Три информационно-пропагандистских группы Миорского райисполкома провели встречи в рабочих коллективах в ходе Дня информирования

 Тры інфармацыйна-прапагандысцкія групы райвыканкама правялі сустрэчы ў працоўных калектывах Міёрскага сельсавета ў ходзе адзінага Дня інфармавання насельніцтва, які адбыўся 18 сакавіка. 

 

Кіраўнік раёна, удзельнік шостага Усебеларускага народнага сходу Ігар Кузняцоў працягвае дыялог з працаўнікамі раёна. У рамках Дня інфармавання завітаў у калектыў ААТ «Пад’ельцы». Пры сустрэчы з аграрыямі Ігар Валер’евіч падкрэсліў, што Беларусь і далей пойдзе па шляху сацыяльна арыентаванай дзяржавы. Будуць будавацца жыллё, развівацца медыцына і адукацыя, аказвацца падтрымка шматдзетным сем’ям.

 

Многае намечана і на Міёршчыне. Не сёлета, але абавязкова з’явіцца новая райпаліклініка. Пакуль яе будаўніцтва адкладзена з-за тэрміновых пакупак, у чым мае патрэбу сістэма аховы здароўя раёна. Гатовы дакументы на ўзвядзенне дзіцячага садка ў райцэнтры, за гэта возьмуцца ў другім паўгоддзі. Мець грошы на рамонт дарог, добраўпарадкаванне населеных пунктаў і іншыя не менш важныя патрэбы дапаможа завод па вытворчасці металічнага ліста і белай бляхі. З яго дапамогай прыбытковая частка бюджэту павялічыцца на 16 мільёнаў рублёў.

 
Роля кожнага прадпрыемства ў паляпшэнні ўзроўню дабрабыту людзей важная. А сельскагаспадарчая галіна лічыцца адным з асноўных сектараў эканомікі. Задача ўлады – стварыць умовы для яе развіцця, усё астатняе залежыць ад аграрыяў. Іх праца патрабуе поўнай аддачы, настойлівасці, нават гераізму ў барацьбе за ўраджай, здароўе пагалоўя жывёлы. Тады жыве і развіваецца гаспадарка, бесперабойна дзейнічаюць спадарожныя прадпрыемствы: малаказавод, мясакамбінат, камбікормавы завод. Аднак даглядаць і даіць запалу ў сельгаснікаў усё менш. Нават сучасны комплекс «Карпачова», што пабудаваны ў ААТ «Пад’ельцы», здае дзяржаве толькі пяць тон малака ў дзень, а павінен як мінімум 15, каб разлічвацца па будаўнічых пазыках і мець прыбытак.

 
 Наогул сёлета гаспадаркі раёна ў параўнанні з аналагічным леташнім перыядам мінусуюць па надоях. Можна спасылацца на цяжкасці, якіх у аграпрамысловым комплексе нямала. Але асноўная прычына – чалавечы фактар, нізкая тэхналагічная і выканаўчая дысцыпліна. Уплывае кадравы голад. Добра, калі захаваўся асноўны касцяк правераных гадамі работнікаў. Часта даводзіцца далучаць іншую рабочую сілу. Зразумела, што людзі не заўсёды бываюць надзейныя. Часам ад іх больш праблем, чым спраў. І пры гэтым усе патрабуюць высокіх заробкаў.

 
Забяспечваць працоўным месцам і не атрымліваць аддачы не мэтазгодна. Прадпрыемствы, хранічна не здольныя зарабляць, ужо не будуць падтрымлівацца, зазначыў Ігар Кузняцоў. У сувязі з гэтым сёлета старшыні райвыканкама давялося прыняць некалькі непапулярных, з яго слоў, рашэнняў. На стадыі ліквідацыі льнозавод, будаўнічая арганізацыя ПМК-55. Камбінат бытавога абслугоўвання, дзе заняты каля 20 чалавек, увойдзе ў склад камунальнай службы раёна. Такі лёс чакае ўсе слабыя вытворчасці, дзе калектывы не не будуць імкнуцца да развіцця.

 

Без работы могуць застацца многія. Працаўладкавацца адразу не ва ўсіх атрымаецца, камусьці давядзецца перавучвацца.
Шмат занятых у сельскай гаспадарцы. Матывацыя павінна быць для ўсіх адна – сёння жыць лепш, чым учора. Мінулагоднія ўмовы надвор’я аграрыям спрыялі. Ураджай зерневых сабралі добры, кармавую базу забяспечылі. Працаваць, старацца, круціцца трэба і сёлета. Кіраўнік раёна акцэнтаваў увагу на арганізацыі якаснай пасяўной кампаніі ў ААТ «Пад’ельцы».

 

Наталія СТАНКЕВІЧ

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.