На выездном заседании президиума обсудили уровень жизни и социальную инфраструктуру Перебродья
gazeta 29-07-2021, 16:21 250 Афіцыйна / Грамадства
Як палепшыць узровень жыцця на сяле, абмяркоўвалі на выязным пасяджэнні прэзідыума 16 ліпеня. Падчас азнаямляльнай экскурсіі па значных аб’ектах Перабродскага сельсавета яго старшыня Віктар Дзеравянчык прадэманстраваў дэпутацкаму корпусу раёна, што вёска жыве дзякуючы энтузіязму саміх сяльчан, якія застаюцца ў родных мясцінах, нераўнадушным кіраўнікам, якія ўмела гаспадараць на падведамнай тэрыторыі і дапамагаюць паляпшаць сацыяльную інфраструктуру, турызму, які дае магчымасць разнастайваць крыніцы прыбытку.
На тэрыторыі Перабродскага сельсавета 48 населеных пунктаў, у ліку якіх 30 вёсак і 18 хутароў. Да дзесяці двароў у 21 вёсцы, да 50 – у 11-ці, да ста – у чатырох, да двухсот – у дзвюх, звыш – таксама ў дзвюх. У агульнай колькасці ў Перабродскім сельсавеце 652 домагаспадаркі і 1 305 жыхароў. У тым ліку 157 дзяцей ці 12 % ад усяго насельніцтва. 762 жыхары працаздольнага ўзросту, 386 – за іх старэйшыя.
Што хвалюе чалавека? Перш за ўсё ўмовы і якасць жыцця. Як адзначыў старшыня Перабродскага сельвыканкама Віктар Дзеравянчык, мерапрыемствы па добраўпарадкаванні – няспынная работа круглы год. Вось і сёлета падрамантавалі і пафарбавалі старыя агароджы, устанавілі і новыя. Разнастаілі маляўнічыя перабродскія мясціны кветнікі, дрэвы і дэкаратыўныя кусты.
Шмат увагі надаецца рамонту дарог. Міёрскае ДРБУ-203 прафілявала гравійнае пакрыццё па маршруце Тычкі – Пераброддзе, Пераброддзе – Ніўнікі, Ігнацікі – Камянполле. Ёсць і праблемныя ўчасткі. На баланс дарожнай службы просіцца трохкіламетровы даезд да населенага пункта Гарушка, пад’езд да кемпінга «Мерэя». Да аўтадарогі Р-14, якую даглядаюць спецыялісты ЛДД-34, ніякіх нараканняў. Своечасова абкошваецца, сістэматычна ўбіраецца смецце ля аўтобусных павільёнаў.
На тэрыторыі сельсавета рэгулярна арганізуюцца суботнікі. Добраўпарадкоўвалі абеліскі, грамадскія месцы, могілкі. 21 месца вечнага спачыну размешчана на перабродскай тэрыторыі, усе на балансе УП ЖКГ. Важная тэма невыкарыстоўваемых аб’ектаў. Сумесна са старэйшынамі, дэпутатамі сельсавет выяўляе дамы, дзе ўжо не цепліцца жыццё, устанаўлівае ўласнікаў і высвятлае іх намер выкарыстоўваць будынак па прызначэнні. Тры пустыя і дзве старыя хаціны трапілі ў поле зроку сёлета.
Усяго за перыяд дзеяння Указа ад 4 верасня 2018 года № 357 знесена 67 дамоў. Цяпер сумесна з райвыканкамам праводзіцца інвентарызацыя населеных пунктаў. У суд для прызнання вымарачнымі перададзены на разгляд тры іскавыя заявы. Звыш 20 домаўладанняў на тэрыторыі сельсавета належаць замежным грамадзянам. У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй каля двух гадоў яны не былі ў сваіх дварах, што дадае праблем.
У цэлым, тутэйшыя мясціны вабяць. Чым перш за ўсё? Пастаральнымі фарбамі маляўнічасці. Жамчужынак тут не пералічыць. На тэрыторыі сельсавета зарэгістравана 12 аграэкасядзіб, тры Дамы паляўнічага. Турысты сюды імкнуцца, што дапамагае насельніцтву папоўніць сямейны бюджэт.
