Авторизация
 

На пасяджэнні Міёрскага райвыканкама завастрылі ўвагу на выкананні праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь»

 На пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта ў мінулую пятніцу завастрылі ўвагу на тэме, якая хвалюе, бадай, кожнага жыхара раёна – выкананне Дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь» на 2021 – 2025 гады. Як яна працуе на Міёршчыне, які прынесла вынік і да чаго трэба імкнуцца прааналізавала намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Святлана БІРУКОВА.

 

Па інфармацыі Святланы Васільеўны, сетка ўстаноў аховы здароўя раёна забяспечвае патрэбу насельніцтва ў медыцынскай дапамозе. Паслугі прадастаўляюць ЦРБ, Дзісненская бальніца сястрынскага догляду, Язненская УБ, тры амбулаторыі ўрача агульнай практыкі і 25 фельчарска- акушэрскіх пунктаў. Медустаноў нямала, што абумоўлена хутарской сістэмай рассялення жыхароў раёна. ФАПы сочаць за станам здароўя ад 87 чалавек на Канахоўскім да 518 на Чэраскім. Пры гэтым радыус абслугоўвання вар’іруецца ад трох да дзесяці кіламетраў.

 
Праграма «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь» уключае сем падпраграм, кожная з якіх вызначае важныя накірункі работы. Запланаваныя мерапрыемствы выконваюцца, але паказчыкі не ўсе забяспечваюцца. Намецілася тэнцэнцыя пагаршэння дэмаграфічнай сітуацыі. Адна з прычын – старэнне насельніцтва. Жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту ўсё менш, многія не спяшаюцца станавіцца матулямі, менш заключаюць шлюбаў і часцей разводзяцца, адсюль і нізкая нараджальнасць, – разважала намеснік галоўнага ўрача. За сем месяцаў сёлета ў раёне з’явілася на свет 81 дзіця. Паказчык нараджальнасці – 4,3 праміле (2020 год – 7,7). Першыя роды склалі 32,5 % ад агульнай колькасці, трэція і наступныя – 27,5 %. За дзесяць гадоў колькасць жанчын фертыльнага ўзросту зменшылася на 1 346 (26,7 %), цяпер іх 3 428, у тым ліку 1 398 (40,8 %) старэй за 40. Паправіць сітуацыю дапаможа хіба толькі прыток моладзі для работы і пастаяннага пражывання ў раёне.

 
На Міёршчыне 15 685 дарослых жыхароў і 3 052 дзіцяці да 18 гадоў. 9 925 (63,3 %) насельнікаў – працаздольнага ўзросту, 5 760 (37%) – старэйшага, з іх 1 040 (6,6 %) перасягнулі 80-гадовы рубеж. У раёне высокая агульная смяротнасць. За сем месяцаў сёлета памерлі 294 чалавекі, што на 42 больш, чым летась. Прычынай таму сталі хваробы сардэчна-сасудзістай сістэмы – 52,7 %,
нервовай сістэмы – 15,6 %, траўмы і атручванні – 8,5 %, новаўтварэнні – 7,5 %. 99 чалавекі пайшлі з жыцця ва ўзросце старэй за 80.
Не стала 70 чалавек працаздольнага ўзросту, што на 20 больш мінулагодняга. Віной таму – хваробы сардэчна-сасудзістай сістэмы, траўмы і атручванні, новаўтварэнні, хваробы органаў стрававання.

 
Ад знешніх прычын загінулі 25 чалавек. 13 з іх мелі спадарожны дыягназ – алкагольнае ап’яненне. Тры стаялі на ўліку ў псіханарколага. Шасцярых мужчын і дзвюх жанчын не стала ў выніку суіцыду. Чацвёра з іх злоўжывалі алкаголем, адзін значыўся на дыспансерным уліку ў нарколага. Сярэдні ўзрост нябожчыкаў склаў 45,8 года. Ад атручвання алкаголем памерлі шэсць чалавек, усе мужчыны. Амаль усе злоўжывалі, адзін знаходзіўся на ўліку ў нарколага. Чатыры працавалі, адзін быў інвалідам. Сярэдні ўзрост гэтых людзей 41,3 года.

 
Наогул, п’янства – сур’ёзнае пагроза чалавецтву. Усяго ў наркалагічным кабінеце райпаліклінікі на дыспансерным уліку знаходзіцца 401 пацыент, у тым ліку ўпершыню за сем месяцаў сёлета тут апынуліся 40 чалавек. Цяпер праходзяць прымусовае лячэнне ад алкагольнай залежнасці 14. Аздаравіліся ў наркалагічным кабінеце 22, з іх 19 – ананімна. Усяго злоўжывае алкаголем 7,4 % дарослага насельніцтва раёна. І гэта надземная частка айсберга. Як заўважыла намеснік галоўнага ўрача ЦРБ, за шэсць месяцаў сёлета ўстановы гандлю раёна рэалізавалі амаль 59 148.3 дэкалітраў алкагольнай прадукцыі, у тым ліку віна пладова-ягаднага – 10 802.6 дэкалітраў, 33 077.9 дэкалітраў піва. У пераліку на аднаго жыхара раёна даводзіцца 368.9 дэкалітраў, што вельмі шмат.

