Галоўная > Афіцыйна > Дзяржкантроль інфармуе

Дзяржкантроль інфармуе


15-04-2019, 14:09. размясціў: gazeta

 Раўнадушша і фармалізм

Пажылому цяжка вырашаць свае праблемы, якіх з узростам не менее. А калі ён інвалід — тым больш. Аднак нярэдка гэтыя грамадзяне, звярнуўшыся па дапамогу да работнікаў аховы здароўя, сутыкаюцца з раўнадушшам і фармалізмам. 

Тое пацвердзілася падчас гарачай лініі абласнога Камітэта дзяржаўнага кантролю, якая праводзілася сёлета ў сакавіку. Тэлефанавала нямала грамадзян у паважаным узросце, якія не атрымалі неабходную дапамогу ў пярвічных інстанцыях.


Пасля звароту ў медустанову пенсіянеру з Дзісны з дыягназам “цукровы дыябет” далі магчымасць атрымаць неабходныя прэпараты толькі ў райцэнтры. Пажылому мужчыну даводзілася скіроўвацца за 90 кіламетраў за кошт уласных сродкаў. Пытанне вырашыў Камітэт. Па яго прапанове УП “Фармацыя” дазволіла пацыенту атрымліваць патрэбныя лекі ў Дзісенскай аптэцы.


60-гадовую жанчыну з Глыбокага, у якой адно вока не бачыць і вельмі слабы зрок на другім, у мясцовым магазіне “Медтэхніка” не забяспечылі лінзамі, а прапанавалі самастойна з’ездзіць у Мінск за акулярамі. Толькі пасля звароту на гарачую лінію дзяржкантролю кіраўніцтва Глыбоцкай райбальніцы пахадайнічала аб іх набыцці на месцы.


Пасля ўмяшальніцтва Камітэта вобласці і адміністрацыя Пастаўскай бальніцы накіравала на дадатковае абследаванне ў абласны цэнтр 55-гадовага мясцовага жыхара са стэнакардыяй, каб вырашыць пытанне па прызначэнні групы інваліднасці.
Службовыя асобы, якія фармальна ставяцца да выканання службовых абавязкаў у сферы медыцынскіх паслуг, будуць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Патуранняў не будзе

З 27 па 30 сакавіка адбыўся маніторынг сельгасарганізацый 16 раёнаў вобласці па пытаннях падрыхтоўкі і правядзення вясенніх палявых работ і навядзенні парадку на вытворчых аб’ектах.


Па выніках кантрольных мерапрыемстваў у 12 гаспадарках з дзевяці раёнаў выяўлены факты нізкай гатоўнасці тэхнікі, у пяці сельгасарганізацыях з трох раёнаў прыпіскі па гэтым пытанні. Усе 27 вывучаных гаспадарак не забяспечаны мінеральнымі ўгнаеннямі. У 17 няма належнага парадку на машынных дварах і ў майстэрнях. Не заўважылі яго і на 40 жывёлагадоўчых фермах з 17 сельгаспрадпрыемстваў. 33 — часткова агароджаны, з памяшканняў несвоечасова выдаляўся гной. На 23 фермах не ўсюды падсцілалі.
У цэлым выявілі 84 факты парушэнняў і недахопаў. Кіраўнікам гаспадарак выдалі рэкамендацыі, як іх выправіць і зноў не дапусціць. Да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты 38 службовых асоб райвыканкама і сельгасарганізацый. Некаторым кіраўнікам пагражае крымінальная адказнасць.


Па інфармацыі райвыканкамаў, на першага красавіка 44 парушэнні выправілі. Шмат дзе ў жывёлагадоўчых памяшканнях і на выгульных дварах, у мехмайстэрнях і ля іх, у складах запанаваў парадак. Завяршаецца ачыстка выгульных пляцовак для жывёлы, падсыпка і грэйдаванне тэрыторый асобных ферм і пад’язных шляхоў, назапашваецца разліковы аб’ём мінеральных угнаенняў. Цяпер Камітэт правярае, ці так усё на самой справе. 


Вярнуцца назад