Усовершенствование контролирующей деятельности

З 1 кастрычніка ўступіў у сілу Указ ад 26 ліпеня 2012 года №332 “Аб некаторых мерах па ўдасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь”. Дакумент распрацаваны Саветам Міністраў, Камітэтам дзяржкантролю і Адміністрацыяй Прэзідэнта з удзелам прадстаўнікоў бізнэс-суполкі і прадугледжаны для аптымізацыі кантрольнай дзейнасці і змяншэння колькасці праверак.

 

Унесены змяненні і дапаўненні ва Указ ад 16.10.2009 №510. У новай рэдакцыі прыведзены пералік кантралюючых органаў і сфер іх дзейнасці, а таксама крытэрыі аднясення суб’ектаў у групу рызыкі для назначэння планавых праверак. Вызначаны формы прафілактычнай работы кантралюючых органаў. Зацверджана Палажэнне аб парадку правядзення маніторынгаў. Дарэчы, калі парушэнні ліквідуюцца добраахвотна, санкцыі не прымяняюцца.

 

Шэраг мерапрыемстваў, у тым ліку тэхнічных (тэхналагічных, паверачных) выведзены па-за дзеяння Указа. Пашыраны круг суб’ектаў, якія могуць быць правераны, у тым ліку ў “мараторны” (звязаны з растэрміноўкай) перыяд.  Гэта асобы, якія ажыццяўляюць адвакацкую дзейнасць індывідуальна, а таксама часовыя антыкрызісныя кіраўнікі, што не з’яўляюцца юрыдычнымі асобамі або індывідуальнымі прадпрымальнікамі. У мараторны перыяд Камітэт дзяржкантролю можа прызначыць пазапланавую праверку суб’екта, які здзяйсняе здзелкі з тымі, у дзейнасці каго ўстаноўлены прыкметы ілжэпрадпрымальніцтва.

 

Зменены парадак планавання праверак. Суб’екты, якія добрасумленна захоўваюць заканадаўства і не маюць запазычанасці перад бюджэтам, будуць кантраляваць не часцей аднаго разу ў пяць гадоў. З 1 студзеня 2013 года планаванне праверак будзе ажыццяўляцца з улікам аглядаў кантралюючага і яго вышэйстаячага органа, іх структурнымі падраздзяленнямі, тэрытарыяльнымі органамі, падначаленымі арганізацыямі.

 

Вызначаны наступствы прызнання праверкі незаконнай і ўзмоцнена адказнасць за іх. Канрэтызаваны падставы для адводу (самаадводу) правяраючых.

Удакладнены паўнамоцтвы дзяржаўных органаў (арганізацый) і службовых асоб па прыняцці асобных рашэнняў у ходзе праверак і па іх выніках.

Прадугледжана, што праверкі, якія праводзяць вышэйстаячыя наглядныя органы з удзелам службовых асоб з ніжэйстаячых, а таксама тыя, што праводзяць органы Камітэта дзяржкантролю або пракуратуры з прыцягненнем прадстаўнікоў іншых кантралюючых, не з’яўляюцца сумеснымі.

 

Зменены парадак зацвярджэння і прымянення кантрольнага спісу пытанняў (чэк-ліста). Савет Міністраў будзе вызначаць пералік кантралюючых органаў і сфер, якія павінны прымяняць чэк-ліст. Права зацвярджаць яго формы прадастаўлена рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, іншым дзяржаўным арганізацыям, якія падначалены ўраду.

 

Удакладнены асобныя працэдурныя працэсы праверак, у тым ліку патрабаванні да афармлення акта (даведкі) праверкі. Прадугледжана магчымасць унясення дапаўненняў і (або) змяненняў у прадпісанне на яе правядзенне. Прадаўжэнне тэрміну дзеяння прадпісання аб прыпыненні (забароне) дзейнасці суб’екта ажыццяўляецца толькі ў судовым парадку. Вызначаны асаблівасці правядзення праверак пры адсутнасці суб’екта і яго прадстаўнікоў па месцы жыхарства, указаным у пасведчанні аб дзяржрэгістрацыі або па месцы знаходжання, якое вядома кантралюючаму органу.

 

Змяніўся парадак прызначэння і правядзення праверак па даручэннях праваахоўчых органаў. Органы крымінальнага праследавання атрымалі права даручаць правядзенне праверак не толькі органам ведамаснага кантролю, але і іншым кантралюючым, за выключэннем Камітэта дзяржкантролю.

 

Прадугледжаны шэраг даручэнняў Савету Міністраў, накіраваных на далейшае павышэнне эфектыўнасці работы кантралюючых і наглядных органаў рэспублікі.

Такім чынам, Указ №332 патрабуе ад кантралюючых і наглядных органаў змянення стылю і метадаў работы з акцэнтам на папярэджанне правапарушэнняў. Ён дазваляе зняць асобныя спрэчныя пытанні па праверках, але і ўтрымлівае механізм аховы суб’ектаў гаспадарання ад незаконнага ўмяшальніцтва ў іх дзейнасць, уключаючы дадатковыя гарантыі для тых, хто добрасумленна захоўвае заканадаўства.

 

Прэс-цэнтр Камітэта

дзяржкантролю.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.