Авторизация
 

Нарад старэйшын вёсак Міёршчыны прайшоў у райвыканкаме

 Нараду, што праходзіла на мінулым тыдні ў райвыканкаме, іначай як вялікім сходам старэйшын не назавеш. На сустрэчу з паважанымі і аўтарытэтнымі людзьмі вёсак Міёршчыны, якую арганізаваў раённы Савет дэпутатаў, сабраліся прадстаўнікі ўсіх служб, аддзелаў райвыканкама, старшыні сельвыканкамаў.

 

РАСПАЧЫНАЮЧЫ сход, старшыня райсавета Марыя Баніфатава звярнула ўвагу на высокую ролю мясцовых органаў кіравання і самакіравання, падкрэсліла важную місію істытута старэйшын. Гэтыя ўмудроныя жыццёвым вопытам людзі – звяно паміж уладай і насельніцтвам. Іх вызначае актыўная грамадзянская пазіцыя, кожны паказвае прыклад гаспадарлівасці, заахвочвае аднасяльчан рабіць усё для таго, каб камфортна пачувалася на сяле, прыгажэлі родныя мясціны. Удзельнічаюць старэйшыны ў рабоце назіральных камісій, скіроўваюць увагу адпаведных служб на ўмовы пражывання асацыяльных грамадзян, дзяцей у нядобранадзейных сем’ях, садзейнічаюць праваахоўным органам ва ўмацаванні правапарадку, у барацьбе з п’янствам, дапамагаюць выратавальнікам выявіць пажаранебяспечную абстаноўку. На сходзе старэйшын прааналізавалі гэту сумесную работу ў інтарэсах людзей.

 
Грамадскае самакіраванне – сур’ёзная сіла, якая можа і павінна ўнесці ўклад у рэалізацыю планаў, намечаных на Міёршчыне на наступную пяцігодку. Па выніках мінулай працаўнікі раёна дасягнулі паступальнага руху наперад, за гэта падзякаваў старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў. Сёлета рэалізуем новыя планы і адказныя задачы. У зацверджанай аблвыканкамам канцэпцыі развіцця Міёрскага раёна да 2030-га года ўсё раскладзена па пунктах. На шостым Усебеларускім народным сходзе, калі агучваліся драйверы эканамічнага росту краіны, адзначаны важкія імпульсы міёрскага краю, што вельмі пачэсна. Кожнаму калектыву і працаўніку, спецыялісту і кіраўніку трэба імкнуцца да найлепшых паказчыкаў і далей. Толькі старанне можа стаць рэальнай асновай для дасягнення галоўнай мэты – павышэння дабрабыту насельніцтва. Выканаўчая ўлада ў раёне і на месцах працягне вырашаць пытанні, звязаныя з жыццядзейнасцю населеных пунктаў. Гэта аксіёма для кожнай службы, арганізацыі, установы, якія адказваюць за дарожнае, гандлёвае, медыцынскае, паштовае, газавае, электрычнае абслугоўванне і г. д.

 
Ужо больш за год жывём ва ўмовах пандэміі каронавіруснай інфекцыі. Прайшлі перыяд прыстасавання да яе, атрымалі доўгачаканую вакцыну. Для аказання неабходнай медыцынскай дапамогі жыхарам раёна з COVID-19 ці падазрэннем на яго мабілізаваны ўсе магчымасці раённай бальніцы, расказала галоўны ўрач Алена Сівая. Для лячэння ў стацыянары выдзелены двухпавярховы інфекцыйны корпус на 50 ложкаў. Пры патрэбе падключаецца аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі.

 
 За мінулы перыяд пандэміі абследавалі звыш за 5 тысяч чалавек. Выяўлены з каронавіруснай інфекцыяй амаль 1,5 тысячы. Звыш за 600 чалавек пралячылі ў стацыянары, як правіла, гэта вельмі цяжкія пацыенты. Хворыя з лёгкім цячэннем інфекцыі аздараўліваюцца дома. Надзейнай абаронай ад каронавіруса Алена Фёдараўна назвала вакцынацыю. Масавая ў раёне толькі пачынаецца. Прышчэпка дазволена з 18 гадоў і старэй без абмежаванняў па ўзросце. Звяртацца трэба ў Міёрскую паліклініку, пазней кампанія будзе арганізавана і ва ўрачэбных амбулаторыях. Ужо выкарысталі каля 400 доз вакцыны. Яна складаецца з двух кампанентаў. Праз 20 – 21 дзень пасля першага трэба ўвесці другі. Прышчапіліся медыкі, пастаяльцы аддзялення сястрынскага догляду і кругласутачнага знаходжання для інвалідаў. Са слоў галоўнага ўрача, толькі ў двух чалавек узнялася тэмпература, у некалькіх пачырванела ў месцы ўвядзення, у астатніх ніякіх пабочных эфектаў не назіралася.

