Дзяржкантроль: Пытанні збору ДМР

 Пытанні збору ДМР

 У большасці раёнаў за 2021 і 2022 гады не выканана заданне па зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР), у тым ліку адходаў шкла, паперы і кардону, бытавой тэхнікі, палімерных адходаў. Не наладжаны належным чынам прыём ДМР ад насельніцтва.

Да прыкладу, з-за адсутнасці ў дастатковай колькасці кантэйнераў для збору шкла шмат бутэлек і банак трапляе ў агульнае смецце. Зваротная шклотара практычна не нарыхтоўваецца, а прымаецца па цане шклабою. У Віцебску прымаюць толькі бутэльку 0,7 л.

Камітэт дзяржкантролю Віцебскай вобласці вывучае пытанні ўцягнення другасных матэрыяльных рэсурсаў у гаспадарчы абарот, удасканаленне існуючай сістэмы абыходжання з цвёрдымі камунальнымі адходамі і ДМР, у тым ліку павышэння эфектыўнасці сістэмы іх збору. 15 чэрвеня з 10.00 да 17.00 (перапынак з 13.00 да 14.00) пройдзе «гарачая лінія» з жыхарамі вобласці, падчас якой можна выказаць меркаванні пра сістэму прыёму другаснай сыравіны ў насельніцтва, праблемныя пытанні асобнага збору ДМР. Тэлефануйце на нумар 8 (0212) 37 61 64. 

Праблемы кадравай палітыкі

Вывучаны пытанні рэалізацыі дзяржаўнай кадравай палітыкі ў арганізацыях сямі раёнаў вобласці.

Аналіз выявіў праблемныя моманты. У Наваполацку і Шумілінскім раёне дапускалі звальненне найбольш запатрабаваных спецыялістаў (датэрміновае скасаванне кантрактаў) са згоды бакоў без узгадненняў. У Лёзненскім і Аршанскім раёнах падчас прызначэння і звальнення асобных кіраўнікоў не выконвалі ўстаноўленыя патрабаванні па адлюстраванні ў характарыстыках неабходных звестак.

Пры дэфіцыце кадраў у асобных арганізацыях выяўлены факты значнага іх адтоку – «штучнага» скарачэння штатнай колькасці запатрабаваных у сельскай гаспадарцы работнікаў. Да прыкладу, за першы квартал 2023 года ў адной з сельгасарганізацый Сенненскага раёна сярэднеспісавая колькасць работнікаў скарацілася на 35 % (63 чалавекі). Скарачаліся ўсе пасады, з якіх па розных прычынах былі звольнены работнікі (завяршэнне кантракта, выхад на пенсію, дысцыплінарныя парушэнні і інш.), у тым ліку з-за спаду сельгасвытворчасці. Частка звольненых перайшла працаваць па дагаворах падраду, пры гэтым работнік губляе частку сацыяльных гарантый у параўнанні з тымі, хто працуе па кантракце (напрыклад, стаж для налічэння пенсіі).

У шэрагу арганізацый устаноўлены працяглы час неўкамплектаваныя вакансіі, што сведчыць пра недастатковую работу па падборы кадраў.

Маніторынг гандлёвых аб’ектаў

Камітэт дзяржкантролю вывучыў арганізацыю гандлёвага абслугоўвання насельніцтва ў асобных раёнах.

Падчас маніторынгу ў маі – чэрвені выяўлены парушэнні ў кожным з 14 абследаваных гандлёвых аб’ектаў у Бешанковіцкім і Віцебскім раёнах.

У сямі абследаваных аб’ектах у Віцебскім раёне адсутнічаў шэраг тавараў першай неабходнасці, у трох выяўлены парушэнні патрабаванняў па маркіроўцы тавараў. Пакупнікам прапаноўвалі гародніну, што страціла таварны выгляд, нядобраякасная прадукцыя захоўвалася разам з добрай, парушаўся тэмпературны рэжым пры яе рэалізацыі.

У шасці магазінах Бешанковіцкага раёна парушалі правілы продажу. Не выконвалі санітарныя патрабаванні і асартыментныя пералікі тавараў, правілы іх маркіроўкі, заканадаўства аб цэнах, кнізе заўваг і прапаноў. Напрыклад, у адным з магазінаў у Бешанковічах прапаноўвалі тры найменні тавараў з мінулым да 2,5 гадоў тэрмінам прыдатнасці, у другім – пратэрмінаваную да шасці месяцаў прадукцыю, а таксама без інфармацыі пра дату яе вырабу і тэрмін прыдатнасці. На многія тавары не было цэннікаў. Указаная цана за карамель у чатыры разы перавышала фактычны кошт. На аб’екце не падтрымлівалі чысціню. 

Фота для ілюстрацыі.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.