Выполнение норм Декрета № 3 на Миорщине проанализировали на заседании Совета депутатов

 Занятасць насельніцтва – адзін з найважнейшых паказчыкаў не толькі развіцця раёна, але і матэрыяльнага дабрабыту грамадзян. Ход рэалізацыі норм Дэкрэта № 3 на Міёршчыне прааналізавалі на 28-й чарговай сесіі раённага Савета дэпутатаў. 

 

Па інфармацыі начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вячаслава Бялько, сітуацыя на рынку працы Міёршчыны на працягу 2020 года характарызавалася павелічэннем занятага насельніцтва і попыту на рабочую сілу, зніжэннем росту зваротаў за садзейнічаннем у працаўладкаванні, скарачэннем колькасці беспрацоўных, што стаялі на ўліку, змяншэннем каэфіцыента напружанасці і ўзроўню зарэгістраванага беспрацоўя.

 
На 1 студзеня 2020-га ў эканоміцы раёна было занята 8 177 чалавек, на аналагічную дату 2019-га – 7 979. Занятых паболела на 2,5 %. Асноўная прычына – павелічэнне спіскавай колькасці работнікаў па прадпрыемствах на канец года.  За справаздачны перыяд масавага вызвалення рабочых месцаў, у тым ліку ў сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй, не назіралася. Летась арганізацыі раёна прынялі ў свае калектывы

 
1 614 чалавек, што на 185 больш, чым за аналагічны перыяд 2019-га (113 %). Звольнена 1 468 (на 19 % менш), у асноўным, па ўзгадненні бакоў, пасля завяршэння тэрміну дагавора. У сувязі з ліквідацыяй арганізацыі, скарачэннем яе колькаснага складу ці штата працоўныя адносіны спынілі з двума работнікамі (0,14 % ад агульнай колькасці звольненых). За прагул і парушэнне працоўнай дысцыпліны вымушаны былі развітацца з 75-ю (5,1 %). 121 работніка праводзілі на заслужаны адпачынак.

 
Каэфіцыент напружанасці на рынку працы раёна на канец мінулага года склаў 0,035 (самы нізкі па вобласці) ці 28 вакансій на аднаго беспрацоўнага. Дапамаглі знайсці работу 98 грамадзянам. Узровень працаўладкавання склаў 80,3 % ад маючых у тым патрэбу пры заданні 69 %. Паказчык па беспрацоўі ў раёне не мяняецца – 0,1 %. На канец 2020-га на ўліку ў службе занятасці, як і ў 2019-м, было дзевяць чалавек.

 
Станоўчая дынаміка паказчыкаў рынку працы абумоўлена перш за ўсё павелічэннем у параўнанні з 2019-м годам на 40 % вакансій, што склала 433 адзінкі. На новыя рабочыя месцы за кошт стварэння прадпрыемстваў і вытворчасцей працаўладкавалі 257 чалавек ці
367 % ад гадавога задання. 190 вакансій прапанаваў металапракатны завод, 35 – гандлёвая ўстанова «Санта Рытэйл».

 
На пачатак бягучага года патрабавалася 260 спецыялістаў, а гэта 112,5 % да ўзроўню мінулага года. Паболела прапаноў ад металапракатнага завода. Усяго тут 140 вакансій: 101 – для спецыялістаў з вышэйшай і сярэдне спецыяльнай адукацыяй, 39 – з прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй. У сельскай гаспадарцы неабходны ветэрынарныя ўрачы, заатэхнікі, інжынеры, трактарысты, аператары машыннага даення, жывёлаводы. Запатрабаваныя бухгалтары і эканамісты, вадзіцелі, прадаўцы, ветурачы, трактарысты. Раённаму аддзелу па надзвычайных сітуацыях патрэбны 15 работнікаў, «БелСпецЭлектраБуду» – 10.

 
Мэтавы паказчык праграмы занятасці – удзельная вага працаўладкаваных беспрацоўных, якія маюць дадатковыя гарантыі занятасці, – склаў летась 57 % пры ўстаноўленым гадавым заданні 56. Прымаюцца меры па працаўладкаванні асабліва маючых патрэбу ў сацыяльнай абароне і не здольных на роўных умовах канкурыраваць на рынку працы. У гэтай катэгорыі бацькі са шматдзетных і няпоўных сем’яў, моладзь ва ўзросце да 21 года, якая шукае работу ўпершыню, асобы з ліку дзяцей-сірот, інвалідаў, людзей перадпенсіённага ўзросту, вызваленыя з месцаў пазбаўлення волі і іншыя. Для іх рашэннем райвыканкама ўстаноўлена браня прыёму на працу.