 
Прышчэпка тэарэтычна разлічана на два гады. Імунітэту, які фарміруецца пасля хваробы, хапае толькі на 3 – 4 месяцы. Тым часам на тэрыторыі раёна назіраецца чарговы рост каронавіруснай інфекцыі, што-дзень дадаецца па 15 хворых. Рэгіструюцца выпадкі паўторнага заражэння. Вакцынацыя – адзіны спосаб абараніць сябе і сваю сям’ю. Важна не забывацца на мед- агляды. Ва ўмовах пандэміі людзі баяліся наведвацца ў паліклініку, што прывяло да росту запушчаных анкалагічных захворванняў. Таму так важна працаваць на прафілактыку.

 
У клопаце пра здароўе немалаважны і санітарны стан навакольнага асяроддзя. Начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва, па жыллёва-камунальнай гаспадарцы Жанна Падаляка праінфармавала прысутных пра вынікі мінулагодняй работы па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў, месцаў пахаванняў. Займацца гэтым трэба і надалей. Удзел і намаганні кожнага жыхара раёна важныя. І тут нямала залежыць ад умення старэйшын арганізаваць справу, знайсці падыход да людзей. Менавіта такім чынам дасягаецца камфорт і прыгажосць у кожным куточку нашага краю.

 
У раёне працягваецца актыўная работа па скарачэнні колькасці пустых і старых дамоў. Высякаецца драўнінна-хмызняковая расліннасць, вызваленыя землі ўцягваюцца ў гаспадарчы абарот. Аднак права ўласнасці на ўчастак неабходна абавязкова зарэгістраваць і забяспечыць ім сваіх нашчадкаў. Дакумент рэгламентуе ўсе адносіны, звязаныя з зямлёй, і дае дадатковыя гарантыі пры разглядзе зваротаў, а таксама спрэчак у судах. Яшчэ за карыстанне зямлёй трэба плаціць, што ўстаноўлена заканадаўствам. Для пэўнай катэгорыі грамадзян ёсць ільготы. Пра гэта нагадаў начальнік землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Павел Сушко.

 
Чысціня і парадак павінны панаваць і на тэрыторыі вадаёмаў, іх у раёне 90. Тут любяць бавіць час людзі, асабліва ў купальны сезон, які сёлета пачнецца 15 мая. Як расказаў старшыня Міёрскага АСВОДа Алег Пяткевіч, афіцыйных месцаў для купання ўсяго пяць, астатнія – несанкцыянаваныя, што не заўсёды бяспечна. У Павяцкім сельсавеце на рацэ Вята добраўпарадкавалі пляж для адпачынку: вызвалілі ад чароту, навезлі пяску. Такі прыклад трэба пераймаць усім. Ачысціць акваторыю дапамогуць і асводаўцы. Разам з тым важна нагадваць людзям пра бяспеку на вадзе і культуру паводзін. За зімовы перыяд у раёне патануў адзін чалавек і, па папярэдняй версіі, учынены адзін суіцыд, цела яшчэ не знойдзена.

 
Прагучалі сумныя лічбы і факты, звязаныя з гібеллю трох чалавек на пажарах, а таксама прычыны, якія параджаюць падзеі крымінальнага характару. Намеснік начальніка РАУС Святаслаў Паніч і начальнік РАНС Віталь Ганін падзякавалі старэйшынам за работу ў складзе суб’ектаў прафілактыкі, спадзяюцца на яшчэ больш цеснае супрацоўніцтва ў плане аховы правапарадку і выканання пажарнай бяспекі, разлічваюць на аператыўны абмен інфармацыяй. Асабліва важна засцерагаць аднавяскоўцаў ад кібермахляроў, на вуду да якіх можна трапіць пры аплаце пакупак банкаўскай карткай праз сетку Інтэрнэт. Надзвычай актуальная цяпер растлумачальная работа па недапушчэнні выпальвання сухой расліннасці. На тэрыторыі вобласці ўжо загінуў з гэтай прычыны чалавек.

 
Важныя аспекты, звязаныя з пенсіённым забеспячэннем і сацыяльным абслугоўваннем пэўнай катэгорыі грамадзян, акрэсліў начальнік упраўлення па працы і занятасці, сацыяльнай абароне Вячаслаў Бялько.

 
На тэрыторыі раёна 442 населеныя пункты, тэрытарыяльнае грамадскае самакіраванне прадстаўляюць 119 старэйшын. На іх рахунку нямала добрых і карысных спраў на агульны дабрабыт. Найлепшых узнагародзіў старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў.

 

Наталія СТАНКЕВІЧ

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 5 декабря 2021
Алексей, Архип, Борис, Василий, Владимир, Герасим, Иван, Илья, Максим, Марк, Михаил, Павел, Петр, Фаддей, Федор, Прасковья, Афанасий, Яков

Именины 4 декабря 2021


Госці краін

free counters
Партнеры сайта