Авторизация
 

Будзем добра працаваць – станем жыць лепш

Будзем добра працаваць – станем жыць лепш
Падчас Дня інфармавання насельніцтва 
Новапагосцкага сельсавета старшыня райвыканкама Ігар КУЗНЯЦОЎ сустрэўся з жыхарамі 
аграгарадка Чапукі. 


Ігар Валер’евіч расказаў пра эканамічнае развіццё раёна. Падзяліўся планамі ў сацыяльнай сферы ў райцэнтры. Многія задуманыя праекты пакуль пастаўлены на паўзу. І будаўніцтва новай паліклінікі адкладваецца, таму пакрысе будуць рамантавацца кабінеты ў той, якая дзейнічае. Ужо прывялі ў парадак дзіцячую кансультацыю. А будаўніцтва садка распачата. Са слоў кіраўніка раёна, гэта будзе найсучасная дашкольная ўстанова. Адкрыць яе мяркуюць у наступным годзе напярэдадні 9 мая. 

Не мінуў кіраўнік раёна і такой набалелай праблемы, як стан мясцовых дарог. Кожная лішняя капейка пускаецца ў ход, каб зрабіць на асабліва праблемных участках суцэльны ці ямкавы рамонт. Работы шмат, працягнецца як мінімум да кастрычніка.  
Пакрысе фармат сустрэчы перайшоў у дыялог. Старшыня райвыканкама адказаў на пытанні жыхароў аграгарадка. Прасілі яны пасадзейнічаць, каб не толькі ў сераду і нядзелю магчыма было даехаць на аўтобусе ў райцэнтр. Бо часта даводзіцца выклікаць таксі, каб трапіць на прыём да ўрача ў паліклінку. Па гэтым пытанні кіраўніцтва раёна будзе звязвацца з аўтобусным паркам № 2 Полацка, пад ведамствам якога працуе міёрскі грамадскі транспарт. 

Зноў з насельніцтвам несвоечасова разлічваюцца за рэалізаванае дзяржаве малако. Апошнія выплаты ў Чапуках атрымалі за другую дзесяцідзёнку мая. Астатніх грошай зачакаліся. 80 капеек за літр, амаль дарма, як мяркуюць людзі, і тыя аддаць не можа малаказавод. 
З гэтай праблемы выцякала другое пытанне сяльчан: ці варта ў наш час мець уласнае падвор’е. Калі гадаваць карову, гектара зямлі, па вопыце адной з жанчын, не хапае. 40 сотак займае пад бульбай, яшчэ сее зерневыя, каб карміць свіней. У выніку пасвіць жывёлу недзе. А пакінутыя ўчасткі, якія не апрацоўваюцца, займаць нельга. 

Пакасіць траву – праблема. У гаспадарцы косы ў дэфіцыце. Гэта даўней сяльчан падтрымлівалі: сена нават бясплатна выдзялялі і касу. На просьбы заўсёды чуйна рэагавалі. А цяпер ні нармальнай арганізацыі закупу малака, ні пашаў для выпасу жывёлы, ні сенакосаў. Не за гарамі час, калі карова на падворку стане экзотыкай, разважалі прысутныя.

Старшыня Новапагосцкага сельвыканкама Раіса Гернат звярнула ўвагу, што раней быў іншы падыход да вырашэння пералічаных пытанняў. У ААТ «Любінова» сапраўды клапаціліся пра падсобныя гаспадаркі на падведамнай тэрыторыі, а ў суседняй волкаўшчынскай – наадварот, людзі спадзяваліся толькі на сябе. Калі гаспадаркі аб’ядналі, усё ўраўнялася. 

– Мы прывыклі жыць успамінамі, але цяпер у нас рыначная эканоміка, за ўсё трэба плаціць, – звярнула ўвагу Раіса Аляксандраўна. – І ў такіх умовах развіваць падсобную гаспадарку не складана. На гэтыя мэты ў сельсавеце 
выдзяляецца гектар, і яшчэ да трох гектараў – для сенакашэння і выпасу жывёлы. У ААТ «Любінова» задавальняюць заяўкі ад насельніцтва па аказанні паслуг, але платна. Можна звяртацца па дапамогу і да прыватных касцоў. 
Сама старшыня сельсавета гадуе карову і сяльчан заклікае не зніжаць пагалоўе, а павялічваць яго. Пакуль жывёла ёсць на падворку, не запалоняць наваколле дзікатраўе і быльнёг. І дадатковая капейка не лішняя ў сямейным бюджэце – за малако з насельніцтвам абавязкова разлічацца.

