Авторизация
 

15 снежня з актывам Віцебшчыны сустрэўся Прэзідэнт

 Прадстаўляючы на пасадзе новага старшыню аблвыканкама Аляксандра Субоціна, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што віцебскі край быў і застаецца калыскай духоўнасці нашага народа. Тут зараджаліся вытокі дзяржаўнасці. Віцебск – фактычна культурная сталіца Беларусі. Адметная і мясцовая прырода. Усё гэта ўскладае на жыхароў вобласці асаблівую адказнасць за развіццё рэгіёна.


Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што значныя сродкі затрачаны на мадэрнізацыю нафтахімічнай прамысловасці, прадстаўлены беспрэцэдэнтныя льготы і прэферэнцыі для Аршанскага раёна, створаны асаблівыя ўмовы работы аграпрамысловага комплексу ў рамках інтэграцыйных структур, эканамічная зона «Брэміна-Орша» ў Балбасаве.
Многія з праектаў ініцыяваў былы старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў. Як звярнуў увагу Прэзідэнт, гэта характарызуе яго як чалавека нераўнадушнага, які хварэе за справу. Адзначана зробленае ў сферы культурнага развіцця рэгіёна, удасканалення інфраструктуры. Як прыгажэе Віцебшчына і наколькі стала больш парадку на зямлі, добра бачна Кіраўніку дзяржавы, які часта лятае над краінай. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў за работу Мікалаю Шарснёву і выказаў упэўненасць, што ў краіне знойдзецца вартае прымяненне яго кампетэнцыям.

 

Схамянуцца, каб не страціць
 
У той жа час, нягледзячы на пэўныя вынікі, Віцебская вобласць не значыцца ў ліку перадавых. Свае прэтэнзіі Кіраўнік дзяржавы падмацаваў лічбамі і канкрэтнымі прыкладамі. Так, за апошнія сем гадоў валавы рэгіянальны прадукт скараціўся больш чым на 8 %. Зніжаны пасяўныя плошчы і аб’ёмы збору сельгаскультур. Скарацілася пагалоўе буйной рагатай жывёлы, вытворчасць малака і яек. Не дае адчувальнага эканамічнага эфекту Указ № 70
«Аб развіцці прамысловага комплексу Віцебскай вобласці». Без дзяржаўнай падтрымкі стратныя 72 % сельгасарганізацый.
– Выканаўчая дысцыпліна ні к чорту! – крытыкаваў Прэзідэнт мясцовую вертыкаль. – І не трэба скардзіцца, што ў вас не хапае кадраў. Мы дамаўляліся, што вы павінны пад зябліва ўзняць асноўныя плошчы. Палову поля ад дарогі ўзаралі і кінулі. І гэта ў Аршанскім раёне, дзе я бываю часцей за ўсё. Дзе мы ўклалі нямала сродкаў, дзе была падтрымка па ўсіх накірунках! Што казаць тады пра паўночныя раёны? Трэба сабрацца, калі не хочам страціць краіну.

 

Новаму кіраўніку – канкрэтныя задачы

 

Перад прызначаным старшынёй Віцебскага аблвыканкама Аляксандрам Субоціным Прэзідэнт паставіў шэраг канкрэтных задач. Перш за ўсё, неабходна найстражэйшая тэхналагічная і выканаўчая дысцыпліна, эканомія ўсіх рэсурсаў. Востра мае патрэбу ў мадэрнізацыі матэрыяльна-тэхнічная база аграпрамысловага комплексу. Са слоў Кіраўніка дзяржавы, трэба выцягваць з-пад «забораў» усё, што можа рухацца, і ўзнаўляць дзейнасць.
Як адзначыў Прэзідэнт, толькі за апошнія пяць гадоў тройчы мяняліся кіраўнікі ў Шумілінскім і Аршанскім райвыканкамах, двойчы – у Браслаўскім, Талачынскім, Дубровенскім і Бешанковіцкім. Належыць разабрацца ў прычынах такой сітуацыі і выпрацаваць дакладную працоўную кадравую вертыкаль вобласці.

