Дзяржкантроль

Напамін пра дысцыпліну

Камітэт дзяржкантролю вобласці праверыў выкананне патрабаванняў дырэктывы №1 “Аб мерах па ўмацаванню грамадская бяспекі і дысцыпліны”. У 9 арганізацыях прааналізавана своечасовасць прыходу на работу і заканчэння рабочага дня. Парушэнне правілаў унутранага працоўнага распарадку дапусцілі 12 работнікаў чатырох арганізацый. У іх ліку супрацоўнікі абласнога цэнтра народнай творчасці, урачы паліклінікі №4. Вінаватыя пакараны ў дысцыплінарным парадку.

Сацыяльныя стандарты

У 6 раёнах і 4 гарадах Віцебшчыны прааналізавана паўната ўкаранення дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартаў па абслугоўванню насельніцтва. Работа ў гэтым напрамку праведзена, аднак не забяспечана належная якасць. Як вынік, церпіць узровень жыцця сельскага насельніцтва. З году ў год камунальныя службы не забяспечваюць належную тэмпературу гарачай вады і графікі яе падачы, цеплавы рэжым памяшканняў у Полацкім і Бешанковіцкім раёнах. Ёсць прэтэнзіі да работы транспарту і сувязі. Недастаткова вуліц з удасканаленым пакрыццём у Віцебску, Дубровенскім, Сенненскім, Полацкім і Талачынскім раёнах. Не заўсёды выконваюцца нарматывы бюджэтнай забяспечанасці ў ахове здароўя і адукацыі. Здараецца, цякуць дахі ў школах і клубах. У бытавым абслугоўванні комплексныя прыёмныя пункты пераважна працуюць як дыспетчарскія, на іх не выкарыстоўваецца ўстаноўленае швейнае абсталяванне.

Не ва ўсіх аграгарадках насельніцтва забяспечана аб’ектамі грамадскага харчавання. Хаця ў населеных пунктах з колькасцю жыхароў да 500 чалавек такія прадпрыемствы стратныя.
Інфармацыя аб выніках праверкі накіравана ў аблвыканкам.

Справы ў гандлі

Тэматычныя аператыўныя праверкі выявілі парушэнні правілаў гандлю і санітарных норм на гандлёвых аб’ектах. У першую чаргу гэта рэалізацыя тавараў з мінулымі тэрмінамі годнасці, захоўванне харчовых тавараў прама на падлозе, сумеснае захоўванне сырых і гатовых да ўжывання харчовых прадуктаў. Да работы з харчовымі таварамі нярэдка дапускаюцца прадаўцы без медыцынскага агляду. Не ўсюды захоўваецца асартыментны пералік. Цэннікі афармляюцца дрэнна і не ўтрымліваюць усе неабходныя звесткі.

Па выніках праверак у ліпені гэтага года 35 работнікаў гандлю аштрафавана на 4,5 млн. рублёў, да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута 14 чалавек, 2 вызвалены ад займаемых пасад.

Крымінал

Да крымінальнай адказнасці за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць прыцягнуты жыхар Наваполацка, які скупліваў сельгаспрадукцыю з мэтай яе далейшага перапродажу і атрымаў даход больш за 200 млн. рублёў. За ўхіленне ад уплаты падаткаў і збораў крымінальныя справы ўзбуджаны ў адносінах дырэктара прыватнага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства і індывідуальнага прадпрымальніка.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.