На заседании президиума районного Совета депутатов проанализировали работу по пропаганде здорового образа жизни и профилактике вредных привычек
gazeta 11-01-2026, 12:43 2 344 Афіцыйна / Здароўе
Здароўе нацыі – залог яе ўстойлівага развіцця і росквіту. Работу па прапагандзе здаровага ладу жыцця і прафілактыцы шкодных звычак прааналізавалі на пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў.
Здаровы лад жыцця – гэта не проста ўтрыманне ад ужывання алкаголю, а, перш за ўсё, здаровыя думкі, а ўжо потым учынкі, заўважыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Драба.
Ад моладзі залежыць будучыня краіны, таму захаваць здаровую нацыю і вырасціць новае пакаленне моцным – прыярытэтныя каштоўнасці ў развіцці дзяржаўнай палітыкі, падкрэсліла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Ірына Чарняўская. На гэта скіраваны шэраг дзяржпраграм.
Прывіваюць дзецям і дарослым любоў да здаровага ладу жыцця ў сям’і і школе, установах спорту, культуры і ў працоўных калектывах. Згодна з дзяржпраграмай «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь», у васьмі ўстановах адукацыі рэалізуецца міжведамны інфармацыйны праект «Школа, тэрыторыя, здароўе». У Чапукоўскай СШ – «Укараненне мадэляў фарміравання культуры здаровага ладу жыцця, сацыяльна бяспечных і адказных паводзін вучняў у сучаснай адукацыйнай прасторы». Гэтая школа ўваходзіць у трыццатку устаноў адукацыі краіны, дзе рэалізуецца падобны праект. У працэс уключаны ўсе педагогі, класныя кіраўнікі, настаўнікі-прадметнікі, педагог сацыяльны, кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні, выхавацелі дашкольнай групы, кіраўнікі аб’яднанняў па інтарэсах. Установа адукацыі супрацоўнічае з Акадэміяй адукацыі Рэспублікі Беларусь, Інстытутам ЮНЭСКА.
У адукацыйным працэсе і ў пазакласнай рабоце выкарыстоўваюць матэрыялы, якія паказваюць наступствы шкодных звычак і перавагі здаровага ладу жыцця. А яшчэ прымяняюць такія формы работы як трэнінгі, дэбаты, конкурсы сацыяльнай рэкламы, валанцёрскія ініцыятывы.
Ва ўстановах адукацыі раёна ажыццяўляецца кантроль за арганізацыяй рацыянальнага харчавання дзяцей і станам іх здароўя. Дзейнічаюць 13 аб’яднанняў па інтарэсах, дзевяць факультатываў фізкультурна-спартыўнага профілю, пяць факультатываў, скіраваных на фарміраванне здаровага ладу жыцця. Праходзіць мноства фізкультурна-аздараўляльных і спартыўна-масавых мерапрыемстваў.
Традыцыйна ў пачатку навучальнага года прахо- дзіць Тыдзень спорту і здароўя, кожную другую суботу месяца арганізуюцца Дні здароўя. Ім спадарожнічаюць турніры па міні-футболе, валейболе, баскетболе, а таксама спартландыі, лыжныя гонкі, спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы і інш.
У летні перыяд на базе дзесяці ўстаноў адукацыі працавалі 23 выхаваўча-аздараўляльныя лагеры, дзе адпачыла звыш 500 вучняў. У іх праграмах абавязкова значыліся мерапрыемствы па прафілактыцы шкодных звычак. Запрашалі на падобныя сустрэчы святароў раёна, прадстаўнікоў праваахоўных органаў, камісіі па справах непаўналетніх, а таксама медыцынскіх работнікаў.
Далучаюць да правядзення прафілактычнай работы ўстановы культуры, у бібліятэках арганізаваны пастаянныя выставы, а сярод форм іх работы – урокі здароўя, адкрытыя дыялогі.
Па словах Ірыны Чарняўскай, ва ўстановах клубнага тыпу дзейнічаюць 62 тэматычныя фарміраванні для 674 непаўналетніх. Сектар кінавідэаабслугоўвання дэманструе відэаролікі па прафілактыцы ўжывання алкаголю і наркатычных сродкаў, тытунекурэння.
У рамках рэалізацыі праекта «Здаровыя гарады і пасёлкі» праводзяцца масавыя, групавыя і індывідуальныя заняткі. З мэтай папулярызацыі здаровага ладу жыцця РЦГЭ праводзіць інфармацыйна-адукацыйныя акцыі.
У СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі і Дзісненскай СШ імя М. Кузьміна рэалізуюць прафілактычныя праекты. На базе паліклінікі працуе школа здароўя для дзяцей і падлеткаў па прафілактыцы залежнасцяў. Штодня дзейнічае тэлефон даверу.
Створаны ўсе ўмовы для заняткаў моладзі фізкультурай і спортам. Маецца 107 спартыўных збудаванняў, 50 з якіх размешчаны ў сельскай мясцовасці. ДЮСШ ажыццяўляе падрыхтоўку спартыўнага рэзерву і спарт- сменаў высокага класа. Арганізавана работа 21 групы з чатырох аддзяленняў, дзе займаюцца 239 вучняў. Гэта футбол, валейбол, бокс і лёгкая атлетыка. Нашы спартсмены дасягаюць значных вынікаў на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. Не спыняецца спартыўны працэс і летам, дзейнічае спартыўна-аздараўляльны лагер «Алімпіец». Свае паслугі моладзі прапануе фізкультурна-спартыўны клуб «Міёры» ў райцэнтры і Дзісне. Кожны, хто хоча займацца спортам, мае такую магчымасць.
Падводзячы вынікі работы па прапагандзе здаровага ладу жыцця і прафілактыцы шкодных звычак, старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Драба падкрэсліў, што вучыць моладзь неабходна толькі ўласным прыкладам. Справа не павінна разыходзіцца са словам.
Алена ВАРОНІНА.





