На парадку дня пасяджэння райвыканкама, якое адбылося ў мінулую пятніцу, значыліся чатыры пытанні. Усе важныя. Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця арганізацый Міёршчыны, уцягненне ў гаспадарчы абарот невыкарыстоўваемай дзяржаўнай маёмасці, ліквідацыя запазычанасці па арэнднай плаце. І задачы па гэтых накірунках дзейнасці на 2021 год.
Шмат належыць зрабіць па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі. Толькі штодзённая напружаная праца ўсіх служб, сельвыканкамаў, гаспадарак, насельніцтва дазволіць Міёршчыне стаць больш прывабнай, прыгожай, камфортнай. У абмеркаванні пытанняў удзельнічаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Полацкай сельскай выбарчай акрузе № 28 Мікалай ШАЎЧУК.
Пасеяць у тэрмін
Бадай, найважнейшая цяпер тэма падрыхтоўкі сельгасарганізацый да вясенне-палявых работ. Гэта кампанія – своеасаблівы экзамен не толькі для працаўнікоў сяла, але і для ўсяго раёна. Ад таго, наколькі паспяхова яна пройдзе, залежыць выкананне харчовай праграмы краіны, а значыць, і ўсяго нашага дабрабыту.
Намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Дзмітрый Міхалкіў прадставіў рабочы план мерапрыемстваў. Згодна з ім сёлета насеннага матэрыялу хапае. Падрыхтавалі 2 835 тон зерневых і зернебабовых, што складае 127 % ад патрэбы з уключэннем страхавога фонду. У тым ліку – 309 пшаніцы, 965 – ячменю, 893 тон аўсу і 668 – зернебабовых. У ААТ «Туркова», «Папшулі», «Пад’ельцы», «Мерыца», філіяле «Павяцце» СУП «Чэрасы» сфарміраваны рэзервовы фонд. Не стае насення зернебабовых у ААТ «Мікалаёўскі», «Папшулі», КУП «Язна». Лішкі ёсць у ААТ «Мерыца», «Пад’ельцы», філіяле «Павяцце» СУП «Чэрасы».
Трэба больш бульбы
Разам з тым, у раёне плануюць палепшыць рэпрадукцыйны склад яравых, даставіўшы 143 тоны элітнага насення з эксперыментальных баз вобласці. Трэба дакупіць насенне шматгадовых траў, каб засеяць пашы і правесці перазалужэнне на плошчы агульным аб’ёмам 8,4 тысячы га. Малавата і бульбы. Пры патрэбе 160 тон у засеках толькі 106. Яе мяркуюць набыць на Талачынскім кансервавым заводзе.
Вялікае значэнне для павышэння ўраджайнасці мае нарыхтоўка мінеральных угнаенняў. Сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна назапасілі іх 302 тоны, што складае 4 % ад патрэбы. Азотных – 153,8 тоны, а гэта 6 % ад неабходнага. У цэлым на набыццё ўгнаенняў патрэбна 7 198 рублёў, у тым ліку азотных 4 683. Іх будуць купляць у Віцебскім аблаграсэрвісе.
І тысячу тон саляркі
Для правядзення сяўбы ў агратэхнічныя тэрміны спатрэбіцца надзейны аўтапарк. У сельгасарганізацыях раёна 367 трактараў, з якіх 62 энерганасычаныя. Іх гатоўнасць да работы складае 85 %. Яшчэ не вярнуліся з рамонту рухавікі «Беларусаў». Своечасова стараюцца давесці да ладу тэхніку ў СУП «Цітова», ААТ «Туркова», «Любінова», райаграсэрвісе, філіяле «Павяцце». Аднак некаторыя гаспадаркі за гэту работу яшчэ не браліся. З пачатку рамонтнага перыяду на абслугоўванне тэхнікі затрацілі 266 тысяч рублёў, усяго неабходна 704.
Для правядзення пасяўной кампаніі ў тэрмін неабходна закупіць 1 013 тон дызельнага паліва на суму 1 469 рублёў ці ўсіх гаруча-змазачных матэрыялаў на 1 770,7 тысячы рублёў. Старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў яшчэ раз нагадаў, што вясенняя пасяўная не за гарамі, таму ўсе пытанні палявых работ павінны вырашацца аператыўна.
Наталія СТАНКЕВІЧ
Фота з архіваў рэдакцыі.