Авторизация
 

Вядучы спецыяліст Аксана Вішнеўская - пра ўвядзенне ID-карт і біяметрычных пашпартоў

 1 верасня ва ўсіх падраздзяленнях па грамадзянстве і міграцыі краіны пачнуць прымаць дакументы на выраб ідэнтыфікацыйных карт і біяметрычных пашпартоў для паездак за мяжу. Стацыянарны праграмна-апаратны комплекс для зняцця даных устаноўлены і ў ГГіМ раённага аддзела ўнутраных спраў. Як запэўніла вядучы спецыяліст Аксана Вішнеўская (на фота), працэдура зойме каля дзесяці хвілін.

 

– Ідэнтыфікацыйная карта ці ID-карта з часам стане абавязковай для ўсіх і будзе выкарыстоўвацца, у асноўным, на тэрыторыі Беларусі, – гаворыць вядучы спецыяліст групы па грамадзянстве і міграцыі РАУС Аксана Вішнеўская. – Без яе грамадзянін не зможа атрымаць біяметрычны пашпарт для выезду за мяжу. Хто не плануе пакідаць краіну, другі дакумент заказвае па жаданні. Варта адзначыць, што пашпарт і ID-карту будуць выдаваць з 14 гадоў. Аднак карту можна атрымаць і з моманту нараджэння дзіцяці, калі гэтага жадаюць законныя прадстаўнікі непаўналетняга.

 

Што ўяўляюць сабой біяметрычныя дакументы?

– ID-карта па памеры падобная да звычайнай пластыкавай банкаўскай карткі ці вадзіцельскага пасведчання. На пярэднім баку злева размесціцца фотаздымак уладальніка, пад ёй – асабісты подпіс. Побач можна ўбачыць асабісты нумар, прозвішча, імя, імя па бацьку, дату нараджэння, грамадзянства, тэрмін дзеяння карты і яе ўласны нумар, а таксама значок біяметрыі. На адваротным баку знаходзяцца машынасчытвальная зона, QR-код, чып, дзе захоўваецца ўся персанальная інфармацыя ўладальніка, яго біяметрычныя дадзеныя, а таксама праграмнае забеспячэнне, якое прадастаўляе доступ да яе з задзейнічаннем спецыяльнага ПІН-кода, сродак для генерацыі ўнікальнага электронна-лічбавага подпісу.

 
Аднак на ID-карце не будуць адзначаны ні месца рэгістрацыі, ні сямейнае становішча, ні наяўнасць дзяцей. Гэтыя даныя грамадзянін пры неабходнасці можа як запытаць у адносінах сябе пры дапамозе ўвядзення ПІН-кода, так і дазволіць прагляд пры наяўнасці спецыяльных счытвальных прыстасаванняў: напрыклад, пры падпісанні дагавора крэдытавання ці растэрміноўкі ў банку.

 
У біяметрычным пашпарце, які выкарыстоўваецца для паездак за мяжу, даныя ўладальніка размесцяцца на першай старонцы. Астатнія прызначаны для віз і прастаўлення адзнак пра перасячэнне граніцы.

 

Які далейшы лёс папяровых пашпартоў?

– Іх не адменяць. Сіні пашпарт захавае свой статус да ўказанага ў ім тэрміну. Кожны вырашыць сам: атрымліваць новы ці пакінуць стары. Аднак у выпадку згубы дакумента ці перамены прозвішча, імя, будзе афармляцца ID-карта. Вяртанне да пашпарту старога ўзору ўжо не прадугледжана.

 

У чым перавагі карыстання біяметрычнымі дакументамі?

– Замежны пашпарт дазволіць значна спрасціць і паскорыць працэдуру прахо- джання пагранічнага кантролю і звядзе да мінімуму кантакты.
Што да ID-карты, то ўсе яе трымальнікі аўтаматычна атрымаюць яшчэ і асабісты ключ грамадзяніна, які адкрые доступ да сэрвісаў дзяржавы ў электронным выглядзе і дазволіць стасункі з імі анлайн, не выходзячы з дома ці кабінета. На ID-карце будуць размешчаны сродкі для электронна-лічбавага подпісу з дзесяцігадовым тэрмінам дзеяння, кошт якой стане ўваходзіць у цану дакумента.
 
Як атрымаць ID-карту?

– Яна выдаецца па месцы рэгістрацыі. Трэба звярнуцца ў аддзяленне па грама- дзянстве і міграцыі з пашпартам старога ўзору і з квітком пра аплату паслугі. Яе можна правесці як праз АРІП, так і ў любым аддзяленні банка. Увядзём ваш ідэнтыфікацыйны нумар у спецыяльную праграму, зверым асабістыя даныя, пры неабходнасці ўнясём змяненні, напрыклад, пра ўступленне ў шлюб, нараджэнне дзіцяці (для пацвярджэння гэтага трэба прадаставіць адпаведныя дакументы). На месцы чалавека сфатаграфуем, адсканіруем адбіткі пальцаў, адлічбуем подпіс. Усе тры працэдуры праводзяцца на адным комплексе, які да таго ж адсочвае якасць зробленых маніпуляцый. Пры гэтым варта памятаць, што сістэма вітае максімальную натуральнасць у знешнім выглядзе: мінімум макіяжу, па магчымасці гладкая прычоска з адкрытымі брывамі і вушамі. Калі памада, то някідкая, акуляры – у тонкай аправе. Потым спецыяліст робіць раздрукоўку, каб заяўнік зверыў свае даныя. Калі ўсё правільна, выдаецца карэньчык бланка з QR-кодам і рэгістрацыйным нумарам заявы.

 
У звычайным рэжыме новыя дакументы будуць гатовы за 15 дзён, у паскораным – за сем і ў тэрміновым – за пяць. Грамадзянін прыходзіць за імі са старым пашпартам. Дарэчы, пра гатоўнасць пры жаданні заяўніка яго апавясцім. Каб забраць дакументы, патрабуецца зноў прайсці працэдуру сканіравання адбіткаў пальцаў. Тэрмін дзеяння карты для дарослых – дзесяць гадоў, для непаўналетніх – пяць.

 

Колькі трэба заплаціць за паслугу?

– Кошт ID-карты – 1,5 базавай велічыні ці 43,5 рубля, біяметрычнага пашпарта – дзве базавыя (58 рублёў). Для інвалідаў І і ІІ груп, пенсіянераў, непаўналетніх прадугледжаны льготныя стаўкі.

 

Наталія СТАНКЕВІЧ

Фота Наталіі СТАНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 5 декабря 2021
Алексей, Архип, Борис, Василий, Владимир, Герасим, Иван, Илья, Максим, Марк, Михаил, Павел, Петр, Фаддей, Федор, Прасковья, Афанасий, Яков

Именины 4 декабря 2021


Госці краін

free counters
Партнеры сайта