Большасць зваротаў выканана

8 верасня “прамую лінію” праводзіў старшыня райвыканкама І. В. Кузняцоў. Пра размову кіраўніка раёна з тэлефоннымі субяседнікамі раённая газета расказала ў нумары за 11.09. Настаў час падвесці папярэднія вынікі зробленага. Адразу трэба адзначыць, што па большасці зваротаў можна сказаць—выканана.

Так, адрамантавана дзіцячая пляцоўка ў райцэнтры на вуліцы Камуністычнай. Гэтым займаліся будаўнікі ПМК-55. Яны справіліся з заданнем да 16 верасня.
Лужына на вуліцы З. Касмадзям’янскай у Міёрах засыпана. Участак дарогі з Паўночнай на Камуністычную ў райцэнтры падсыпаны, рамонт веранд на вуліцы Садовай у Пад’ельцах ПМК-55 зрабіла, дах на вуліцы Камуністычнай, 28 у райцэнтры даведзены да ладу.

У кастрычніку дарожнікі абяцаюць падсыпаць вуліцу Катоўскага ў Новым Пагосце. Сродкі на рамонт дарогі да вёскі Масцішча будуць закладзены ў бюджэт раёна на 2011 год.

Па звароту жыхаркі райцэнтра з вуліцы Лермантава В. М. Міхайлавай па ачыстцы рэчышча Мерыцы дырэктар УП ЖКГ У. І. Мяцеліца паведамляе: цяпер вядуцца перамовы з праектным інстытутам “Белгіправадгаз” аб вырабе праектна-каштарыснай дакументацыі на адвод паверхневых вод з усіх вуліц горада.
А. Э. Піскун з Пад’ельцаў скардзілася на дрэннае асвятленне вуліцы Новай Ізварына і неабходнасць яе падсыпкі. На гэтыя мэты выдзелена 20 мільёнаў рублёў. Старшыня сельскага Савета Г. В. Шынкевіч і дырэктар УП ЖКГ У. І. Мяцеліца запэўніваюць, што работы будуць выкананы да 10 лістапада.

Жыхар Туркова М. М. Жук быў занепакоены падтапленнем падвала. Гэтая праблема сапраўды існуе. Толькі старшыня Туркоўскага сельскага Савета П. П. Ціхановіч лічыць сітуацыю больш складанай, бо непаладкі ў каналізацыі, якая дрэнна дзейнічае з 2003 года, імкнуліся выправіць не адзін раз. Над трасай высаджаны пладовыя дрэвы, зроблены дарожкі, нават узведзены хлеў. Спецыялісты камунальнай службы сцвярджаюць, што рамонт ліўневай каналізацыі патрабуе значных сродкаў і не гарантуе яе ўстойлівай работы. А пакуль вядзецца пошук эфектыўнага рашэння.

Падрыхтавала Н. БРЫЛЬ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.