На шосты Усебеларускі народны сход, які пройдзе ў Мінску 11 і 12 лютага, з’едуцца дэлегаты з усіх рэгіёнаў краіны. Гэта прадстаўнікі розных прафесій, узроўню адукацыі, маладыя і з багатым працоўным вопытам, усяго 2 700 чалавек. Яны прааналізуюць зробленае за мінулую пяцігодку і выпрацуюць план новага развіцця Беларусі.
Сярод тых, хто прыме ўдзел у форуме, шэсць прадстаўнікоў Міёршчыны. У іх ліку начальнік пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 13 у Павяцці, дэпутат мясцовага савета Генадзь ПАРШУТА. На працоўным месцы прафесіянал, у акрузе паважаны чалавек, дома добры сем’янін і клапатлівы бацька. Заслуг у Генадзя Тамашавіча шмат, але галоўная – адданасць малой радзіме, роднай павяцкай зямлі. Не па чутках ведае, чым жывуць і дыхаюць сяльчане ў глыбінцы. Можа расказаць шырокай аўдыторыі пра іх пажаданні і праблемы. Не толькі ў аграгарадку, у аддаленых вёсках таксама ўсе хочуць жыць і працаваць у спрыяльных, камфортных умовах.
– Вёскі драбнеюць, многія на мяжы знікнення. Калі клапаціцца пра іх больш, развіваць інфраструктуру, вырашым адну з галоўных праблем сучаснасці – адток насельніцтва ў гарады і замацаванне на сяле маладых. Цяпер тут не хапае працоўных рук, з-за гэтага кадравыя праблемы. Напрыклад, у камандзе павяцкіх выратавальнікаў мясцовых мала, большасць з райцэнтра. І ніхто не хоча мяняць гарадскі ўклад жыцця на сельскі. Вёска павінна прывабліваць, тады тут усё захаваецца, – упэўнены Генадзь Паршута.
Па разважаннях выратавальніка зроблена нямала па праграме аднаўлення і развіцця сельскай мясцовасці. Пра здароўе жыхароў клапоцяцца фельчарска-акушэрскія пункты, рэалізуюць тавары прыватныя і дзяржаўныя гандлёвыя ўстановы, аказваюць паслугі аддзяленні паштовай сувязі, клубы і бібліятэкі арганізуюць культурны адпачынак. Змяніліся адносіны людзей да парадку на зямлі. Змяншаецца колькасць старых і пустых дамоў. Усё радзей можна ўбачыць перакошаную агароджу ці недагледжаны двор. Іх месца занялі прыгажосць і эстэтыка. На сельскіх падворках более кветнікаў, саджанцаў, малых архітэктурных форм. Да гэтага прыйшлі агульнымі намаганнямі.
У той жа час патрабуе ўвагі ўтрыманне вулічнай дарожнай сеткі. Да Павяцця ўжо вядзе новы асфальт, а да некаторых вёсак, напрыклад да Орцаў, дабрацца на аўтамабілі наогул праблематычна. Важнае і ўладкаванне зручных даездаў да могілкаў.
– Калі наведваюся да вяскоўцаў па супрацьпажарнай прафілактыцы, заўсёды цікаўлюся здароўем і жыццёвымі праблемамі, – гаворыць выратавальнік. – Я ж мясцовы, усіх ведаю і яны ведаюць мяне, маю натуру не праходзіць міма. Разам з сельскім Саветам і гаспадаркай стараемся вырашаць надзённыя пытанні. Напрыклад, нам – выратавальнікам – нярэдка даводзіцца ратаваць ад дрэў, якія вычарпалі жыццёвы рэсурс і пагражаюць пабудовам, лініям электраперадач. Стараемся і іншыя пажаданні задавольваць.
Сам дэпутат па Суромшчынскай выбарчай акрузе на вясковае жыццё не наракае. Усё люба, па душы, у родную павяцкую зямлю ўрос каранямі, яна дае сілы і энергію. Не разумеў ніколі, як можна пакінуць такую прыгажосць. Жыве ў аграгарадку, нарадзіўся ў Папках, што непадалёк. Надоўга ад дому адлучаўся толькі ў армію. Пашанцавала ў вёсцы знайсці справу свайго жыцця. На службу выратавальнікам заступіў адразу пасля дэмабілізацыі, якраз у Павяцці арганізавалі пажарны пост. Было гэта 26 гадоў таму, у працоўнай кніжцы адзіны запіс і шмат узнагарод. У снежні гэты арсенал папоўніў медаль «За бездакорную службу ІІІ ступені».
Далёка не шукаў і спадарожніцу жыцця. Алёна аказалася побач – у Орцах. Страхавы агент прадстаўніцтва «Белдзяржстраху» таксама найлепшая ў прафесіі, а кліенты – жыхары Павяцкага сельсавета, у якіх часта бываюць сямейным тандэмам. Кожны па пытаннях сваёй сферы дзейнасці. На фінансавыя цяжкасці ў сям’і Паршутаў ніколі не скардзіліся. Зараблялі і ад падсобнай гаспадаркі не адмаўляліся. З яе дапамогай дом будавалі, сыну далі вышэйшую аграрна-тэхнічную адукацыю. Цяпер на падворку гадаванцаў няма. Ужо хочацца пажыць для сябе, свет паглядзець. Яшчэ да пандэміі пабывалі на экскурсіі ў Маскве.
Адзіны сын пасля адпрацоўкі па размеркаванні застаўся працаваць у сельгаспрадпрыемстве «Канстанцінаў двор», што ў Глыбоцкім раёне. Узначальвае інжынерную службу, мае жыллё і добры заробак. Тым і прываблівае яго сельскае жыццё.
– Я прыязны, што маю кандыдатуру абралі на народны сход, – прызнаецца Генадзь Паршута. – Гэта не толькі пачэсна, але і адказна. Форум зацвердзіць новую праграму развіцця краіны. Важныя ў ёй пытанні эканамічнай стабільнасці, што заўсёды дасягаецца няпроста. Трэба глядзець у будучыню з аптымізмам і не сядзець склаўшы рукі. Як будзем жыць, залежыць ад кожнага з нас.
Наталія СТАНКЕВІЧ
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.