 
Кагосьці трэба тэрмінова ратаваць ад немінуючай гібелі. Хтосьці вядзе нармальны лад жыцця і не зважае на збоі ў арганізме. Каб своечасова выяўляць хваробы і лячыць іх, трэба штогод праходзіць медагляд. За сем месяцаў сёлета ў паліклініку наведаліся 7 880 чалавек ці амаль 50 % ад плана. Не ўсе спяшаюцца, тым часам у 40 выявілі анкапаталогію, у 22-х з іх у І і ІІ стадыях, у 10-ці ў ІV, ІІІ бачнай лакалізацыі. Пераважаюць новаўтварэнні лёгкіх, страўніка, па адным выпадку шыйкі маткі, прамой кішкі, языка, ныркі, ротаглоткі. Аднак анкалогія – не прысуд. Пяцігадовая выжывальнасць пасля лячэння павялічылася і склала 58,9 %. Толькі не ў выпадку прамаруджвання. Асабліва варта звярнуць увагу на сваё здароўе жыхарам у зоне абслугоўвання Даўгінаўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі, Язненскай УБ, Дзісненскай бальніцы сястрынскага догляду, райпаліклінікі, дзе часцей за ўсё выяўляюць анкапаталогію.

 
Медыкам ЦРБ ёсць чым лячыць, у лячэбна-дыягнастычны працэс пастаянна далучаецца новае абсталяванне. Праводзяцца сучасныя метады даследавання і лячэння: экстрэтарная ўраграфія, ультрагукавыя даследаванні органаў малога таза з выкарыстаннем трансвагінальнага датчыка, ультрагукавое даследаванне сэрца, лічбавая візуалізацыя, пашыраны спектр лабараторных даследаванняў, праводзяцца лапараскапічныя дыягнастычныя даследаванні, рэктасігмакалонаскапія.

 
Новаўвядзенні паляпшаюць якасць медыцынскай дапамогі, і, што немалаважна, спрыяюць развіццю навыкаў маладых спецыялістаў. Цяпер выпускнікі медуніверсітэта з большай ахвотай накіроўваюцца на працу ў Міёрскую ЦРБ. У раёне 66 урачоў, з якіх 32 – да 31 года, 14 з іх у водпуску па доглядзе дзіцяці. Летась заступілі на працу анколаг і хірург, сёлета прыехалі чатыры ўрачы агульнай практыкі, адзін хірург, акушэр-гінеколаг. Жыхароў раёна абслугоўваюць 249 медработнікаў сярэдняга звяна, з якіх тры прыбылі цяпер. Усе працуюць у няпростых умовах эпідсітуацыі.

 
За час пандэміі абследавана на каронавірусную інфекцыю 10 635 чалавек (66 % ад усяго дарослага насельніцтва), у тым ліку ПЦР – 5 553, экспрэс-тэстамі – 5 082. Выяўлена 1 882 выпадкі інфекцыі, 453 пацыенты з іх пралячылі з пнеўманіямі. На ахову здароўя раёна сёлета выдаткавана 9 634 860 рублёў, што складае 102,3 % да мінулагодняга. За сем месяцаў патрачана 7 578 697,50 рублёў ці 78,7 % ад выдаткаваных, у тым ліку для лячэння каронавіруса – 1 108 218,62 (14,6 %).

 
Нашы медыкі гатовы кідацца ў бой з небяспечнай інфекцыяй, адваёўваючы ў яе жыцці пацыентаў, працаваць на мяжы магчымасцей. Але яны не ўсемагутныя. Вядома, чым можа закончыцца хвароба. Таму такая пільная ўвага вакцынацыі ад каронавіруса. Гэта патрэбна не дзеля статыстыкі, а дзеля здароўя саміх жа людзей, адзначыў старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў. Калі адольвае немач, няма прадукцыйнасці працы, вялікія фінансавыя выдаткі на бальнічныя лісты. Рэйтынг здароўя працягвае заставацца самым высокім у сістэме жыццёвых каштоўнасцей. Толькі сумеснымі намаганнямі медыкаў і грамадскасці магчыма знізіць захворваемасць, смяротнасць, павысіць нараджальнасць, павялічыць працягласць актыўнага жыцця. Ад гэтага залежаць развіццё раёна і дабрабыт кожнага.

 

Наталія СТАНКЕВІЧ

Фота для ілюстрацыі.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 5 декабря 2021
Алексей, Архип, Борис, Василий, Владимир, Герасим, Иван, Илья, Максим, Марк, Михаил, Павел, Петр, Фаддей, Федор, Прасковья, Афанасий, Яков

Именины 4 декабря 2021


Госці краін

free counters
Партнеры сайта