Авторизация
 

Старшыня Дзісненскага гарвыканкама Яўгеній БАРАН паведаміў аб планах на Усебеларускі народны сход

 Да шостага Усебеларускага народнага сходу застаецца шаснаццаць дзён. Працягваем знаёміць чытачоў з дэлегатамі гэтага маштабнага форуму ад раёна. Сёння наш госць – старшыня Дзісненскага гарвыканкама, дэпутат раённага Савета Яўгеній БАРАН. Права прыняць удзел у такой важнай для дзяржавы падзеі яму прадастаўлена ўпершыню. 

 

Яўгеній Іванавіч, якія пажаданні і праблемы Вы маглі б раскрыць шырокай аўдыторыі як старшыня гарсавета?

– Адна з актуальных тэм: удасканаленне мясцовага кіравання і самакіравання. Дэпутаты маюць важную ролю. Не будзе іх – і насельніцтва, якому важны прамы і аператыўны кантакт з прадстаўнікамі ўлады, адразу гэта адчуе. Людзі перш за ўсё ідуць па дапамогу ў сельсавет ці гарсавет. А яны абмежаваны ў фінансавым плане. Мясцовы бюджэт вельмі сціплы. У асноўным усё затрачваецца на ўтрыманне дарог, падтрымку вулічнага асвятлення.

 

Работы на месцы нямала: аварыйнае дрэва спілаваць, помнік падфарбаваць, агароджу падрамантаваць. Нярэдка гэтыя дробязныя пытанні вырашаюцца за кошт суботнікаў ці гаспадарчым спосабам: сабраліся жыхары талакой і навялі парадак. А калі прадаставіць дадаткова нават невялікую частку раённага бюджэту ў падтрымку мясцовага самакіравання – будзе сур’ёзны стымул зрабіць яшчэ больш. Сродкі можна было б накіроўваць на тыя патрэбы, якія на мясцовым узроўні хвалююць больш за ўсё. Хутчэй бы вырашаліся шматлікія пытанні.

 
Не менш важнае фінансавае заахвочванне старэйшын – цяпер яно сімвалічнае, і толькі па выніках работы за квартал. А роля гэтых людзей значная, яны сапраўды злучальнае звяно паміж насельніцтвам і органамі ўлады, найлепшыя памочнікі ў вырашэнні шматлікіх пытанняў жыццезабеспячэння, у ліку якіх навядзенне парадку на зямлі. Усяго ў Дзісне 11 старэйшын. Самыя актыўныя з іх Таццяна Антонаўна Гілеп, Ганна Дзмітрыеўна Якімовіч, Таццяна Мікалаеўна Парадня.

 

Дзісна – самы маленькі горад Беларусі, цікавы багатай гісторыяй, якая захавана ў архітэктуры мястэчка. Сюды наведваецца шмат гасцей. Што прадпрымаецца для таго, каб тут і жылося камфортна, і гасцям было што паказаць?

– Прыгожы, ціхі і экалагічна чысты горад. У рабочым стане ўсе сістэмы жыццезабеспячэння. У нас свая бальніца, паліклініка, школа, дзіцячы садок, Дом рамёстваў, Цэнтр культуры, аддзяленне «Беларусбанка» і паштовае, 12 гандлёвых аб’ектаў. Усё прадугледжана для камфортнага жыцця 1 431 жыхара.

 

Перамены да лепшага адбываюцца кожны год. Толькі летась на тэрыторыі горада рэалізавалі тры маштабныя праекты. Гэта другая чарга газіфікацыі: дадаткова падключаны 12 вуліц і 53 прыватныя домаўладанні з далейшай магчымасцю далучэння яшчэ звыш ста абанентаў. Каля 70 % ад усяго кошту работ прафінансавана з дзяржаўнага бюджэту, астатнія – за кошт сродкаў кааператыва. Такім чынам з 2015 года, калі пачалася газіфікацыя Дзісны, блакітным палівам карыстаюцца 154 дамы, што складае 21 % ад агульнай колькасці прыватных домаўладанняў горада.

 
У рамках праграмы «Чыстая вада» рэалізавалі два праекты па водазабеспячэнні і водаадвядзенні пасёлка ЛВДС, дзякуючы чаму вырашыліся праблемы каля пяціста яго жыхароў. Парадуе гараджан і дзевяцікватэрны дом для рассялення з аварыйнага жылля. Яго здадуць у эксплуатацыю ў першым квартале сёлета.

 
Завершана распрацоўка генеральнага плана горада Дзісна, якім прадугледжана далейшае сацыяльна-культурнае развіццё. Асаблівасць яго ў тым, што акрамя аб’ектаў, уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, дадаткова вызначаны ўяўляючыя цікавасць у гістарычным, архітэктурным і культурным плане. Улічаны і ўсе змяненні, якія адбыліся на тэрыторыі горада на працягу апошніх гадоў. Актуалізаваны інфармацыя і картаграфічны матэрыял. Выдзелены вызваленыя ад жылых дамоў участкі.

