На эканамічным мерапрыемстве вобласці пабывала дэлегацыя з Міёршчыны

 ХІ Міжнародны эканамічны форум «Інавацыі. Інвестыцыі. Перспектывы» 18-19 мая сабраў больш за 20 дэлегацый з дзесяці краін свету. У ліку асноўных мэт – засваенне новых рынкаў збыту і наладжванне доўгатэрміновых партнёрскіх сувязяў. Сваю прадукцыю ў прэзентацыйнай выставе прадставіў кожны раён. Пабывала на самым буйным эканамічным мерапрыемстве вобласці дэлегацыя з Міёршчыны.

Удзельнікі эканамічнага форуму падзяліліся ўражаннямі. 

Яўген Баран, старшыня Дзісненскага гарвыканкама:

– Упершыню давялося пабываць на такім мерапрыемстве. Удзельнікі форуму прадставілі шмат цікавых экспазіцый. Сярод прамысловых прадпрыемстваў вызначаліся наваполацкія «Палімір» і  «Нафтан», бігосаўскае «Інвет». Адметнымі вырабамі ручной работы прывабіла выстава культурна-гістарычнага комплексу «Залатое кальцо горада Віцебска «Дзвіна». Студэнты Віцебскага медкаледжа дэманстравалі сучасныя магчымасці ў аказанні першай дапамогі пацярпеламу. Канешне, немагчыма было мінуць пляцоўкі прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу. У цэлым форум прайшоў пазнавальна, пазітыўна, цікава.

Анастасія Малецкая, начальнік аддзела рэалізацыі і маркетынгу УП «Міёрскі мясакамбінат»:

– Прадукцыя нашага прадпрыемства выклікала вялікую цікавасць у наведвальнікаў. Частаваліся мяснымі ласункамі госці з іншых абласцей Беларусі, дэлегацыі з Расіі, Кітайскай народнай рэспублікі. Спадабаліся ўсе восем прадстаўленых для дэгустацыі відаў. Асабліва хвалілі бастурму «Восточная» з ялавічыны і нашу навінку – сервелат «Чёрный мрамор». Таксама ацанілі смак бутэрбродаў з хлебам і шпікам. Побач бойка ішоў гандаль ва УП «Залатая ніва». На другі дзень пакупнікі прыходзілі зноў і прыводзілі сваіх знаёмых. Увогуле ўсе прадпрыемствы адказна падышлі да самапрэзентацыі. У нашай вобласці шмат цікавага, смачнага і карыснага.

Святлана Матылёнак, метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета:

– На форуме пабывала ўпершыню. Новае заўжды выклікае павышаны інтарэс, аднак нават не ўяўляла, што атрымаю столькі ўражанняў. Выставачныя экспазіцыі знаёмілі з прадукцыяй нашых прадпрыемстваў, турыстычным патэнцыялам рэгіёна, магчымасцямі санаторна-курортнага аздараўлення і так далей. Нашай вобласці ёсць чым здзівіць, і гэта нагода для гордасці. Зусім не дзіўна, што замежных інвестараў зацікавілі прапановы і былі падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве з шэрагам прадпрыемстваў.

Падрыхтавала Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота для ілюстрацыі.

0 комментариев

Добавить комментарий