Насельніцтва ў перабродскім краі гаспадарлівае, дбае пра прыгажосць у сваіх дварах. З агульнага фону выбіваюцца стракатыя летнія кветнікі, разнастайныя мадыфікацыі агародж. Ёсць агульнае імкненне да парадку. Стымулюе трымаць марку і штогадовы фестываль народнай творчасці «Перабродская зорка», які збірае нямала гасцей.
Падтрымліваць грамадскія месцы ў парадку дапамагаюць і арганізацыі-шэфы: ВУПКУ «Міёрскі», райаграсэрвіс, УП ЖКГ, Перабродскае лясніцтва. Сумеснымі намаганнямі знішчаюць баршчэўнік Сасноўскага, даглядаюць памятныя месцы, абкошваюць праблемныя ўчасткі. Належную ўвагу сваім тэрыторыям надаюць Камянполлеўскі і Забалоццеўскі ФАПы, Забалоццеўская бібліятэка-клуб.
У любую пару года ўтульна на тэрыторыі санаторыя «Расінка». Летам навакольная палітра фарбаў асабліва насычаная. Поўная гармонія прыроднага хараства і архітэктурнага афармлення. Дарослыя і юныя адпачывальнікі любуюцца круглы год. Па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні калектыў «Расінкі» адзін з найлепшых у рэспубліцы. Гэтым уносіць важкі ўклад у развіццё эканомікі раёна.
На ўездзе ў Пераброддзе ад райцэнтра злева серабрыцца, пераліваецца возера. Яго бераг – аблюбаванае месца шматлікіх адпачывальнікаў. Сёлета для іх камунальная служба раёна абсталявала пляж, дзе можна з камфортам пазагараць, атрымаць асалоду ад вадзяной прахалоды і арганізаваць сямейны пікнік. У планах развіваць інфраструктуру далей, напрыклад, абсталяваць месца для спартыўных гульняў.
Пабудовы і архітэктурныя формы – справа рук умелых майстроў перабродскага вытворчага цэха УП ЖКГ па апрацоўцы і нарыхтоўцы драўніны. Так набылі новае жыццё пустыя мехмайстэрні былога калгаса «Кастрычніцкая рэвалюцыя». Як расказаў дырэктар Ігар Войтаў, на міні-прадпрыемстве на чале з майстрам заняты 16 чалавек. Іх намаганнямі ўзведзены шматлікія аб’екты, у тым ліку размешчаныя непадалёк Дом паляўнічага і рыбака, лазня, дзе аказваюцца турыстычныя паслугі. Асабліва ўлетку яны карыстаюцца добрым попытам.
А хто ведае пра ўнікальны драўляны праваслаўны храм Святога Вялікапакутніка Георгія Пераможцы? З асаблівай цеплынёй сустрэла гасцей казначэй Таццяна Сямёнычава, якая расказала цікавую гісторыю святыні. Гасподзь прывёў да гэтага намоленага месца ў добры дзень – пятніцу. Імя Параскевы, чый абраз тут захоўваецца, з грэчаскага азначае «Пятніца». Гэта апякунка сямейнага жыцця. Таццяна Уладзіміраўна паведаміла гісторыю жыцця прападобнай вялікапакутніцы, расказала пра цуды вылечвання. Усе змаглі да яе прыхіліцца.
Не менш духоўнай атрымалася экскурсія на аграсядзібу «Мацейкава сяліба», дзе пабачылі музей прадметаў побыту, прылад працы продкаў гаспадыні Галіны Паўлоўскай. Пазнаёміліся з адпачывальнікамі ў зоне адпачынку «Мерэя», гаспадар якой – Дзісненскі лясгас.
Пры падвядзенні вынікаў выязнога пасяджэння прэзідыума старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Баніфатава зрабіла акцэнт на ўзаемадзеянні сельсавета са службамі, арганізацыямі, шэфамі, старэйшынамі, дэпутатамі, насельніцтвам. Калі ёсць узаемаразуменне, умовы жыцця на сяле толькі паляпшаюцца, маляўнічыя мясціны прыгажэюць яшчэ больш. Да кампрамісаў на агульны дабрабыт трэба імкнуцца на кожнай тэрыторыі.
Наталія СТАНКЕВІЧ
Фотаматэрыял аўтара.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.