Авторизация
 

На мінулым пасяджэнні райвыканкама прааналізавалі складаную пажаранебяспечную сітуацыю на Міёршчыне

 Сёлета з пачатку года ў раёне здарылася 19 пажараў, што на восем больш, чым за аналагічны перыяд летась. Загінулі шэсць чалавек, за ўвесь 2020-ы год было тры ахвяры агню. Складаную пажаранебяспечную сітуацыю прааналізавалі на мінулым пасяджэнні райвыканкама. У ім прыняў удзел начальнік Упраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віцебскай вобласці Сяргей Мялешкін.

 

Па інфармацыі першага намесніка начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Уладзіміра Рачыцкага, усе пажары ўзнікалі ў жылым сектары, у асноўным з-за безадказных адносінаў грамадзян да ўласнай бяспекі. Парушэнні правіл эксплуатацыі печаў, цеплагенеруючых агрэгатаў і прыстасаванняў сталі прычынай трох выпадкаў загаранняў, два здарыліся з-за няправільнага карыстання электрасеткамі і электрапрыборамі. Прычыны яшчэ трох высвятляюцца.

 
Па небяспечнай статыстыцы лідзіруе Завуццеўскі сельсавет. На яго тэрыторыі зарэгістраваны чатыры пажары, тры з іх – з трагічным фіналам. Усяго ў агні загінула шэсць жыхароў раёна. Асноўныя спадарожныя фактары – паважаны ўзрост і ўсім вядомая формула: выпіў, закурыў і заснуў. Усе тры загінулыя летась злоўжывалі спіртнымі напіткамі.

 
Вясной да людзей прыходзіць энтузіязм наводзіць парадкі ў дварах. Для падраздзяленняў РАНС гэта надта турботная пара. Сёлета выязджалі 26 разоў на ліквідацыю ўзгаранняў у экасістэмах, аднак чатыры пабудовы выратаваць не ўдалося, загінуў адзін чалавек. Усяго на тэрыторыі раёна агонь знішчыў шэсць пабудоў, 18 – папсаваў. Памер шкоды склаў 105 тысяч рублёў. Удалося выратаваць 21 будынак, матэрыяльныя каштоўнасці на 48 тысяч рублёў.

 
Як адзначалася, узровень бяспекі насельніцтва напрамую залежыць ад якасці і аб’ёмаў прафілактычнай работы. На Міёршчыне яе арганізуюць раённая, гарадская і дзевяць назіральных камісій. У іх склад уключаны зацікаўленыя суб’екты прафілактыкі. З нядаўняга часу падключыліся спецыялісты энергагазінспекцыі, энергазбыту, раёна электрасетак. За мінулы перыяд 2021 года камісіі абследавалі 2 245 домаўладанняў, праінструктавалі 3 441 чалавека.

 
Разам з тым, дзейнасць суб’ектаў прафілактыкі, а таксама каардынацыя работы ў дадзеным накірунку з боку старшынь назіральных камісій пры сельсаветах і ў горадзе – прызнана недастаткова эфектыўнай. Вылучаецца асабістая безадказнасць членаў гэтых фарміраванняў, нярэдка выязджаюць няпоўным складам. Вынікі работы афармляюцца фармальна. Гэта і прывяло да сумных лічбаў статыстыкі, што адзначаецца ў прадстаўленні пракуратуры раёна.

 
Узаемадзейнічаць суб’ектам прафілактыкі трэба шчыльней, больш жорстка патрабаваць выканання праблемных пытанняў. Справа ў тым, што палова з загінулых у агні – людзі ва ўзросце. Узнікненню пажараў паспрыяла іх нямогласць з-за хваробы, інваліднасць. Таму намаганні зацікаўленых служб павінны сканцэнтравацца на «групах рызыкі», куды ўваходзяць адзінокія і адзінока пражываючыя пажылыя. А таксама асобы, якія злоўжываюць спіртным. Трэба спрыяць іх працаўладкаванню і занятасці.

 

Пільнай увагі патрабуюць аварыйныя аб’екты, пустыя і старыя дамы, якія ўяўляюць прамую пагрозу жыццю. Многія з іх засталіся не ўключанымі ў складзены пералік па Указе № 357. На тое ёсць абгрунтаваныя прычыны, але доступ да іх не абмежаваны, параслі пустазеллем і хмызняком. Асаблівага кантролю патрабуе ведамаснае жыллё, дзе з пачатку бягучага года здарыліся тры пажары. У ААТ «Узмёнскі край», «Пад’ельцы» і «Любінова» абышлося без ахвяр. У туркоўскай гаспадарцы летась загінуў чалавек.

 
Не ўсе сістэмы пажарнай сігналізацыі ў працаздольным стане ва ўстановах адукацыі, культуры, Міёрскай ЦРБ. Шмат іншых недапрацовак, якія трэба тэрмінова вырашаць. Пэўныя рэкамендацыі даў начальнік Упраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віцебскай вобласці Сяргей Мялешкін. З яго слоў, адказнасць і дысцыпліна – аснова стабільнасці і абароненасці ў кожнай сферы дзейнасці ад любых нягод. І ў прафілактычнай рабоце нельга быць абыякавымі, трэба шчыльней узаемадзейнічаць і аказваць узаемную падтрымку, а разам з тым фарміраваць культуру бяспекі ў кожнай сям’і і працоўным калектыве. Напрыклад, аграрыі павінны берагчы і даглядаць як належыць новую тэхніку: своечасова мыць, ачышчаць, каб не дапускаць узгаранняў у гарачую пару палявых работ.

 
На пасяджэнні райвыканкама зацвердзілі план правядзення ўборачнай кампаніі і сяўбы азімых культур пад ураджай 2022 года. Асноўныя работы гаспадаркам раёна давядзецца выканаць у дакладныя тэрміны, згодна з даручэннем старшыні райвыканкама Ігара Кузняцова.

 

Наталія СТАНКЕВІЧ

Фота для ілюстрацыі.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 24 июля 2021
Аркадий, Лев, Елена, Ольга

Именины 23 июля 2021
Александр, Антон, Георгий, Даниил, Леонтий, Петр

Госці краін

free counters
Партнеры сайта