Берегите себя и имущество
gazeta 27-12-2011, 12:22 1 207 Афіцыйна
Беражыце сябе і маёмасць
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Р. В. Парфёненка праводзіла тэлефонную гутарку з жыхарамі раёна 14 снежня.
— Зваротаў было не надта шмат, — пракаменціравала вынікі “прамой лініі” Раіса Васільеўна, — тлумачу гэта тым, што сустракаюся з жыхарамі раёна штодзень, гутару па тэлефоне не толькі ў вызначаны час. Адначасова хачу адзначыць станоўчую ролю нашых старэйшын, абсалютная большасць якіх добрасумленна адносіцца да сваіх грамадскіх абавязкаў, аператыўна вырашае ўзнікаючыя пытанні з мясцовымі Саветамі.
Дык вось, першыя звароты былі па забеспячэнню дрывамі адзінокіх пенсіянераў з Завуццеўскага і Павяцкага сельсаветаў. Просьбы будуць задаволены. Аднак найбольш вострая праблема цяпер з задавальненнем попыту насельніцтва на торфабрыкет. Толькі і яна вырашальная, ніхто без паліва не застанецца. Але дастаўляць брыкет будзем у першую чаргу тым, у каго паліва ў абрэз, заканчваецца зусім.
Паступіла скарга ад жыхароў з вуліцы З. Касмадзям’янскай: тут праводзілі газ, парушылі цвёрдае пакрыццё, праезная частка ператвараецца ў балота. Ведаю, што падобная сітуацыя і на некаторых іншых вуліцах Міёр. Выйсце адно: парадак павінны навесці тыя, хто парушыў асфальт. У іншым выпадку камунальная служба не падпіша дакументы на падачу ў жыллё прыроднага газу.
Былі пытанні, з якімі яшчэ трэба разбірацца. Напрыклад, чаму не ацяпляецца аўтавакзал? Чаму не прадаюцца субпрадукты ў фірменным магазіне “Гурман”? Магчыма, што некаму іх не хапіла, бо гэтыя мясапрадукты туды паступаюць. А некага тэлерэклама спакусіла задаць і такое пытанне: дзе купіць ачышчальнік коміна?
Дваіх рэспандэнтаў пракансультавала па пенсійнаму заканадаўству.
Звярталіся некаторыя старшыні сельскіх Саветаў. Іх непакояць пытанні ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы і рамонту памяшканняў. Будзем шукаць магчымасці для гэтага ў цяпер фарміруемым раённым бюджэце на 2012 год.
Па якіх важных пытаннях, лічыце, сёння Вам не тэлефанавалі?
— Па вулічнаму асвятленню. Удзячна ў першую чаргу сяльчанам за разуменне, што ў цяперашняй складанай сітуацыі немагчыма забяспечыць асвятленне вясковых вуліц на ўсю ноч. Гэта патрабуе вельмі вялікіх сум. Прапаную больш выкарыстоўваць устаноўку ліхтароў у дварах і ля дамоў, якія можна ўключаць толькі на патрэбны час.
А ўвагу ўсіх жыхароў раёна хачу звярнуць на пажарную бяспеку жылля. Сёлета гэтая праблема нібы і не такая вострая, як летась, бо працуюць аглядавыя камісіі, жыллё рэгулярна наведваюць не толькі старэйшыны і работнікі Саветаў, але і пажарнікі-выратавальныя. Толькі не заўсёды гаспадары з увагай адносяцца да іх напамінанняў замяніць электраправодку, адрамантаваць печы, устанавіць апавяшчальнікі. Асаблівую небяспеку ўяўляюць аматары спіртнога і курэння. Яны і становяцца першымі ахвярамі агню.
Беражыце сябе і сваю маёмасць.
ХХХ
У гэты ж дзень “прамую лінію” праводзіла намеснік старшыні райвыканкама М. М. Баніфатава. Да яе звярнулася ветэран сельгасвытворчасці з просьбай дапамагчы з набыццём кармоў для каровы. Пытанне будзе вырашана праз адно з сельгаспрадпрыемстваў.
Званок з Чэрасаў: цячэ водараздатачная калонка, заяўку на ўстаноўку лічыльніка падалі даўно, а прыбор не ўстаноўлены. Гэтымі справамі даручана займацца УП ЖКГ.
Медыкі занепакоены, што некаторыя жыхары Перабродскага сельсавета не жадаюць праходзіць медыцынскі агляд, а гэтыя пенсіянеры займаюцца продажам малака. Яны ж могуць стварыць праблемы для іншых.
Абмяркоўвалася пытанне аб магчымасці дапамогі інваліду санітарна-гігіенічнымі прыналежнасцямі.
Падрыхтаваў Леанід МАТЭЛЕНАК.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.