Координация действий

7 кастрычніка адбылося пасяджэнне раённага каардынацыйнага савета па турызме пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама І. В. Кузняцова. Разгледжана пытанне аб выкананні абласной падпраграмы "Пяцьсот". Намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму А. І. Жук адзначыў, што з 7 запланаваных выкананана 5 мерапрыемстваў: уведзены ў эксплуатацыю гандлёва-гасцінічны комплекс "Ніка", рэканструяваны домікі і ўзведзены лодачны прычал на базе адпачынку "Актам", адрамантавана і расшырана гасцініца ў Дзісне, уведзены ў эксплуатацыю аб'ект прыдарожнага сэрвісу і экскурсійна-экалагічны цэнтр ДПУ "Ельня".

 

Летась пачата ўмацаванне берага і ўладкаванне пляжа дзіцячага санаторыя "Расінка", аднак сёлета на гэтыя мэты сродкі не выдзяляліся. Не пачата ўзвядзенне дзіцячага кафэ-магазіна ў санаторыі "Расінка", хаця ўчастак для гэтага быў выдзелены.

З мэтай папулярызацыі турыстычных і спартыўных магчымасцей раёна выкарыстоўваюцца сайты, буклеты, перыядычныя выданні, распрацаваны брэнд "Міёрскі край — больш, чым адпачынак". Раён прымае ўдзел у міжнародных праектах, кірмашах, форумах. Ствараецца экалагічная сцежка на балоце Ельня. З 2010 года ў Пераброддзі дзейнічае кафэ "Прыазёрнае", а летась пры ім абсталявана летняя пляцоўка, устаноўлены плацёжны тэрмінал. Сёлета ўведзены ў эксплуатацыю на дарозе Р14 яшчэ адзін аб'ект сэрвісу. Прайшла экспертызу праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва пункта харчавання ў вёсцы Дзянісава. Абсталяваны месцы адпачынку "Гаёўка", "Дубы", "Ельня", "Чапукі", чым займаўся лясгас.

 

У раёне ўзведзена 6 дамоў паляўнічага, сёлета ўладкоўваліся месцы адпачынку на азёрах Абстэрна і Важа, і далей трэба іх ствараць штогод на двух вадаёмах.

Цяпер у раёне дзейнічаюць 32 аграэкасядзібы, сёлета адкрыта 5 новых. Аператарскую дзейнасць ажыццяўляюць два турыстычныя прадпрыемствы. Сёлетні аб'ём экспарту турыстычных паслуг склаў 117,8 тыс. долараў, аднак заданні выконваюць не ўсе прадпрыемствы і арганізацыі. Неабходна заканчваць рамонт Дзісенскага гарадскога Дома рамёстваў, Лявонпальскага сельскага цэнтра культуры і адпачынку, ствараць сельскія сядзібы на базе сельгаспрадпрыемстваў, абсталёўваць відэакафэ і іншыя аб'екты.

 

На пасяджэнні заслуханы тлумачэнні кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў, якія маюць дачыненне да турыстычнай дзейнасці. Сярод першачарговых задач Дзісенскага лясгаса — будаўніцтва чарговага паляўнічага доміка. Пляцоўкі для такіх аб'ектаў падабраны, праекты ёсць, трэба вырашаць фінансавыя праблемы.

Зменшыла турыстычныя паслугі паляўнічая гаспадарка "Абстэрна". А таму на бліжэйшы час графік правядзення паляванняў у яе асабліва шчыльны.

 

Шмат прэтэнзій прад'яўлена да раённай структуры "Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў". Тут экспарт паслуг не расце, не абсталёўваецца зона адпачынку на возеры Коласава.

Павелічэннем колькасці наведвальнікаў ва ўжо ўзведзеных доміках паляўнічага заклапочана кіраўніцтва УП ЖКГ.

 

Дзяржаўная прыродаахоўная ўстанова "Ельня" толькі пачынае турыстычную дзейнасць і вучыцца зарабляць грошы. Тут праведзена вучоба, розныя семінары, адкрыты інфармацыйны цэнтр. Прыезджым прапануюцца экскурсіі, збор ягад, рыбная лоўля. Аднак марудна ўстанаўліваюцца рэкламныя стэнды і ўказальнікі. Ёсць магчымасць і ў гэтай арганізацыі заняцца ўзвядзеннем паляўнічых домікаў.

 

На пасяджэнні вызначаны задачы па прапагандзе мясцовай сімволікі, устаноўцы ўказальнікаў да турыстычных аб'ектаў, абсталяванні пляжаў, у тым ліку ў райцэнтры. Ужо ў бліжэйшы час на базе "Архідэі" павінна быць створана відэакафэ. Запатрабавана актывізаваць работу з інвестарамі, якія не пачалі работы, вызначаныя дагаварамі.

 

Турызм на Міёршчыне будзе развівацца.

 

Леанід МАТЭЛЕНАК.

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.