Декрет №3 «О предупреждении социального иждивенчества"

Дэкрэт №3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства" падпісаны 2 красавіка 2015 года з мэтай стымуляваць працаздольных грамадзян да працы і папярэдзіць сацыяльнае ўтрыманства.

Ён устанаўлівае абавязак беларусаў, пастаянна пражываючых у рэспубліцы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія не прымалі ўдзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічалі ў ім менш за 183 каляндарныя дні ў мінулым годзе, па выплаце збору ў 20 базавых велічынь. Адпаведныя паведамленні атрымалі дзясяткі тысяч беларусаў. Пры наяўнасці права на вызваленне ад збору, у тым ліку і тым грамадзянам, хто атрымаў  паведамленне, трэба  прадаставіць у падатковыя органы пацвярджальныя дакументы. На практыцы ў многіх выпадках яго супрацоўнікам даводзіцца разбірацца індывідуальна.

Напярэдадні ўдасканаленне мер у гэтай сферы абмяркоўвалася на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы. 7 снежня на сайце БЕЛТА адбылася анлайн-канферэнцыя на тэму "Практыка прымянення норм дэкрэта №3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства".

На нарадзе Аляксандр Лукашэнка даручаў дасканала маніторыць прымяненне дэкрэта №3 на практыцы і працэсы ў гэтай сферы. Прапанаваў разабрацца, якія праблемы ўзніклі ў ходзе яго рэалізацыі, наколькі надзейна пастаўлена заслона сацыяльнаму ўтрыманству, ці ўздзейнічае распрацаваны механізм на тых людзей, якія не хочуць працаваць або робяць гэта нелегальна. Прэзідэнт таксама пацікавіўся, якая рэальная практыка прымянення дэкрэта на месцах, наколькі якасна і дакладна складаюцца спісы плацельшчыкаў гэтага збору. "Мне дакладваюць, што нярэдка паведамленні на выплату паступаюць ад падатковых інспекцый грамадзянам, якія не абавязаны плаціць гэты збор і не павінны былі ўключацца ў спісы плацельшчыкаў: студэнтам, жанчынам, якія ў дэкрэтных водпусках, нават салдатам тэрміновай службы",—заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама запатрабаваў далажыць аб выніках выканання ўрадам даручэння па стварэнні дастатковай колькасці рабочых месц для беспрацоўных грамадзян і выніках маніторынгу ўзроўню беспрацоўя па ўсіх рэгіёнах рэспублікі.
Змяненні і папраўкі ў дэкрэт аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства, са слоў Наталлі Качанавай, плануецца ўнесці да канца года. Перш за ўсё, гэта пытанні, якія маюць дачыненне да цяжкіх жыццёвых сітуацый і прадастаўлення права мясцовым органам улады прымаць рашэнне аб вызваленні ад збору грамадзян, у якіх склаліся непрадбачаныя жыццёвыя сітуацыі. Плануецца, што адпаведным правам будуць надзелены мясцовыя Саветы дэпутатаў і выканаўчыя органы. Працэс прыняцця рашэнняў у гэтай сферы аддадуць на кантроль кіраўнікам рэгіёнаў.

Пашырыцца катэгорыя грамадзян, якія вызваляюцца ад выплаты збору. Гэта, напрыклад, тыя, хто праходзіць альтэрнатыўную службу, спартсмены, што знаходзяцца ў спісачным складзе нацыянальнай або зборнай каманды Беларусі па тым ці іншым відзе спорту і не атрымліваюць нейкага даходу. Акрамя таго, падтрымана прапанова ў якасці выплачанага падаходнага падатку з фізічных асоб улічваць таксама сумы такога падатку, на якія ён быў зменшаны ў выніку прымянення ўстаноўленых заканадаўствам падатковых вылікаў, як, напрыклад, у выпадку аказання дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі пры будаўніцтве жылля або атрыманні адукацыі.
Яшчэ адно змяненне мае дачыненне да пераносу тэрмінаў выдачы паведамленняў і выплаты збору за 2015 год на 20 студзеня і 20 лютага 2017 года адпаведна. Гэта зроблена з улікам неабходнасці ўдасканалення сфарміраванай інфармацыйнай базы дадзеных плацельшчыкаў збору.

Як  паведаміла ў час анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА намеснік начальніка ўпраўлення падаткаабкладання грамадзян, дэкларавання даходаў і маёмасці галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб МПЗ Марына Побаль, паведамленні па выплаце збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў накіраваны 73 тыс. грамадзян. Паступіла больш за Br3 млн, у тым ліку Br1 млн—ад асоб, якія самастойна паведамілі ў падатковыя органы аб сваім няўдзеле ў фінансаванні дзяржаўных расходаў",—растлумачыла спецыяліст.

