30 снежня на сустрэчы прадстаўнікоў раённай улады са святарамі праваслаўнай і каталіцкай канфесій у райвыканкаме абмеркавалі накірункі супрацоўніцтва па выкананні заканадаўства аб свабодзе сумлення, веравызнання і рэлігійных арганізацыях. У ходзе дыялогу вызначылі задачы, якія маюць дачыненне да фарміравання сацыяльнага і духоўнага здароўя насельніцтва, а таксама вырашэння іншых не менш важных пытанняў.
Падобныя сустрэчы на Міёршчыне праводзяцца рэгулярна. Як адзначыў ва ўступным слове намеснік старшыні райвыканкама Валерый Драба, дзеля аб’яднання намаганняў па асвеце, духоўна-маральным выхаванні моладзі і грамадства ў цэлым, фарміраванні здаровага ладу жыцця. Актуальным застаецца падтрыманне парадку ля храмаў, іх касметычны рамонт і абнаўленне, чым святары займаюцца на належным узроўні. Як ніхто іншы, уплываюць яны на свядомасць людзей, каб тыя жылі ў згодзе з сумленнем, рэгулярна клапаціліся пра месцы пахаванняў сваіх продкаў. Формы супрацоўніцтва з духоўнікамі разнастайныя. Валерый Анатольевіч падзякаваў ім за актыўны ўдзел у жыцці раёна, дабрачынную дзейнасць.
Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аксана Ашурка нагадала, што ў раёне пражываюць прадстаўнікі розных веравызнанняў: праваслаўныя, католікі і пратэстанты. Зарэгістраваны і дзейнічаюць 29 рэлігійных абшчын: 16 праваслаўных, 6 каталіцкіх, 2 – стараабрадчыя, 2 – хрысціян веры евангельскай, 2 – евангельскіх хрысціян-баптыстаў, 1 – адвентыстаў сёмага дня. Рэлігійную дзейнасць ажыццяўляюць 20 святароў. З леташняга верасня прыходам Беззаганнага Зачацця Прасвятой Дзевы Марыі ў Дзісне стаў кіраваць Міхаіл Станьчук, які прыбыў да нас з Польшчы.
На тэрыторыі раёна 22 дзеючыя храмы, 13 з якіх унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Для некаторых 2021 год – юбілейны. Так, храм Свяціцеля Мікалая Цудатворцы ў аграгарадку Узмёны адзначыць 250, Святога Архангела Міхаіла ў Пестунах – 20. У снежні 30-годдзе, як асвяцілі прастол і царкву Палажэння Рызы Прасвятой Багародзіцы ва Улахерне, адслужана першая набожная літургія ў ёй. Касцёлу Прасвятой Троіцы ў Новым Пагосце споўніцца 255. Таму наперадзе шмат спраў, якія неабходна рэалізаваць на дабрабыт нашых людзей і малой радзімы.
Важны і клопат пра здароўе насельніцтва. Галоўны ўрач раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Галіна Федуковіч акцэнтавала ўвагу рэлігійных абшчын на прафілактыку каронавіруснай інфекцыі. Не шкадуе яна ні святароў, ні прыхаджан. На 30 снежня мінулага года ў раёне было зарэгістравана звыш 900 выпадкаў COVID-19. Першы хворы з’явіўся ў красавіку. Тэрмін дзеяння антыцелаў непрацяглы. Пацыентаў з паўторным заражэннем на бальнічным ложку лячылі ўжо напрыканцы кастрычніка. Больш кавідаў фіксавалі ў чэрвені, кастрычніку, лістападзе і снежні. Пераважалі хворыя ў райцэнтры і Дзісне, па Міёрскім, Язненскім, Павяцкім, Туркоўскім сельсаветах. 90 працэнтаў з іх – дарослыя, пераважна жанчыны 45 – 59 гадоў. У снежні зарэгістраваны адзін выпадак каронавіруснай інфекцыі сярод святароў.
З мая санітарная служба раёна праводзіла назіральныя мерапрыемствы па прафілактыцы каронавіруснай інфекцыі на аб’ектах усіх сфер дзейнасці. На 40 % з 600 правераных выявілі парушэнні. У храмах, напрыклад, не арганізаваны ўмовы для гігіены рук прыхаджан антысептыкамі, у тым ліку пры дапамозе дазатараў. Не ўсюды ў наяўнасці сродкі, эфектыўныя ў адносінах вірусаў пры вільготнай уборцы памяшканняў, у тым ліку кантактных паверхняў, прадметаў. Галіна Валер’еўна звярнулася да святароў з просьбай больш шырока праводзіць інфармацыйную работу сярод вернікаў. Ім трэба нагадваць пра дыстанцыю ў 1,5 – 2 метры, сродкі аховы органаў дыхання, апрацоўку рук антысептыкамі. Усім з прыкметамі захворвання раіць заставацца дома. Кожны нясе персанальную адказнасць па папярэджанні распаўсюджання каронавіруснай інфекцыі.
З начальнікам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Віталем Ганіным абмеркавалі выпраўленне недахопаў па пажарна-тэхнічным стане культавых аб’ектаў. Агучваліся іншыя праблемы і пытанні. Усе яны вырашальныя. Як нагадаў намеснік старшыні райвыканкама Валерый Драба, дзверы кабінетаў службовых асоб заўсёды адчынены для духавенства.
Наталія СТАНКЕВІЧ
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.