Авторизация
 

У Міёрах адбыўся выніковы медыка-санітарны савет

 Сучаснае рэнтгенаўскае абсталяванне дазваляе выяўляць нават мінімальныя змяненні ў органах і тканках. Тым не менш, ніякае абсталяванне не здольна без добрых спецыялістаў ставіць дыягназы ці выдаць дакладныя заключэнні. Таму ў аснове працы ўрача-рэнтгенолага Вольгі ПІМЕНАВАЙ і старшага рэнтгенлабаранта Аляксандра ВІШНЕЎСКАГА – пастаяннае самаўдасканаленне ў прафесіі. Своечасова выяўленая паталогія, а следам хутка распачатае лячэнне, у тым ліку ад каронавіруснай інфекцыі, прынясуць максімальны эфект. 

 

Паляпшаць якасць прафілактычных аглядаў насельніцтва і санітарна-асветніцкай дзейнасці, своечасова выяўляць і лячыць хваробы. Умацоўваць кадравы патэнцыял. Гэтыя і іншыя задачы абазначылі для сябе медработнікі раёна на выніковым медыка-санітарным савеце 2 лютага. У яго рабоце прынялі ўдзел намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама Мікалай Каспіровіч і старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Баніфатава.

 

Чым жылі, пра што клапаціліся і перажывалі медыкі ў няпростым 2020 годзе, расказала галоўны ўрач Міёрскай цэнтральнай раённай бальніцы Алена Сівая.

 

У барацьбе з каронавірусам

Да звычайных спраў дадала турбот медработнікам пандэмія каронавіруса. Галоўны ўрач прывяла наступныя лічбы. Амбулаторна пралячылі ад каронавіруснай інфекцыі 648 чалавек, стацыянарна – 302. У двух выпадках COVID-19 прывёў да смяротнага зыходу. Адзінаццаць хворых былі пераведзены ў іншыя лячэбныя ўстановы.

 
На работу з каронавіруснай інфекцыяй затрацілі 1,4 мільёна рублёў. Спонсарскую дапамогу атрымалі на суму больш за 101 тысячу. Ва ўстанове з’явіліся апарат для абследавання на COVID-19, два кіслародныя канцэнтратары, наборы для выяўлення антыцел.

 

 Дэмаграфічная сітуацыя трывожыць

У Міёрскім раёне пражывае 19 440 чалавек, з іх 3 408 дзяцей, 10 206 працаздольнага ўзросту, 1 137 ва ўзросце 80 гадоў і старэй. Па словах Алены Сівой, такая ўзроставая структура не можа не ўплываць на паказальнік агульнай смяротнасці, які ў раёне даволі высокі. У мінулым годзе памерлі 427 чалавек, з іх 84 працаздольнага ўзросту. Асноўная прычына – хваробы сардэчна-сасудзістай сістэмы. Затым ідуць захворванні нервовай сістэмы, новаўтварэнні, траўмы, атручванні.

 
Дзяцей у 2020 годзе нарадзілася 149. Непакоіць медыкаў той факт, што коль- касць жанчын фертыльнага ўзросту ў раёне змяншаецца. Калі ў 2016-м іх было 3 905, то ў мінулым годзе – 3 398. Да таго ж узрост большасці набліжаецца да сарака гадоў.

 
Акцэнт на прафілактыцы алкагалізму

На ўліку ва ўрача-нарколага ў мінулым годзе знаходзілася 519 чалавек. З іх 106 трапілі пад нагляд упершыню. Сярод іх сем дзяцей. Гэта трывожная лічба, адзначыла галоўны ўрач. У 2019 годзе непаўналетніх на ўліку было трое. Прымусовае лячэнне ад алкагольнай залежнасці прайшлі 26 чалавек. Разам з тым, як заўважыла Алена Сівая, некаторыя з іх праз тры месяцы вяртаюцца да ранейшага нездаровага ладу жыцця. Неабходна больш актыўна весці прафілактычную работу.

 

Берагчы дзяцей

На працягу многіх гадоў медыкі адзначаюць негатыўную тэндэнцыю: здароўе школьнікаў з узростам пагаршаецца. Працэнт дзяцей, якія маюць першую групу здароўя, у пачатковых класах вышэй, чым у старэйшых. Найбольш распаўсюджаны зніжэнне зроку, плоскаступнёвасць, хранічныя хваробы міндалін і адэноідаў, захворванні скуры.

 
 Восем дзяцей у мінулым годзе прызнаны інвалідамі. Двое па прычыне захворвання вачэй, яшчэ ў дваіх выявілі псіхічныя расстройствы, па адным выпадку – хваробы вуха, нервовай, эндакрыннай і мочапалавой сістэм. Пад наглядам медыкаў дзеці ў сацыяльна небяспечным становішчы. Такіх 45 з 22 сем’яў. Шэсць узяты на ўлік па паведамленнях медработнікаў. У ліку галоўных задач на 2021 год – своечасова выяўляць і лячыць паталогіі ў дзяцей.

 

Кадравыя пытанні

На Міёршчыне працуюць 63 урачы, 256 сярэдніх медработнікаў, 143 – малодшага медперсаналу. Раённай сістэме аховы здароўя патрэбны ўрач функцыянальнай дыягностыкі і ўрач-фтызіятар, чатыры фельчары і шэсць медсясцёр. У жніўні прыступяць да абавязкаў шэсць маладых урачоў. Часова спыніў работу платны стаматалагічны кабінет. Два ўрачы адправіліся ў дэкрэтны водпуск.

 

Адзнакі за працу

Словы ўдзячнасці за работу ў няпростых умовах адрасавалі медыкам намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Мікалай Каспіровіч і старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Баніфатава. Найлепшых работнікаў адзначылі ўзнагародамі. Ганаровыя граматы Галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама атрымалі памочнік урача Міёрскай паліклінікі Марыя Батура, урач-неўролаг Дзіяна Віткоўская, медсястра аддзялення рэанімацыі і анестэзіялогіі Алена Чашун.

 
Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта ўзнагароджана загадчык тэрапеўтычнага аддзялення Міраслава Кунцэвіч. Удзячнасць аб’яўлена медсястры гэтага ж аддзялення Святлане Празароўскай. Шэраг работнікаў атрымалі ўзнагароды ад цэнтральнай раённай бальніцы.

 

У 2020 годзе ў Міёрскай ЦРБ з’явіліся новыя паслугі. На платнай аснове працуе касметалагічны кабінет. Праводзяць лабараторныя абследаванні на гармоны шчытападобнай залозы, вітамін D, ротавірусную інфекцыю.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 1 марта 2021
Даниил, Илья, Макар, Павел, Памфил, Порфирий, Самуил, Юлиан

Именины 28 февраля 2021
Алексей, Арсений, Иван, Михаил, Николай, Павел, Петр, Софья, Афанасий, Семен

Госці краін

free counters
Партнеры сайта