Амаль 15 тыс. чалавек даказалі сваё права на вызваленне ад выплаты збору. Спецыяліст удакладніла, што для гэтага неабходна звярнуцца ў падатковы орган па месцы сваёй рэгістрацыі. Пасля разгляду дакументаў прымаецца рашэнне: не з'яўляецца грамадзянін плацельшчыкам збору ці з'яўляецца, але сума можа быць зменшана.

Пасля прыняцца дэкрэта №3 прыкметна павялічылася колькасць грамадзян, якія ажыццяўляюць рамесную дзейнасць і дзейнасць па заяўным прынцыпе, што не патрабуе рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка. Гэта, напрыклад, рэпетытары, хатнія работнікі.

У сувязі з плануемым унясеннем змяненняў у дэкрэт №3 фізічныя асобы, у якіх тэрмін выплаты надышоў 15 лістапада, часова не будуць прыцягвацца да адміністрацыйнай адказнасці да ўстанаўлення канкрэтных тэрмінаў выплаты.
Марына Побаль нагадала, што першыя паведамленні былі накіраваны грамадзянам у кастрычніку. "Заплаціць трэба было да 15 лістапада. У тых грамадзян, якім паведамленні накіроўваліся пасля гэтай даты, тэрмін выплаты—30 дзён з моманту атрымання паведамлення. Пры гэтым яно лічыцца ўручаным грамадзяніну праз 10 дзён пасля накіравання",—растлумачыла спецыяліст.
На пытанне, ці будзе вяртацца сума збору тым грамадзянам, якія пакуль з'яўляюцца яго плацельшчыкамі, але пасля ўнясення змяненняў у дэкрэт атрымаюць права на льготы, растлумачана, што ўсё залежыць ад таго, з якога перыяду ўступяць у сілу змяненні. "Калі яны закрануць падатковы перыяд 2015 года, то, адпаведна, у грамадзян з'явіцца права на льготу, зробяць пераразлік і ім вернуць суму збору. Калі змяненні закрануць 2016 год і наступныя перыяды, то пераразліку не будзе",—паведаміла яна. Паводле слоў спецыяліста, вялікі працэнт памылковых пападанняў у базу дадзеных займаюць людзі, якія працуюць, навучаюцца або пражываюць за межамі Беларусі. "Ім самім трэба паклапаціцца пра прадастаўленне звестак, якія пацвярджаюць, што яны фактычна знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі менш за 183 дні ў каляндарным годзе. Бо падатковыя органы не маюць такой інфармацыі",—падкрэсліла Марына Побаль.

Пацвярджэнне часу знаходжання на тэрыторыі Беларусі праводзіцца на аснове дадзеных аб уездзе або выездзе   з рэспублікі. Улічваючы адсутнасць пагранічнага кантролю паміж Беларуссю і Расіяй, можна прадставіць любыя іншыя дакументы, якія з'яўляюцца падставай для вызначэння месца фактычнага знаходжання грамадзяніна на працягу каляндарнага года. Гэта копіі дакументаў, якія пацвярджаюць месца жыхарства (пры яго наяўнасці) на тэрыторыі іншай дзяржавы (копіі дагавора куплі-продажу, найму (паднайму) жылога памяшкання і іншыя); копіі дакументаў, якія пацвярджаюць атрыманне на тэрыторыі іншай дзяржавы даходаў па працоўных, грамадзянска-прававых дагаворах; копіі іншых дакументаў, што пацвярджаюць месца фактычнага знаходжання на тэрыторыі іншай дзяржавы (жыхарства, знаходжання, работы, службы, вучобы) на працягу каляндарнага года; копіі іншых дакументаў, што пацвярджаюць выезд з Беларусі і час знаходжання на тэрыторыі іншай дзяржавы.

"Калі такіх дакументаў няма, то можна прадаставіць падрабязныя тлумачэнні сваякоў, у якіх грамадзянін пражывае, каб падатковы орган мог праверыць дадзеныя. Напрыклад, жанчына паехала да грамадзянскага мужа ў іншую краіну, жыве ў яго, але пры гэтым нідзе не працуе. У гэтым выпадку яна не можа прадаставіць дакументы, але можа даць пісьмовае тлумачэнне, якое павінна быць пацверджана яе грамадзянскім мужам. І гэтага дастаткова",—расказала спецыяліст.

Акрамя таго, падатковыя органы не маюць інфармацыі аб грамадзянах, якія навучаюцца на дзённым аддзяленні.Такія звесткі прадстаўляюць дзяржаўныя органы і арганізацыі, у чыёй падпарадкаванасці знаходзяцца ўстановы адукацыі, а таксама прыватныя навучальныя ўстановы. Марына Побаль звярнула ўвагу, што не вядзецца ў краіне і ўлік асоб, якія вядуць асабістую падсобную гаспадарку.

Па матэрыялах БЕЛТА
падрыхтавала Н. СТАНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.