Авторизация
 

Падчас трэнінгу абмяркавалі падрыхтоўку да экалагічнага свята «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю»

 Да экалагічнага свята «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю» два месяцы, а падрыхтоўка ўжо ідзе. Як зрабіць экафэст яшчэ больш цікавым і прывабным для мясцовых жыхароў і турыстаў, абмяркоўвалі падчас трэнінгу, што арганізавала каманда праекта «Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці», які рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.

 

Экалагічны фестываль «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю» атрымаў статус абласнога свята. Сёлета ён адбудзецца ў дзясяты раз. Падчас трэнінгу эксперт і ўдзельнікі прапанавалі шмат ідэй, як адзначыць першы юбілей. Запланавана свята на суботу, 18 верасня. На экалагічным свяце міярчане змогуць свабодна рэалізоўваць журавіны і экапрадукцыю ўласнай вытворчасці. Для гэтага будзе арганізавана спецыяльная пляцоўка. Мясцовым жыхарам, якія жадаюць прапанаваць сваю прадукцыю (мясныя і малочныя вырабы, фітачай, мёд і інш.), трэба загадзя звярнуцца ў офіс праекта «Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці». Тэлефон для сувязі +375 (29) 591 12 95 (Наталля).
 

Дзейнічаць камандай

– Добрыя справы робяць агульнымі намаганнямі, – падкрэсліла мясцовы каардынатар праекта Надзея Дударонак.
Нагадала, што праект рэалізуецца ў раёне трэці год і аказвае падтрымку ў розных сферах. Сярод іх спорт, турызм, мясцовыя ініцыятывы, развіццё сацыяльнай інфраструктуры, турыстычнай інфраструктуры на балоце Ельня. Праходзяць семінары і трэнінгі для мясцовай грамадскасці, каб актывізаваць камандную работу ў розных накірунках.

 
У трэнінгу па арганізацыі экалагічнага свята прынялі ўдзел работнікі культуры на чале з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аляксандрам Тронькіным, кіраўнікі мясцовых ініцыятыў. Далучыліся да абмеркавання ідэй і прапаноў намеснік старшыні райвыканкама Валерый Драба і старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Баніфатава. У якасці эксперта выступіла рэжысёр Алена Котава. З Германіі выйшла на сувязь спецыяліст па арганізацыі культурных мерапрыемстваў Наталля Нойман.

 

 Аналізаваць вопыт уласны і чужы

Пералічваючы плюсы мінулагодняга фестывалю «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю», у ліку першых удзельнікі трэнінгу АДЗНАЧЫЛІ добрае надвор’е. Для святаў, якія праходзяць пад адкрытым небам, гэта адзін з вызначальных фактараў. Аднак арганізатары на яго паўплываць не могуць. Затое ім па сілах шмат чаго іншага: рэклама, якая прываблівае турыстаў, арыгінальныя фотазоны, цікавыя прапановы ад рамеснікаў, насычаная канцэртная праграма, назіранне за жураўлямі пад кіраўніцтвам прафесіянальных арнітолагаў – усё гэта назвалі моцнымі бакамі мерапрыемства. Яшчэ ў тым пераліку дзень правядзення фестывалю. З мінулага года яго ладзяць у суботу, што дае магчымасць удзельнікам і гасцям назаўтра адпачыць.

 
Вельмі важны складнік – экалагічная скіраванасць свята. Як заўважыла Алена Котава, падобных мерапрыемстваў у свеце няшмат. Між тым тэма экалогіі набывае ўсё большую актуальнасць, а таму надоўга будзе ў трэндзе. На думку эксперта, арганізатарам экафэсту неабходна адлюстроўваць у змесце свята яго фармат і назву. Ключавыя паняцці – экалогія, жураўлі, журавіны, Міёршчына – павінны мець месца ў афармленні святочных пляцовак, у касцюмах і рэпліках вядучых, у гульнёвых праграмах і так далей.

 
Зрабіць акцэнт на шырокай рэкламе свята ў СМІ раіла Наталля Нойман з Германіі. Калі пра мерапрыемства ведаюць далёка за межамі яго правядзення, турыстаў будзе больш. Яшчэ адна парада – праводзіць анкетаванне гасцей, каб вывучаць іх запыты і ўражанні, рабіць вывады для сябе. Па словах Наталлі, у Германіі экалагічныя святы не праводзяць. Ладзяць фестываль устойлівага развіцця. Дарэчы, без выкарыстання пластыкавага посуду. Трэба ўлічыць гэты момант арганізатарам экафэсту ў Міёрах. Адмова ад пластыку – сучасная тэндэнцыя.

 

Ператвараць слабыя бакі ў новыя магчымасці

Любая справа разам з плюсамі мае свае слабыя бакі. Гэта не столькі падстава для крытыкі, колькі нагода ўбачыць магчымасці для далейшага развіцця. Падчас абмеркавання заўважалі, што некаторыя турысты прыязджаюць на фестываль у першую чаргу для таго, каб паназіраць за жураўлямі і прайсціся па экасцежцы. Чаму б у пачатку сцежкі не размясціць некалькі гандлёвых кропак. Пасля прагулкі на свежым паветры пачаставацца духмяным чаем са свежай булачкай – самае тое. Ды яшчэ сувенір з тэматыкай свята купіць. Гэтае пытанне арганізатары вывучаць больш дэталёва. Разгледзяць варыянты наконт павелічэння колькасці пляцовак для назірання за жураўлямі.

 
Прагучалі прапановы пашырыць асартымент тэматычнай сувенірнай прадукцыі на паўвостраве, дапоўніць праграму забавамі для дзяцей і моладзі. Да прыкладу, на пляжы можна наладзіць фотазону на фоне возера і правесці спартыўныя спаборніцтвы. Каб госці свята лепш арыентаваліся на месцы падзей, на ўваходзе будзе дзейнічаць кансультацыйны цэнтр. Валанцёры з Чырвонага Крыжа могуць суправаджаць на фестывалі людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

 
Фішкай свята многія госці лічылі падворкі сельсаветаў. У мінулым годзе фестываль адбыўся без іх. Сёлета сельскі каларыт з’явіцца зноў.
Цікавых і слушных ідэй, чым дапоўніць і разнастаіць экалагічны фестываль «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю» ўдзельнікі трэнінгу прапанавалі шмат. Адны з іх рэалізуюць сёлета, іншыя возьмуць на перспектыву. Важна, каб свята пастаянна развівалася, захоўваючы сваю ўнікальнасць.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял аўтара.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 30 января 2022
Антон, Виктор, Георгий, Иван, Павел, Савелий, Антонина

Именины 29 января 2022
Иван, Максим, Петр, Неонила

Госці краін

free counters
Партнеры сайта