Галоўная > Афіцыйна > Будуць зменены межы горада Міёры і суседніх сельсаветаў

Будуць зменены межы горада Міёры і суседніх сельсаветаў


24-04-2019, 15:07. размясціў: gazeta

 На мінулым тыдні ў райвыканкаме разгледзелі прапанову па змяненні граніц горада Міёры, Міёрскага і Перабродскага сельсаветаў. Запланавана ўключыць у мяжу горада ўчасткі агульнай плошчай каля 146 гектараў. Гэта мае дачыненне толькі да гаспадарчых земляў.

У прыватнасці, згодна з горадабудаўнічым праектам “Генеральны план горада Міёры”, намечана сярэдне- і малапавярховая забудова. У граніцы райцэнтра павінны ўключыць частку земляў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў ААТ “Пад’ельцы” і УП “Чэрасы”, размешчаных у паўднёва-заходняй частцы ад горада: камунальнае праектна-рамонтна-будаўнічае прадпрыемства “Віцебскаблдарбуд”, “Віцебскэнерга”, СУП “Чэрасы”, ААТ “Пад’ельцы” і яго землі з Міёрскага сельсавета.


Завяршаецца будаўніцтва завода па вытворчасці металічнага ліста і белай бляхі ў Міёрах. Неабходна прысвоіць аб’екту адрас. ММПЗ-груп знаходзіцца на тэрыторыі Перабродскага сельсавета. А паколькі ва ўсіх на слыху Міёрскі завод, прынята рашэнне ўключыць яго землі з часткай прылеглых земляў райаграсэрвісу ў мяжу горада. Новабудоўля набудзе новы адрас – Міёры. У мяжу горада ўвойдуць таксама чыгунка, “Віцебскэнерга” і райгаз.


Аддзел землеўпарадкавання райвыканкама павінен прадставіць у Нацыянальнае кадастравае агенцтва дакументы для ўнясення змяненняў у адзіны рэестр адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак Рэспублікі Беларусь. Для гэтага ўдакладняюцца тэрыторыі вёсак Мацюкі, Дворышча, Станулева і аграгарадка Пад’ельцы. Цяпер граніцы гэтых населеных пунктаў і Міёр накладаюцца адна на адну, неабходна іх нармалізаваць. Лічбы зменяцца, але нязначна.


Рашэнне прынята на раённым узроўні, унесена прапанова ў Віцебскі абласны Савет дэпутатаў па змяненні граніц горада Міёры, Міёрскага і Перабродскага сельсаветаў.

Фота для ілюстрацыі.

Алена ВАРОНІНА.


Вярнуцца назад