 
Для аказання максімальнага садзейнічання ў працаўладкаванні, стымулявання занятасці ў раёне на падставе Дэкрэта № 3 створана пастаянная камісія па каардынацыі гэтай работы. Яе члены аказваюць кансультацыйную, метадычную і прававую дапамогу грамадзянам, прапануюць вакансіі, варыянты самазанятасці. За час работы камісія правяла 107 пасяджэнняў, на якіх разгледзелі дакументы 1 610 грамадзян, 230 з іх працу- юць у Расійскай Федэрацыі, 80 – у іншых краінах, 96 – у Рэспубліцы Беларусь, 187 сем’яў выхоўваюць дзяцей да сямі гадоў, 17 грамадзян маюць трое і больш малых, прызнаны ў цяжкай жыццёвай сітуацыі па медыцынскіх паказаннях – 12, навучаюцца ў нашай краіне – 20, за мяжой – сем, маюць асабістую падсобную гаспадарку – 912, зарэгістраваны рамеснікамі 23, адзіны падатак плацяць 26.

 
З 1 654 уключаных у базу працаздольных, але незанятых, 960 наогул нідзе не задзейнічаны, з іх 160 даўно не працуюць. 427 не жывуць на тэрыторыі раёна, але тут зарэгістраваны, 11 памерлі, 93 маюць асабістую падсобную гаспадарку, але па розных прычынах не прадаставілі пацвярджальныя дакументы, 205 заняты за межамі рэспублікі, восем атрымліваюць там адукацыю, 56 не пацвердзілі сваю занятасць па іншых прычынах. Аднак ёсць і несапраўдныя звесткі ў базе дадзеных. Сітуацыя па кожным грамадзяніне вывучаецца. 20 чалавек у спісе тых, хто па поўнай будзе выплачваць эканамічна абгрунтаваныя затраты на аказанне жыллёва-камунальных паслуг. 18 з іх – плацельшчыкі за гарачае водазабеспячэння і два сумесна пражываючыя.

 
Яшчэ камісія праводзіць прафілактычную работу з грамадзянамі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, вызваленымі з месцаў пазбаўлення волі, запрашаюць іх на пасяджэнні, садзейнічаюць ва ўладкаванні на пастаянную ці на часовую працу, кансультуюць па самазанятасці.
Сёлета працягваецца работа па Дэкрэце № 3 «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва». У студзені – сакавіку прайшло восем пасяджэнняў камісіі, з іх два выязныя. Звярнуліся 112 чалавек, большасць, каб прадаставіць дакументы, якія пацвярджаюць занятасць. За студзень – люты на новыя рабочыя месцы за кошт утварэння прадпрыемстваў і вытворчасцей працаўладкаваліся 42 чалавекі, што складае 70 % да гадавога задання. Усе вакансіі прадаставіў металапракатны завод.

 
Перад дэпутатамі на сесіі выступіў старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў, які заўважыў, што на Міёршчыне доўгія гады захоўваліся ўсе калектывы і вытворчасці, чым ганарыліся яе жыхары. 2020-ы выдаўся няпростым, пандэмія абвастрыла пэўныя праблемы, слабыя прадпрыемствы, якія ўжо на працягу многіх гадоў не былі здольны зарабляць, пацвердзілі сваю неплацежаздольнасць. Ужо не могуць трымацца на плаву, таму спыняюць сваё існаванне, будаўнічая арганізацыя ПМК-55, льнозавод. Рэарганізацыі прадоўжацца. Аднак кіраўнік раёна запэўніў, што месцы выбылых зоймуць новыя перспектыўныя вытворчасці. Для ўсіх жадаючых работа знойдзецца, хаця многім давядзецца перавучвацца, набываць новую кваліфікацыю. Гэта і ёсць рух наперад, імкненне да развіцця і самаўдасканалення.
 
На сесіі дэпутаты ўнеслі змяненні ў шэраг рашэнняў раённага Савета, зацвердзілі горадабудаўнічы праект генеральнага плана Дзісны.

 

Наталія СТАНКЕВІЧ

Фота для ілюстрацыі.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.