Сессия районного Совета

31-я чарговая сесія раённага Савета дэпутатаў адбылася 24 снежня. Са справаздачай раённага выканаўчага камітэта аб выкананні асноўных параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ў 2013-м годзе і прагнозных паказчыках на 2014-ы выступіў старшыня райвыканкама І. В. Кузняцоў. Даклад аб раённым бюджэце на 2014 год зрабіў начальнік фінансавага аддзела райвыканкама В. І. Пабяржын. У іх абмеркаванні прынялі ўдзел намеснікі старшыні райвыканкама В. А. Бялько, А. І. Баданін, Л. І. Лясовіч і М. М. Баніфатава, дырэктар мясакамбіната В. В. Бандарэнка і старшыня Новапагосцкага сельскага Савета Р. А. Гернат.

 

Вынікі абмеркавання асноўных пытанняў парадку дня падвёў старшыня райвыканкама І. В. Кузняцоў. Ён падзякаваў дэпутатам, старшыням Дзісенскага гарадскога і сельскіх Саветаў, кіраўнікам працоўных калектываў, арганізацый і ўстаноў, раённаму актыву за ўклад у выкананне задач 2013 года і выказаў упэўненасць, што раён справіцца з больш высокімі прагнознымі паказчыкамі 2014-га.

 

Сесія прыняла да ведама справаздачу раённага выканаўчага камітэта і ўстанавіла рэкамендуемыя паказчыкі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Міёршчыны на новы год. У прыватнасці, імі прадугледжана павелічэнне экспарту тавараў на 19%, экспарту паслуг — на 9% да дасягнутага ў 2013-ым узроўню. Прамыя замежныя інвестыцыі павінны скласці не менш за 10 мільёнаў долараў ЗША. Намінальная налічаная заработная плата прадугледжваецца ў 4477 тысяч рублёў, а выручка ад рэалізацыі прадукцыі (тавараў, работ, паслуг) у разліку на аднаго сярэдняспіскавага работніка — 254,2 мільёна рублёў.

 

Раённы бюджэт на 2014 год па даходах зацверджаны ў 209,5 млн. рублёў, па расходах — у 209,4 млн. рублёў. Прадугледжаны нарматывы адлічэнняў у бюджэты сельсаветаў і Дзісны. Зацверджана размеркаванне бюджэтных назначэнняў. Прадугледжана, што ў 2014 годзе бюджэты сельсаветаў і Дзісны будуць бездэфіцытнымі.

 

Па інфармацыі намесніка старшыні райвыканкама А. І. Баданіна прынята рашэнне аб прадастаўленні дзяржаўнай падтрымкі КУП "Міёрскі камбінат бытавога абслугоўвання". Яна заключаецца ў накіраванні палавіны сум, атрыманых ад здачы ў арэнду памяшканняў, на ўласнае развіццё.

Па дакладзе старшыні раённага Савета дэпутатаў Р. В. Парфёненка дэпутаты зацвердзілі план работы раённага Савета на 2014 год.

 

***

 

Распараджэннем старшыні раённага Савета намечана правесці ў снежні 2013 года — студзені 2014-га справаздачы дэпутатаў раённага Савета ў выбарчых акругах. Яны абавязаны праінфармаваць выбаршчыкаў аб актуальных пытаннях сацыяльна-эканамічнай і палітычнай сітуацыі ў краіне і раёне, аб дзейнасці Савета і яго органаў.

Матэрыялы сесіі будуць надрукаваны.

 

Падрыхтаваў Леанід МАТЭЛЕНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.