 

Што зроблена па добраўпарадкаванні, чыя ў тым асаблівая заслуга?

– Гэта работа пастаянная і мэтанакіраваная. Летась павысякалі аварыйныя дрэвы, астатнім сфарміравалі кроны. У межах магчымасцей падтрымлівалі дарожную гаспадарку: рабілі ямкавы рамонт вуліц, прафілявалі грунтовае пакрыццё. Пэўная ўвага надавалася ціхім і ўтульным куточкам горада – двум скверам. У тым, што на перакрыжаванні Кірава і Юбілейнай, высадзілі сосны, туі пірамідальныя, устанавілі чатыры новыя лаўкі. Шмат дзе з’явіліся новыя сметніцы. Устанавілі 15 энергазберагальных ліхтароў. Парадаваў гараджан уладкаваны пляж. У гарадскім парку новы ўказальны аншлаг, сучасная шыльда ўпрыгожыла будынак швейнага цэха «Віцябчанка».

 
Нямала ўвагі надаецца помнікам і воінскім пахаванням. Летась адрамантавалі магілу ахвярам фашызму па вуліцы Піянерскай. Дапамогу ў добраўпарадкаванні пастаянна аказваюць шэфы: Дзісненскі лясгас, участак ЖКГ, дзіцячы садок, швейны цэх, Дом рамёстваў і іншыя. Пакрысе вырашаем пытанні пустых будынкаў. Летась сумесна з прадстаўнікамі Верхнядзвінскага райспажыўтаварыства абследавалі дзесяць гандлёвых аб’ектаў на тэрыторыі горада для далейшага продажу на аўкцыёне. У снежні правялі яго па двух аб’ектах. Хацелася б даць кожнаму новае жыццё. Зямля наша гістарычная, яе вулачкамі трэба любавацца.

 
Дзеля гэтага ўсе прадпрыемствы і ўстановы падтрымліваюць у парадку падведамныя будынкі, рамантуюць, наводзяць навакольную прыгажосць, вясной высаджваюць кветкі. Усведамляюць і дбайныя жыхары Дзісны, што вакол павінна быць чыста і ўтульна. З улікам змяненняў, якія адбываюцца ў Дзісне, стала карыстацца попытам другаснае жыллё. Пяць – шэсць домаўладанняў прадаецца штогод. Як правіла, прываблівае яно жыхароў буйных гарадоў, якія жадаюць абуладкаваць дачу і адпачываць на ўлонні прыроды ўдалечыні ад шумных вуліц. Яшчэ вяртаюцца ў бацькоўскія хаты ці набываюць пустыя для сваіх блізкіх, якія былі гараджанамі. Разам з тым адзін – два ўчасткі пад будаўніцтва жылля таксама выдзяляем.

 

Яўгеній Іванавіч, Вы ж таксама не мясцовы. Як пачуваеце сябе на дзісненскай зямлі?

– Вельмі камфортна. Дваццаць гадоў як тут жыву. Прыехаў маладым спецыялістам пасля заканчэння Полацкага ляснога тэхнікума. У выпускніка з чырвоным дыпломам было права выбару месца працы. Паколькі з Глыбокага, дзе нарадзіўся і вырас, прапаноў не паступіла, паехаў у бліжэйшы ад роднай старонкі Дзісненскі лясгас. Прызначылі майстрам лесу на ўчастку міёрскага лясніцтва ў вёсцы Ідолта. Праз год паступіў на завочнае аддзяленне па профілі ў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт. Тады і перавялі на інжынерную пасаду ў Дзісненскі лясгас, які з цягам часу ўзначаліў. Ужо пяты год на сельсавецкай пасадзе, пачынаў у Завуцці. У Дзісне знайшоў асабістае шчасце. Пабудаваў дом. Расце дачушка.

 
Сёння мы шмат гаворым пра тое, як важна вяртацца ў мясціны, дзе нарадзіўся і вырас. Гэта правільна, трэба каб нашы дзеці заставаліся на малой радзіме. Мой лёс распарадзіўся так, што я паяднаўся з Міёршчынай, магчыма, хтосьці адсюль паехаў у маё Глыбокае. Галоўнае, каб мы любілі месца, дзе жывём, і не былі абыякавымі да яго лёсу.

 

Наталія СТАНКЕВІЧ

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 5 декабря 2021
Алексей, Архип, Борис, Василий, Владимир, Герасим, Иван, Илья, Максим, Марк, Михаил, Павел, Петр, Фаддей, Федор, Прасковья, Афанасий, Яков

Именины 4 декабря 2021


Госці краін

free counters
Партнеры сайта