Цікавіліся сяльчане, чаму ў аграгарадок не прывозяць якасны міёрскі хлеб. Даводзіцца браць у магазіне спажыўтаварыства нясмачны верхня- дзвінскі. Тым часам у спажывецкі кошык часта трапляюць цвільныя хлебабулачныя вырабы. У падобнай сітуацыі людзям рэкамендавана ўносіць адпаведныя запісы ў кнігу скарг і прапаноў, тады такое не будзе паўтарацца. 
Асартымент аўталаўкі хлебазавода пакупнікоў цалкам задавальняе, але прыбывае яна, калі ўсе на рабоце. Прасілі змяніць графік.
Цікавіліся вяскоўцы, як праходзіць барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага на тэрыторыі раёна. Як патлумачыў старшыня райвыканкама, раней праблемныя ўчасткі выкошвалі, цяпер апрацоўваюць хімікатамі. З пачатку года знішчылі зялёнага агрэсара на плошчы ў 286 га. Закупляюцца прэпараты на чарговы этап барацьбы. 

Бухгалтар ААТ «Любінова», дэпутат раённага Савета Наталля Бялевіч акцэнтавала ўвагу на перспектывах развіцця гаспадаркі. Каб яна дзейнічала і развівалася, трэба прадоўжыць распачатае будаўніцтва даільна-малочнага блока ў адным з кароўнікаў. Аднак сродкаў на гэта не хапае. Прагучала просьба дапамагчы. 
Як звярнуў увагу кіраўнік раёна, усе пытанні вырашальныя, калі працаваць, закасаўшы рукавы. Тады ўсё ў жыцці будзе мяняцца да лепшага. 

Своечасова чуць надзвычай важна

Інфармацыйная група райвыканкама пад кіраўніцтвам дырэктара тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Алены Шамёнак наведала жыхароў Клётава Двара. Ля будынка былога магазіна ім нагадалі пра правілы пажарнай бяспекі. Асабліва ўважлівымі заклікалі быць пры спальванні смецця на ўчастку. Калі ў правільным месцы размясціцца, пільна сачыць за агнём, мець побач рыдлёўку, вядро з вадой – праблем не ўзнікне.
Папярэдзілі вяскоўцаў быць асцярожнымі ў віртуальнай прасторы, каб не стаць ахвярамі кіберзлачынцаў. Віды махлярства інтэнсіўна развіваюцца. Трэба заставацца пільнымі і ў рэальнасці – маёмасць захоўваць толькі пад замком. З асцярогай ставіцца да незнаёмцаў. Не менш важна клапаціцца пра ўласнае здароўе. Вакцынацыя ад каронавіруса не страчвае сваёй актуальнасці.

Сяльчане ў сваю чаргу завастрылі ўвагу на пытаннях назапашвання дроў. Новапагосцкае лясніцтва пад бокам, але забяпечвае дрывамі не яно. Качуры вялікія дастаўляюць, не кожнаму пад сілу іх пасячы, тым больш пажылому чалавеку. Дзякавалі за дарогу – адрамантавалі якасна, хаця не пасля першага звароту. Усё змянілася з прызначэннем новага кіраўніцтва ДРБУ-203 і дзякуючы аператыўнай перадачы інфармацыі яму з гарачай лініі кіраўніка спраў райвыканкама Наталіі Брадніцкай. 

Наталія СТАНКЕВІЧ
Фотарэпартаж Казіміра БЛАЖЭВІЧА
рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 4 июля 2022
Алексей, Георгий, Иван, Максим, Никита, Николай, Павел, Терентий, Федор, Юлиан, Анастасия, Василиса

Именины 3 июля 2022
Андрей, Глеб, Дмитрий, Иван, Наум, Николай, Инна, Римма, Афанасий

Госці краін

free counters
Партнеры сайта