу ў 821 грам. Набліжаюцца да такіх паказчыкаў Валянціна Апалька з ААТ «Любінова», Кацярына Корсакава з «Туркова».

 
Сярод найлепшых спецыялістаў жывёлагадоўлі галоўны заатэхнік з «Папшулёў» Таццяна Шэдава, галоўны ветурач з «Туркова» Уладзіслаў Лагун, аператар па штучным асемяненні з «Цітова» Аляксандр Ізаітка. З такімі работнікамі шанцы нашых гаспадарак трапляць у лік найлепшых у краіне істотна павялічваюцца.

 

Леанід МАТЭЛЕНАК.

Фота для ілюстрацыі.


Вярнуцца назад