 
Асобнае пытанне – стагнацыя прамысловага комплексу вобласці. Вынікі застаюцца залежнымі ад двух прадпрыемстваў – «Нафтана» і «Віцебскэнерга». Калі яны праваляцца, то паказчыкаў няма. Відавочна, што без новых кропак росту праблемы не вырашацца.
Трэба замацаваць ужо распачатыя праекты, якія прабуксоўваюць, адцягваюць на сябе народныя сродкі. Усе яны павінны запрацаваць на поўную моц і даць людзям дастойны заробак, а дзяржаве – прыбытак. Гэта Аршанскія мясакамбінат і льнокамбінат, а таксама Міёрскі металапракатны завод, які Прэзідэнт разам з новым старшынёй аблвыканкама намераны наведаць у бліжэйшы час. На поўную магутнасць павінны запрацаваць мульцімадальны прамыслова-лагістычны комплекс у Балбасаве.
Па сярэднім заробку Віцебская вобласць знахо- дзіцца на апошніх месцах сярод іншых рэгіёнаў. Менш за 600 рублёў атрымлівае тут кожны пяты работнік. Такога не павінна быць.
Давядзецца новаму кіраўніку падымаць давер жыхароў да абласной улады. Людзі павінны паверыць, што Аляксандр Субоцін не толькі бачыць шляхі развіцця, але і здольны іх рэалізаваць.

 

У полі зроку – сацыяльная сфера

 

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся становішчам спраў на Віцебшчыне ў сацыяльнай сферы. У тым ліку і эпідэміялагічнай сітуацыяй. Куратар гэтых пытанняў, намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пенін, праінфармаваў, што захворваемасць COVID-19 ідзе на спад. Першы кампанент вакцыны атрымалі 43,5 %
насельніцтва.

 
Адной з праблем намеснік старшыні аблвыканкама назваў дэфіцыт сродкаў на рэканструкцыю медустаноў. Што ў большай меры мае дачыненне да Віцебскай абласной клінічнай бальніцы, у якой састарэла абсталяванне. Неабходны і капітальны рамонт, пашырэнне рэанімацый. Аляксандр Лукашэнка даручыў новаму кіраўніку вобласці Аляксандру Субоціну падлічыць фінансаванне. Абласная бальніца павінна адпавядаць свайму статусу. Набыць абсталяванне дзяржава дапаможа, а прывесці палаты ў належны выгляд давядзецца сваімі сіламі. Для гэтага трэба добра паднатужыцца ў сельскай гаспадарцы, прамысловасці.
Размаўлялі не толькі пра ахову здароўя, але і пра сацыяльнае абслугоўванне насельніцтва, адукацыю, культуру. Намеснік старшыні аблвыканкама звярнуў увагу на неабходнасць рэканструкцыі канцэртнай залы «Віцебск». Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся заробкамі. Самыя нізкія па галіне – у школах мастацтваў і бібліятэках. У сувязі з гэтым Прэзідэнт задаўся пытаннем: ці мэтазгодна ўтрымліваць бібліятэкі ў сельскай мясцовасці, ці ёсць там чытачы? Да пытання даручыў падысці прадметна і прыняць комплекснае рашэнне па ўсёй краіне. Але пры тым не забыцца пра кадры. «Трэба цаніць людзей разумных, адукаваных. Іх на вуліцу не выкінеш, яны нам неабходны. Усіх працаўладкаваць і задзейнічаць».

 
Пракурора Віцебскай вобласці Ігара Украінца Прэзідэнт папрасіў даць ацэнку рабоце праваахоўнай сістэме рэгіёна. З дасягненняў: назіраецца стабілізацыя крымінагеннай абстаноўкі, сур’ёзная работа праводзіцца па супрацьдзеянні карупцыі, а таксама па папярэджанні паморку жывёл. Праваахоўныя органы вобласці ўзбудзілі 70 крымінальных спраў па фактах прыпісак. У асноўным за падробку службовых дакументаў, злоўжыванне службовым становішчам. Распаўсюджана элементарная безгаспадарчасць, звязаная з нарыхтоўкай кармоў, кармленнем маладняку, уборкай ферм.

 

Па матэрыялах БЕЛТА і СМІ

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 18 мая 2022
Адриан, Ирина, Яков

Именины 17 мая 2022
Иван, Исаакий, Кирилл, Климент, Леонтий, Никита, Николай, Мария, Пелагея

Госці краін

free counters
Партнеры сайта